Вы тут

Як вучыць дзяцей з кліпавым мысленнем?


А ці ведаеце вы, што калі скласці даўжыню ўсіх Савецкіх вуліц населеных пунктаў Беларусі, то атрымаецца «магістраль» працягласцю ў 698 кіламетраў! А калі выцягнуць у адну лінію вуліцы, названыя ў гонар правадыра Кастрычніцкай рэвалюцыі, яна расцягнецца на 440 кіламетраў. І зусім нямнога адстаюць па агульнай працягласці (382 кіламетры) Кастрычніцкія вуліцы. Савецкая тапаніміка працягвае ў нашых гарадах пераважаць. Дар'я КАСЯКОВА, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства з 34-й сталічнай гімназіі, упэўнена, што гэта — адзін з эфектыўных рэсурсаў для вывучэння гісторыі. Падчас VІІ Рэспубліканскага каляднага фестывалю педагагічнага майстэрства малады педагог расказала сваім калегам, як можна сабраць мазаіку гісторыі, выкарыстоўваючы самыя розныя крыніцы інфармацыі на сваім уроку: пачынаючы ад савецкіх плакатаў і заканчваючы мелодыямі з савецкіх фільмаў.


Да­р'я Ка­ся­ко­ва:  «Са­браць ма­за­і­ку гіс­то­рыі на ўро­ку мож­на, вы­ка­рыс­тоў­ва­ю­чы са­мыя роз­ныя кры­ні­цы ін­фар­ма­цыі...»

Ёлачныя цацкі з падтэкстам

Дзякуючы картаграфічным інтэрнэт-рэсурсам, напрыклад такім, як OpenStreetMap, можна даведацца, што амаль ва ўсіх сталіцах краін былога сацыялістычнага лагера ёсць вуліца 1 Мая. А вось гістарычныя асобы, звязаныя з Беларуссю, займаюць у нашай тапаніміцы пакуль вельмі сціплае месца. Статыстычныя звесткі сведчаць, што часцей за ўсё падчас прагулак па беларускіх населеных пунктах там можна «сустрэць» Леніна — у яго гонар названыя 479 284 самыя розныя аб'екты ў краіне: вуліцы, плошчы, скверы, паркі, бібліятэкі, прыпыначныя пункты, станцыя метро. На другім месцы ідзе Янка Купала: імя слыннага беларускага паэта згадваецца 82 888 разоў, або ў пяць разоў радзей, чым правадыра рэвалюцыі. На трэцім — Якуб Колас (81 372 згадкі). Намнога радзей «гучаць» Францыск Скарына, Кастусь Каліноўскі і Максім Багдановіч.

— Як вы думаеце, які медыятэкст самы навагодні? — цікавіцца Дар'я. — Ну, канешне, гэта навагоднія ёлачныя цацкі. Але не сучасныя, якія выконваюць ролю звычайнага ўпрыгажэння, а савецкія. Калі я была маленькая, не разумела, што за нейкія дзіўныя фігуркі вісяць у маёй бабулі на ёлцы. Старыя савецкія ўпрыгажэнні, якія бацькі замянілі на новыя, дзеці часта прыносяць у школу як непатрэбныя, не шкада, нават калі разаб'юцца. Але мае вучні ўжо зразумелі іх каштоўнасць. Асабліва адметны ў гісторыі ёлачных цацак быў хрушчоўскі перыяд, калі з'явіліся цацкі, прысвечаныя выхаду фільма «Карнавальная ноч» (гадзіннік, на якім стрэлка застыла за пяць хвілін да наступлення Новага года), вырошчванню кукурузы — галоўнай на той момант сельскагаспадарчай культуры, Сусветнаму фестывалю моладзі і студэнтаў у Маскве (голуб міру), ну і, канешне, пакарэнню космасу. Акрамя фігурак касманаўтаў і ракет з'яўляюцца і новыя касмічныя верхавіны на навагодняе дрэва, якія сталі альтэрнатывай савецкім зоркам. Дзецям заўсёды цікава даведацца, з якой гістарычнай падзеяй у жыцці краіны было звязана стварэнне таго ці іншага ўпрыгажэння і якія каштоўнасці транслюе канкрэтны медыятэкст.

Зазірнуць у вочы гісторыі

Пры вывучэнні савецкага перыяду добрай падмогай для настаўніцы стаў Беларускі архіў вуснай гісторыі, які ахоплівае падзеі ад рэвалюцыйных часоў да чарнобыльскай трагедыі і сучаснасці. Яго базамі можа свабодна карыстацца любы педагог. «Лічбы нічога дзіцяці не даюць, — упэўнена Дар'я Касякова. — Яны будуць іх памятаць максімум да наступнага ўрока гісторыі. І зусім іншая справа, калі пра тыя ж падзеі расказваюць звычайныя людзі. Праз лёс маленькага чалавека можна даследаваць цэлую эпоху. Канешне, аповеды могуць быць суб'ектыўныя, але менавіта ў суб'ектыўнасці і хаваецца іх галоўная каштоўнасць. Дзеці атрымліваюць не проста гістарычную інфармацыю, а разумеюць стаўленне простых людзей да той ці іншай гістарычнай падзеі праз іх прызму каштоўнасцяў, як яна паўплывала на іх жыццё, на лёс блізкіх ім людзей, прычым гэта ўжо не проста параграф ці абзац у школьным падручніку».

Вельмі важная тэма — аб'яднанне ў 1939 годзе Заходняй і Усходняй Беларусі. У архіве ёсць багата ўспамінаў пра тыя падзеі жыхароў як далучаных тэрыторый, так і савецкіх. Як яны бачылі адзін аднаго, што прымалі ці не прымалі «заходнікі» ў савецкім ладзе жыцця, за што «калгаснікі» недалюблівалі «паноў»?

— Калі я паказваю дзецям успаміны, прысвечаныя 1939 году, то стаўлю перад імі шэраг пытанняў, на якія яны павіны знайсці адказ. Якія падзеі папярэднічалі аб'яднанню? Ці існавала розніца паміж усходнімі і заходнімі тэрыторыямі Беларусі, у чым яна праяўлялася? Ці захаваліся адрозненні паміж заходняй і ўсходняй Беларуссю сёння? У чым яны праяўляюцца? — падкрэслівае настаўніца. — Яшчэ ад­на ці­ка­вая фор­ма ра­бо­ты — пра­ект "Апош­ні ад­рас". Гэ­та гра­ма­дзян­ская іні­цы­я­ты­ва, скі­ра­ва­ная на ўве­ка­веч­ван­не па­мя­ці лю­дзей, якія ста­лі ах­вя­ра­мі па­лі­тыч­ных рэ­прэ­сій у га­ды са­вец­кай ула­ды. Яна на­ра­дзі­ла­ся ў Ра­сіі, але ўжо вый­шла за яе ме­жы. Яе вы­ні­кам ста­ла ўста­ноў­ка мно­гіх ты­сяч пер­са­наль­ных ме­ма­ры­яль­ных зна­каў адзі­на­га ўзо­ру на фа­са­дах да­моў, ад­ра­сы якіх ста­лі апош­ні­мі пры­жыц­цё­вы­мі ад­ра­са­мі ах­вяр гэ­тых рэ­прэ­сій. Ас­но­ва­твор­ны прын­цып пра­ек­та — "Ад­но імя, ад­но жыц­цё, адзін знак". Над­звы­чай важ­на, што за­да­чай на­род­на­га ме­ма­ры­я­ла з'яў­ля­ец­ца ўве­ка­ве­чан­не па­мя­ці "прос­тых" гра­ма­дзян, ах­вяр па­лі­тыч­ных рэ­прэ­сій, а не толь­кі па­цяр­пе­лых з лі­ку дзяр­жаў­ных дзея­чаў, во­е­на­чаль­ні­каў, пісь­мен­ні­каў і прад­стаў­ні­коў куль­ту­ры. Кож­ны з ме­ма­ры­яль­ных зна­каў, па­ме­рам не боль­шым за да­лонь, уста­ноў­ле­ны па "апош­нім ад­ра­се" за­гі­ну­ла­га. Пра­ект пра­ду­гледж­вае ства­рэн­не агуль­на­да­ступ­най ба­зы да­ных, у якой кож­ны ах­вот­ны мо­жа пра­вес­ці по­шук, ад­штур­хоў­ва­ю­чы­ся ад лю­бо­га ад­ра­са, які яго ці­ка­віць, аль­бо ад лю­бо­га проз­ві­шча. Асноў­най кры­ні­цай звес­так, якія вы­ка­рыс­тоў­ва­юц­ца пры по­шу­ку і звер­цы ін­фар­ма­цыі, з'яў­ля­ец­ца ба­за да­ных Гра­мад­ска­га аб'­яд­нан­ня "Ме­ма­ры­ял".

Алена Ананчыкава і Эла Якубоўская: "Дзяцей нельга перагружаць вялікімі аб'емамі інфармацыі. Іх увагу трэба паспрабаваць адразу зачапіць..."

Мядзведзеў быў... на МКС

Настаўнік гісторыі і грамадазнаўства аршанскай сярэдняй школы № 3, суперфіналіст апошняга Рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года — 2017» Андрэй ІВАНОЎ прадэманстраваў у рамках свайго майстар-класа на фестывалі відэаролік аб знаходжанні дзеючага прэм'ер-міністра Расійскай Федэрацыі Дзмітрыя Мядзведзева на... міжнароднай касмічнай станцыі «МІР».

«Дэпартамент прэс-службы інфармацыі ўрада Расійскай Федэрацыі паведаміў, што падчас знаходжання на калязямной арбіце Дзмітрый Мядзведзеў прымаў самы актыўны ўдзел у даследчай дзейнасці касманаўтаў, як паўнапраўны член экіпажа. Даследаванні былі накіраваныя на атрыманне фундаментальных звестак аб уласцівасцях арганічных кіслот, якія ўтрымліваюцца ў мінеральнай вадзе пад уздзеяннем рознай тэмпературы і нулявой гравітацыі. Рэпартаж аб тыднёвым знаходжанні прэм'ер-міністра на МКС глядзіце ў спецыяльным нядзельным выпуску навін», — паведамлялася ў роліку, дзе Дзмітрый Мядзведзеў перамяшчаўся ў бязважкасці па касмічнай станцыі.

«Калі адбылася гэта падзея?», — пацікавіўся Андрэй Іваноў у калег і пачуў у адказ: «У ХХІ стагоддзі!», «1 красавіка», «Ніколі»...

Як высветлілася пазней, звычайна ў кожнай аўдыторыі знаходзіцца прыкладна 30 % педагогаў, якія ўспрымаюць убачанае за чыстую манету. Між іншым, гэта проста жарт, прыгожая дарагая рэклама мінеральнай вады, з вельмі якаснымі здымкамі, скрупулёзна прадуманымі дэталямі — усё прымушае гледача паверыць у тое, што палёт у космас аднаго з кіраўнікоў дзяржавы — цалкам магчымы...

— Чаму нас вучыць гэты відэаролік? Калі вы збіраецеся выкарыстоўваць на сваіх уроках відэаматэрыялы, то самі павінны ўмець крытычна іх ацэньваць, каб перадаваць каштоўны вопыт сваім вучням. Безумоўна, у відэаматэрыялаў ёсць шмат пераваг перад тэкстам: выбіраючы паміж «паглядзець» ці «пачытаць», школьнікі, канешне, выберуць першы варыянт. Пад відэаматэрыяламі я маю на ўвазе дакументальныя і мастацкія фільмы, відэакліпы і мультфільмы, відэаінтэрв'ю гістарычных дзеячаў і рэкламныя ролікі. Але і мінусы ў іх таксама ёсць, якія абавязкова трэба ўлічваць. Па-першае, нам могуць навязваць пэўныя вобразы, у якіх прысутнічаюць мастацкі вымысел і тэндэнцыйнасць, а калі мы ўспрымаем інфармацыю эмацыянальна, то «адключаем галаву...», — папярэджвае Андрэй Іваноў.

Прыклады інтэлект-карт, якія вучні стваралі на занятках па астраноміі.

Чаму не хлусіў Скацінін?

— Літаратура, гісторыя, грамадазнаўства даюць вельмі багаты матэрыял для работы з маніпуляцыямі і стэрэатыпамі, — упэўнена дырэктар столінскай сярэдняй школы № 2, настаўнік рускай мовы і літаратуры Ала ЛАЗІЦКАЯ. — Увогуле фарміраваннем чытацкай пісьменнасці і медыяадукацыяй можна займацца на любых занятках. Многія памылкова думаюць, што медыяадукацыя азначае, што на кожны ўрок настаўнік павінен прынесці газету, постар, прадэманстраваць відэаролік і г. д. Не варта гнацца за пустымі спецэфектамі. Для мяне заўсёды было важным пераканаць дзяцей у тым, што класікі, з творамі якіх яны знаёмяцца на ўроках літаратуры, не нейкія кананізаваныя асобы. Іх творчасць застаецца актуальнай і сучаснай па сённяшні дзень, менавіта таму іх і лічаць класікамі. Я раблю гэта праз праектную дзейнасць. Напрыклад, пры вывучэнні камедыі Д. Фанвізіна «Недарасль» мае вучні аналізавалі, хто з герояў хлусіць, а хто кажа праўду, і высветлілася, што не хлусіць толькі Скацінін. Проста таму, што ў яго няма ў гэтым патрэбы. На вобразе Мітрафанушкі даследавалі, як ствараецца імідж паспяховага чалавека, знайшлі падручнік па іміджалогіі і прааналізавалі па ім усе дзеянні матулі Мітрафанушкі — галоўнага яго «іміджмейкера», зразумелі, чаму ёй гэта не ўдалося. Пры вывучэнні рамана І. Тургенева «Бацькі і дзеці» вучні шукалі маніпуляцыі ў паводзінах персанажаў: знайшлі ў кніжках па сацыяльнай псіхалогіі тэхнікі маніпуляцый і ўбачылі, як героі аказвалі псіхалагічны ціск адзін на аднаго і якое вялікае значэнне маюць дыялогі персанажаў. Пасля чаго паглядзелі на Базарава і іншых тургенеўскіх герояў зусім іншымі вачыма.

«Мёртвыя душы» Мікалая Гогаля заўсёды ўспрымаюцца школьнікамі складана. Каб неяк зацікавіць дзяцей, першы ўрок мы прысвяцілі вывучэнню інфармацыйнай прасторы губернскага горада N, па якім прагуляліся разам з Чычыкавым: шыльдам на вуліцах, тэатральным афішам, надпісу на плоце «прадам душу», мясцовай газеце. Паглядзелі ўрывак з экранізацыі рамана 1984 года. Потым было заданне зрабіць цытатную характарыстыку Чычыкава, падзяліць крыніцы — чыя гэта пазіцыя і бачанне (аўтара, самога Чычыкава ці так пра героя кажуць іншыя). Ці не з'яўляецца меркаванне пра чалавека, якога ўсе бачаць першы раз, інтэрпрэтацыяй? На якіх падставах яно ствараецца? А далей знаёмства з раманам ужо пайшло весялей.

Самы навагодні медыятэкст — ёлачныя цацкі. Асабліва адметны ў гісторыі ёлачных упрыгажэнняў быў хрушчоўскі перыяд.

Інфаграфіка — замест рэферата

Ад лірыкаў — да фізікаў. Намеснік дырэктара жлобінскай сярэдняй школы № 13 Алена АНАНЧЫКАВА, настаўнікі фізікі Эла ЯКУБОЎСКАЯ (гімназія № 1 г. Жодзіна) і Аляксандр ЯКУБОЎСКІ (Жодзінская жаночая гімназія) прысвяцілі свой майстар-клас фактарам, прыёмам і сродкам інтэлектуальнага развіцця навучэнцаў на ўроках фізікі: размова ідзе пра такія якасці, як кемлівасць, гнуткасць, крытычнасць, самастойнасць, эканамічнасць. Фізіка — прадмет у школьнікаў, шчыра кажучы, не самы любімы і даволі складаны.

— Зараз мы вучым дзяцей, якіх адносяць да пакалення Z. Пра іх кажуць яшчэ «народжаныя лічбавай рэвалюцыяй». Гэта пакаленне візуалаў, якія патрабуюць «закончанага сюжэта» і высокай дынамікі ў ходзе яго развіцця. Кантактуюць і спажываюць інфармацыю яны пры дапамозе кароткіх відэа, тэгаў і мемаў, — тлумачыць Аляксандр Якубоўскі. — Для сучаснай моладзі ўвогуле ўласціва кліпавае мысленне, яны могуць выконваць некалькі спраў адначасова, аддаюць перавагу графічнаму малюнку перад тэкстам. Дзеці, якія выраслі ў эпоху высокіх тэхналогій, па-іншаму глядзяць на свет. Іх успрыманне — не паслядоўнае і не тэкставае. Яны бачаць карціну ў цэлым і ўспрымаюць інфармацыю па прынцыпе кліпа. Такім чынам, узнікае практычная праблема для педагогаў — як змяніць тэхналогіі «падачы» навучальнага матэрыялу, каб сучасным навучэнцам было камфортна, не парушыўшы пры гэтым вядучых дыдактычных прынцыпаў? Адным з інструментаў з'яўляецца інфаграфіка, якая ў большай ступені адпавядае нашаму лічбаваму свету і дазваляе лягчэй запомніць неабходную інфармацыю пакаленню дзяцей-візуалаў.

Адукацыйная інфаграфіка ўяўляе сабой закончаны візуальна-інфармацыйны блок вучэбнага матэрыялу, які можна вывучыць самастойна, без чыёй-небудзь дапамогі, а пасля аналізаваць, рабіць высновы і знаходзіць дадатковыя сэнсы. Як адзін з метадаў візуалізацыі вучэбнай інфармацыі інфаграфіка можа выкарыстоўвацца на вучэбных занятках для стварэння праблемных сітуацый і арганізацыі эфектыўнай пошукавай дзейнасці.

— Дзяцей нельга перагружаць вялікімі аб'ёмамі інфармацыі, — упэўнена Эла Якубоўская. — Іх увагу трэба паспрабаваць адразу зачапіць. Пры засваенні невялікіх доз вучэбнага матэрыялу, калі патрабуецца ўстанаўленне прычынна-выніковых сувязяў, сістэматызацыя і абагульненне прачытанага, эфектыўна прыбягаць да кластараў, якія да таго ж прывучаюць дзяцей аналізаваць інфармацыю і выдзяляць з яе галоўнае. Кластар — гэта графічная форма арганізацыі інфармацыі, калі выдзяляюцца асноўныя сэнсавыя адзінкі і затым яны фіксуюцца ў выглядзе схемы з пазначэннем усіх сувязяў паміж імі.

— А пры засваенні вялікіх тэм у старшых класах лепш звяртацца да інтэлект-картаў, паколькі тыя дазваляюць адлюстраваць самыя розныя сувязі ўнутры тэмы, — раіць Алена Ананчыкава. — Інтэлект-карты — добрыя памочнікі ў падрыхтоўцы да ЦТ, паколькі дапамагаюць структураваць і сістэматызаваць вялікі аб'ём вучэбнага матэрыялу ў найбольш даступнай для навучэнца форме. Яшчэ адзін несумненны плюс інтэлект-картаў — дапамога ў вырашэнні адукацыйных задач, звязаных з вызначэннем пазнавальнай мэты, пошукам інфармацыі, развіццём крэатыўнасці.

У сітуацыі, калі навучэнцам даступная велізарная колькасць інфармацыйных крыніц (кніг, часопісаў, рэсурсаў інтэрнэту), напісанне рэфератаў часцяком зводзіцца да механічнага запампоўвання гатовага тэксту або капіравання асобных яго частак з сеціва. Вось толькі які працэнт матэрыялу запомніць вучань пры выкананні такой работы? І ці запомніць хоць нешта наогул? Таму настаўнікі-метадысты раяць замяніць рэфераты стварэннем інфаграфікі. Такія візуальныя сродкі можна паспяхова выкарыстоўваць на самых розных прадметах.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Пакаленне візуалаў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Як галасуюць рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Як галасуюць рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Расказваюць нашы карэспандэнты.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.