Вы тут

«Камунальныя» планы на 2018-ы: дыспетчарызацыя і замена вокнаў


А таксама інфармаванне праз месенджары.

Сёлета ў Мінску капітальна адрамантуюць каля 170 дамоў (875 тысяч м2 жылля), заменяць 1629 ліфтаў, навядуць парадак у 3577 пад'ездах і добраўпарадкуюць дзесяць двароў. Гэтымі і іншымі навінамі сталічнай жыллёва-камунальнай гаспадаркі падзяліліся спецыялісты.


Ліфты ў мінусе, лямпачкі — у плюсе

Жыхары будуць абавязаны ўдзельнічаць у цеплавой мадэрнізацыі дома падчас капрамонту. Чым большая эканомія ад цеплавой мадэрнізацыі дома будзе атрымана, тым больш сродкаў будзе выдзелена на гэта з бюджэту, расказаў Ігар ГАНЧАРЫК, галоўны інжынер ДА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка».

— Проста выкананая цеплавая мадэрнізацыя не дасць вялікага выніку. А калі замяніць вокны ва ўсіх кватэрах у доме (хто не зрабіў гэта — павінен будзе зрабіць), устанавіць сістэмы аўтаматычнага рэгулявання на ацяпляльныя прыборы, рабіць па іх разлік — вынік будзе. Калі мяркуецца, што эканомія цяпла пасля ўцяплення дома складзе больш за
50 %, то ад жыхароў спатрэбіцца аплаціць прыкладна 20 % кошту мерапрыемстваў. Астатняе кампенсуе бюджэт.

На капітальны рамонт у сталіцы, дарэчы, летась пайшло 52,6 млн рублёў адлічэнняў жыхароў і ўласнікаў і 68 млн — з бюджэту. На сёлетні капрамонт плануецца накіраваць 46,5 млн рублёў адлічэнняў насельніцтва і 62 млн з бюджэту.

На 2018-ы па праграме «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» запланавана замяніць 1629 ліфтаў. Летась з запланаваных да замены 163  ліфта памянялі толькі 231.

Затое работа па замене звычайных лямпачак у месцах агульнага карыстання на святлодыёдныя свяцільнікі з датчыкамі гуку ці руху за 2017-ы выканана на 285 %. Грошы былі выдзелены на замену 49 тысяч свяцільнікаў, а памянялі — 121 тысячу. Сёлетняя колькасць пакуль удакладняецца

Прыборы ўліку, сістэмы рэгулявання, пад'езды і двары

Прыборамі індывідуальнага ўліку цяпла (ІПУ) у Мінску аснашчана 819 дамоў. З іх 737 — маюць прамапаказваючыя прыборы ўліку, а 123 дамы аснашчаны размеркавальнікамі цеплаэнергіі. Пры гэтым разлічваюцца па паказчыках толькі 568 дамоў, заўважыў Ігар Ганчарык:

— Разлік па прыборах уліку ў сталіцы робяць тры падрадныя арганізацыі. Згодна з даручэннем Саўміна, у Мінску вызначаны яшчэ дзве арганізацыі, якія будуць дадаткова займацца абслугоўваннем прыбораў індывідуальнага ўліку. Гэтыя структуры будуць створаны на базе ЖЭУ Першамайскага раёна і УП «Белсантэхэнерга». Яны сёння гатовы ўдзельнічаць у гэтай рабоце. А непасрэдна разлікамі зоймецца Цэнтр інфармацыйных тэхналогій.

Абслугоўванне ІПУ летась каштавала ад 5,1 да 10,8 рубля ў залежнасці ад арганізацыі і спосабу, якім рабіўся разлік: адзіны пераразлік пасля заканчэння ацяпляльнага перыяду або раз на месяц. Паверка прыбору ўліку цяпла са зняццем і наступнай устаноўкай абыходзіцца ў 63—70 рублёў, аднак паверку цяпер робяць толькі пры неабходнасці, калі прыбор выйшаў са строю, дадаў спецыяліст.

Летась 26 сталічных дамоў абсталявалі 50 сістэмамі аўтаматычнага рэгулявання цеплаэнергіі. 63 сістэмы з тэрмінам эксплуатацыі больш за дзесяць гадоў былі заменены.

— Старыя сістэмы немагчыма падключыць да дыстанцыйнага з'ёму паказчыкаў. Імі нельга кіраваць на адлегласці, — растлумачыў замену Ігар Ганчарык. — Новыя сістэмы дазваляюць без выхаду спецыяліста непасрэдна на дом кіраваць імі дыстанцыйна. У 2018-м запланавана ўстанавіць яшчэ 62 сістэмы рэгулявання.

Падчас бягучага рамонту запланавана адрамантаваць 179 тыс м2 даху, 212 тыс. м2 стыкаў панэляў, 140 тыс. м2 фасадаў, 1128 балконаў і 3577 месцаў агульнага карыстання (пад'ездаў). Двары таксама не застануцца сёлета без увагі.

— Раней усе двары рамантаваліся падчас капрамонту дома, пасля адпаведнай пастановы гэты від работ быў выключаны, і летась дваровыя тэрыторыі капітальна не рамантаваліся, — адзначыў галоўны інжынер. — Сёлета запланавана капітальна добраўпарадкаваць дзесяць дваровых тэрыторый у Мінску, па адной у раёне.

Затраты таннеюць, а тарыфы павялічваюцца аднойчы

Сёлета працягнецца таксама работа па зніжэнні затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг, якая ўстаноўлена дзяржпраграмай «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе», паведаміла Юлія САГАЙДАК, намеснік генеральнага дырэктара ДА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка». Летась зніжэнне склала звыш 17 млн рублёў. Сёлета плануецца зменшыць на 9 млн.

— Аптымізацыя нормаў і нарматываў па аказанні ЖКП, аптымізацыя і пераразмеркаванне колькасці, зніжэнне энерга- і электраспажывання — сродкі, што дазваляюць зменшыць затраты на камунальныя паслугі, — адзначыла яна. — Вялікі ўплыў аказвае таксама рэалізацыя механізма ўстанаўлення планава-разліковых цэн. Прадпрыемствы першапачаткова разлічваюць свае затраты на паслугі, пасля чаго тарыфы ўзгадняюцца ва ўвязцы з гэтымі затратамі.

Сёлета тарыфы на ЖКП павышаць пасля студзеньскага падаражання больш не плануецца. Лічбы «жыровак», якія атрымаюць у лютым за студзень жыхары двухпакаёвай кватэры з прапісанымі ў ёй трыма жыхарамі пры ўмове нарматыўнага расходу камунальных рэсурсаў павялічацца прыкладна на 10 рублёў, дадала спецыяліст.

Чат-бот і месенджары ў службе 115

Атрымліваць аператыўную інфармацыю пра адключэнне інжынерных сетак праз Vіbеr або Tеlеgrаm сёлета змогуць беларусы, якія зарэгіструюцца на партале «Мой Горад»115.бел. і пагодзяцца на рассылку. Пра гэта расказаў Ігар КІРЫЛЕНКАЎ, начальнік упраўлення «Кантакт-цэнтра» КУП «Цэнтр інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама».

— Чат-бот, уведзены ва ўжытак у жніўні 2017-га, за пяць сутак запуску ацяпляльнага абсталявання больш за 347 тысяч разоў дапамог мінчанам даведацца, калі ў іх кватэрах з'явіцца цяпло. Так што гэта добры памочнік для кантакт-цэнтра, — падкрэсліў спецыяліст. — А ўвогуле кожныя суткі паслугамі чат-бота карыстаецца 500—700 мінчан.

Ігар Кірыленкаў нагадаў, што летась спецыялісты «Кантакт-цэнтра ЖКГ Мінска» прынялі больш за 1,6 млн званкоў, на падставе чаго зарэгістравана звыш 1,9 млн заявак, каля 800 тысяч з якіх — гэта ўдакладненне пэўнай інфармацыі. Асноўныя катэгорыі, што па-ранейшаму хвалююць людзей, — водазабеспячэнне, электраработы і санітарны стан.

Як і раней, заяўкі аварыйнага або перадаварыйнага характару ў начны час і святочна-выхадныя дні накіроўваюцца для выканання ў гарадскую аварыйную службу. Летась спецыялісты службы газу, напрыклад, выканалі больш за 114 тысяч такіх заявак.

Службу 115 да канца 2018-га плануецца ўкараніць ва ўсіх абласных гарадах Беларусі.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.