Вы тут

Дзякуем, маэстра!


Пяцьдзясят гадоў творчай дзейнасці — такім падарункам лёсу маюць магчымасць ганарыцца не многія дзеячы мастацтва. Лічба «залатога» юбілею яднае ў сябе незлічоную колькасць аўтарскіх выступленняў, блізкіх і далёкіх гастрольных паездак, удзел у вялікіх і маленькіх канцэртах. А яшчэ, што датычыцца героя гэтага фотарэпартажу — мінчаніна Дзмітрыя Ровенскага, — дзясяткі гадоў паспяховага кіраўніцтва славутымі творчымі калектывамі.

Менавіта ад імя такіх вядомых у Беларусі калектываў прагучалі гарачыя віншаванні юбіляру са сцэны Палаца культуры Мінскага трактарнага завода. Музыка, песні, танцы даносілі да гледачоў багацце самабытнай народнай культуры. Зразумела, што часцей за іншыя народныя інструменты са сцэны звінеў голас самага народнага сярод усіх — гармоніка.

Як даведаліся гледачы, просты трафейны гармонік, з якім бацька вярнуўся з вайны, быў калісьці для пяцігадовага Дзімы першым у жыцці інструментам. Неўзабаве маленькі музыка стаў жаданым акампаніятарам на святах і вяселлях у сваёй вёсцы на Капыльшчыне. Дарэчы, у дванаццаць гадоў таленавіты хлапчук упэўнена валодаў ужо дванаццаццю музычнымі інструментамі.

Выканаўцы такога ж юнага ўзросту пакарылі ўсіх удзельнікаў творчага вечара. Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны ансамбль «Дударыкі» дэманстраваў свае таленты амаль ва ўсіх краінах Еўропы — гэта плён педагагічнай і творчай працы яго шматгадовага кіраўніка — заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, уладальніка дыплома ААН за захаванне і развіццё нацыянальных традыцый кампазітара Дзмітрыя Ровенскага.

Вядомы юбіляр і як знаўца традыцыйных народных інструментаў, уладальнік іх буйной калекцыі (дарэчы, экспазіцыя гэтых інструментаў разгорнутая ў адной з мінскіх гімназій). Некаторыя рарытэты ўнікальнага збору можна было ўбачыць на творчым вечары.

Яскравае выступленне сямейнага ансамбля Ровенскіх стала яшчэ адным сведчаннем паспяховасці вядомага рупліўца на ніве народнага мастацтва.

Яўген ПЯСЕЦКІ

pyasecki@zviazda.by

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.