Вы тут

Беларуска ў Ганконгу: Стартавы кошт арэнды жылля — ад $1000


Мінчанка Таццяна Бейдзіна сёлета заняла першае месца на кітайскім конкурсе для замежнікаў на цэнтральным тэлебачанні Паднябеснай ССTV. Яна жыве і працуе ў Ганконгу. Паміж ім і Мінскам — прыкладна 8 тысяч кіламетраў і пяць гадзін розніцы ў часе. Але гэтыя лічбы не сталі перашкодай, каб пацікавіцца, якім жа паўстае Кітай перад вачыма жыхара Беларусі.


— Калі не сакрэт, адкуль у вас такая цікавасць да Кітая?

— Калі я паступала на факультэт міжнародных адносін БДУ у 2007 годзе, мне хацелася вывучаць тое, чым мала хто займаўся ў Беларусі. Менавіта таму я выбрала ўсходазнаўства. Там было некалькі кірункаў. Перада мной стаяў выбар, што вывучаць: Кітай, Карэю або Турцыю. Вырашыла выбраць Кітай.

— Чаму Кітай вывучаюць на ФМА?

— На ФМА асноўны кірунак — дыпламатыя. Нам даюць не толькі веды па мове і культуры, але і па палітыцы, эканоміцы, філасофіі, гісторыі. Фактычна ўсё, што толькі можна даведацца пра Кітай як рэгіён.

— Што вас уразіла падчас першай паездкі ў Кітай?

— Упершыню ў Паднябеснай я пабывала ў 2010 годзе ў летніку для дзяцей, якія вывучалі кітайскую мову. Да сюрпрызаў мы ўжо былі гатовыя. Але непрывычным здалося паветра — усё-такі дае сябе адчуваць гіганцкая прамысловасць. Шмат людзей у нас — нават на цэнтральных вуліцах Мінска — у параўнанні з кітайскімі гарадамі гэта вольна. А яшчэ здзівілі тамтэйшыя рэстараны. Ежа для беларуса там даволі вострая, а порцыі адрозніваюцца ад нашых у некалькі разоў у большы бок. Таксама істотна адрозніваюцца паміж сабой поўнач і поўдзень краіны. Розныя дыялекты, розны менталітэт людзей і нават антрапалагічныя даныя розныя.

Між іншым, у Кітаі, які даволі істотна выцягнуты з захаду на ўсход, — толькі адзін гадзінны пояс. У Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёне, які знаходзіцца на паўночным захадзе Паднябеснай, праца і вучоба пачынаюцца з улікам карэкціроўкі ў часе.

— Чым адрозніваюцца кітайскія гарады ад двухмільённага Мінска?

— Гэта абсалютна другі свет. Мінск — гэта статычны еўрапейскі горад. У нас нават хмарачосаў — раз-два і аблічыўся. У Кітаі ж паўсюль у гарадах-мільённіках мноства гмахаў. Прычым пабудаваныя яны ў апошнія гады шалёнымі тэмпамі. Ды і плошча таго ж Пекіна ў параўнанні з Мінскам вельмі вялікая. Я ў кітайскай сталіцы жыла на захадзе горада, а мой сябар — на паўночным захадзе. І каб да яго дабрацца, мне трэба было змарнаваць амаль паўтары гадзіны, робячы пры гэтым тры перасадкі ў метро. А па карце здавалася, што мы жывём у адным раёне.

— Наколькі складаная кітайская мова для вывучэння?

— Ёсць нейкі парог. Калі ты яго пройдзеш, то пачнеш бегла размаўляць па-кітайску, нават калі не ведаеш некаторых слоў. Але не буду скрываць, што на першым часе выраз «кітайская грамата» спраўджваўся на сто працэнтаў. На трэцім курсе мы разумелі, што нам кажуць па-кітайску, але як адказаць? З гэтым былі пытанні. Асобна засяроджуся на іерогліфах. У кітайскай мове кожнае слова перадаецца асобным графічным знакам. Неабходны мінімум для ведання — гэта тры тысячы іерогліфаў, а ў ідэале трэба ўмець чытаць 5-7 тысяч. І часта бывала так, што як быццам бы размаўляеш па-кітайску без асаблівых праблем, а разгорнеш газету — і лезеш праз слова ў даведнік.

У мяне, напрыклад, кітайская мова выклікала асацыяцыі з польскай з-за вялікай колькасці шыпячых. А яшчэ вельмі важную ролю адыгрывае інтанацыя. Скажам, калі вымавіць фразу «Ты пойдзеш у магазін?», то незалежна ад інтанацыі агульны сэнс будзе зразумелы. У кітайцаў — не так. Дыялект путунхуа мае чатыры тоны, а паўднёвыя дыялекты могуць мець і больш. Напрыклад, у кантонскім дыялекце гэтая лічба даходзіць да дзевяці. І сэнс слова можа кардынальна змяняцца. Напрыклад, слова «ма» ў залежнасці ад інтанацыі азначае чатыры розныя паняцці. Гэта «маці», «каноплі», «конь» і «брахаць». Калі на гэта не звяртаць увагі, то вас проста не зразумеюць.

— Ці атрымліваецца ў Беларусі прымяняць веданне Кітая, кітайскай мовы?

— Пасля ўніверсітэта я працавала ў беларускай кампаніі, якая вяла закупкі ў Кітаі. Увогуле, у Беларусі з добрым веданнем кітайскай мовы зарабіць грошы можна. Справа ў тым, што да нас у асноўным з Кітая прыязджаюць бізнесмены. Таму кароткачасовыя заказы на пераклад з кітайскай мовы будуць аплачвацца добра. А вось пастаянная офісная праца з 9 да 18 гадзін кола магчымасцяў для заробку звужае.

У Кітаі я два гады працавала перакладчыкам. Цяпер актыўна рэалізуецца праект «Адзін пояс — адзін шлях». Кітайскія карпарацыі шукаюць магчымасці прасоўвання свайго бізнесу ў краінах СНД. Таму я і займалася пісьмовым перакладам дакументацыі.

— Як трапілі на конкурс на канале ССTV для іншаземцаў?

— Пра гэты конкурс мне расказаў знаёмы рэдактар. Наогул, конкурсаў кітайскай мовы для замежнікаў у Паднябеснай вельмі шмат. Для кітайцаў вельмі цікава паглядзець, калі іншаземцы размаўляюць на іх мове, вывучаюць іх культуру. Гэта цешыць іх нацыянальны гонар.

Найбольш раскручаныя спаборніцтвы такога кшталту паказвае Хунаньскае ТБ. Але там яны пазіцыянуюцца як відовішчнае шоу. Цэнтральнае тэлебачанне Кітая — ССTV — прытрымліваецца іншай стратэгіі. Фармат нечым нагадвае колішнія тэлевізійныя гульні пачатку 2000-х. Там трэба паказаць веданне мовы, культуры, гісторыі Кітая. Разам са мной там удзельнічалі 108 чалавек з розных краін свету. Калі конкурс выйграе студэнт, то яго могуць запрасіць на вучобу ў кітайскі ўніверсітэт. Ну а мне дасталіся хвілінка славы і шкляны кубак вагой у шэсць кілаграмаў, які трэба было яшчэ давезці з Кітая ў Беларусь. У пекінскім аэрапорце падчас дагляду рэчаў сумку з ім адкрылі, убачылі і спыталі: «О, вы і па-кітайску добра размаўляеце?»

— Наколькі моцна Ганконг адрозніваецца ад мацерыковага Кітая?

— Тое, што Ганконг доўгі час быў англійскім уладаннем, істотна адчуваецца і цяпер. Напрыклад, рух транспарту там і сёння левабаковы, што даволі звычайна. На кожным кроку размешчаны самыя разнастайныя крамкі. Безліч абменнікаў. Напрыклад, калі ў Кітаі ты хочаш памяняць долары ці еўра на юані, то трэба ісці з пашпартам у банк, запоўніць некалькі папер, што расцягваецца прыкладна на паўгадзіны. А ў Ганконгу — як і ў Мінску, падышоў — і ўсё.

Вялікая колькасць людзей з Паўднёва-Усходняй Азіі. Шмат індусаў, нікога не здзівяць дзяўчаты ў паранджы. Хапае і еўрапейцаў. Адным словам, Ганконг — гэта вялікі «інтэрнацыянал».

А вось што нязручна ў Ганконгу, дык гэта яго фатаграфаваць. Горад выцягнуты ў вышыню. Гмахі, якія тут стаяць на кожным кроку, не змяшчаюцца ў аб'ектыў. І пасля ствараецца адчуванне, што ты як быццам знаходзішся ў «каменным лесе». А яшчэ ў Ганконгу страшэнна дарагое жыллё. Скажам, калі ў Пекіне зняць больш-менш прыстойны пакой у кватэры з агульнай кухняй і санвузлом можна за 300 долараў, то ў Ганконгу стартавы кошт — тысяча «зялёных». Можна, вядома, пашукаць і больш танныя прапановы, але ўмовы будуць зусім ніякія. Калі я толькі прыехала ў Ганконг, то спынілася ў адной з адносна танных гасцініц. Па факце гэта аказаўся хостэл, у якім адным ключом можна адчыніць усе пакоі.

Аб'явы ў метро Ганконга гучаць на англійскай, кітайскай мовах і кантонскім дыялекце, пашыраным у гэтым раёне. Мушу зазначыць, што ён вельмі моцна адрозніваецца ад путунхуа — пекінскага дыялекту. І яго трэба вучыць асобна.

Ганконг дзеліцца на дзве часткі — кантынентальную і астраўную. Транспартных праблем пры гэтым не існуе — вельмі добра развіта метро, можна скарыстацца і паслугамі парома. Таксама ходзяць двухпавярховыя трамваі. Але адрозненне перш за ўсё культурнае. Напрыклад, у мацерыковай частцы Паднябеснай процьма начных кірмашоў, дзе ў палатках можна набыць усё што захочаш. А вось лад жыцця на астравах больш падобны на заходні...

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennik@zviazda.by

Фота з архіва Таццяны БЕЙДЗІНАЙ

Загаловак у газеце: Іерогліфы, хмарачосы і спецыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?