Вы тут

“Беласнежка”: цуд не для ўсіх


Падчас навагодніх святаў тэатральная афіша Мінска проста захлыналася ад разнастайных ёлачных забаўлялак для малечы. На фоне гэтай рознакаляровай святочнай мішуры асабліва вылучаецца прэм’ера ў Дзяржаўным тэатры лялек — спектакль «Беласнежка». Рэжысёр Ігар Казакоў звярнуўся да старой як свет казкі Братоў Грым і трапіў усё ж у прыдзірлівыя сэрцы гледачоў. Але ці ва ўсе?


Сцэна са спектакля «Беласнежка».

Стапрацэнтнае пападанне: для самых маленькіх

У прэм’еры ёсць усё, каб спадабацца самым маленькім гледачам. Знаёмы ўсім сюжэт пра добрую Беласнежку і злую, зайздрослівую Мачаху апавядаецца проста і лаканічна (усяго якіх-небудзь 55 хвілін), так што падчас прагляду дзеці не гойсаюць нервова ў крэслах у чаканні канца, а напрыканцы спектакля добра разумеюць павучальную мараль гісторыі: прыгажосць можа быць рознай, далёка не заўсёды добрай, галоўнае ж — прыйсці да духоўнай прыгажосці, якая не пакідае месца злу і зайздрасці. Па відовішчнасці спектакль можа не толькі канкурыраваць з кіношнымі інтэрпрэтацыямі казкі, але і папросту пераплюнуць з усімі іх мільённымі бюджэтамі. Рэжысёр разам са сваёй камандай (мастачкай спектакля выступае Таццяна Нерсісян, што ўжо знак якасці) стварае крафтавую відовішчнасць, ад якой патыхае цеплынёй і сапраўдным цудам. Прычым ствараецца яна пры дапамозе даволі сціплых сродкаў. У спектаклі не выкарыстоўваецца такая папулярная сёння праекцыя, за цуд адказвае актыўная работа са святлом і лялькі розных памераў і фарматаў: ад маленькіх сімпатычных гномікаў да вялікага жудаснага люстэрка, якое напужала, здаецца, палову дзіцячай аўдыторыі дакладна, але тое нармальна, бо казка павінна выклікаць у дзяцей усе магчымыя эмоцыі, у тым ліку і страх.

Плюс гэтага спектакля — і зварот да прыёму тэатра ў тэатры. Казку апавядае, паказвае і каментуе гледачам шумная, разнамасная кампанія абаяльных гномаў (дзясяткі — усім акцёрам). Такое рашэнне дапамагае згладзіць усю жорсткасць, характэрную для творчасці Братоў Грым. І маленькіх гледачоў ужо не так пужаюць смерць, забойствы, канібалізм дый іншае. Гномы прыўносяць у казку і неўласцівы ёй гумар, а сам спектакль насычаюць інтэрактыўнасцю, дапамагаючы малым быць уключанымі ва ўсё дзеянне.

50 на 50: для дарослых

Спектакль «Беласнежка», як і мінулая дзіцячая прэм’ера Ігара Казакова «Калядная гісторыя», не мае ўзроставых абмежаванняў і здольны зацікавіць не толькі дзетак, але і іх бацькоў, бабуль ды дзядуль. Дарослыя атрымаюць ад спектакля сапраўднае эстэтычнае задавальненне і штуршок для далейшага самастойнага больш глыбокага знаёмства з казкай. Аднак у час, калі з творам Братоў Грым робяць усё, што заўгодна, апранаюць Беласнежку ў даспехі, ператвараюць яе ў нейкую балбатлівую школьніцу, занятую размовамі пра хлопцаў і «шмоткі», хацелася б убачыць сур’ёзную актуальную інтэрпрэтацыю «Беласнежкі», якая зацікавіла б дарослыя мазгі і штосьці ў іх ды перавярнула б. У гэтай прэм’еры мы такой інтэрпрэтацыі не знаходзім, спектакль стаўся добрай, але толькі ілюстрацыяй казкі.

Акцёры, якімі б абаяльнымі ні выглядалі са сцэны, ствараюць са сваіх персанажаў простыя схемы, у якіх немагчыма адшукаць дадатковыя сэнсавыя ўзроўні. І гэта дзіўна, бо сам рэжысёр у інтэрв’ю інтэрнэтчасопісу «Культпрасвет» адзначаў, што для яго важна, у тым ліку, адысці ад клішэ і паказаць не Мачаху-злыдню, а працэс ператварэння жанчыны ў монстра. Аднак гераіня Святланы Цімохінай ужо з самага пачатку — каларытная фурыя і ведзьма, канцэнтраваны нязменны вобраз. Тая ж нязменнасць характэрна і для Беласнежкі ў выкананні Любові Галушкі, якая, па сутнасці, нічым не адрозніваецца ад мілай дыснэеўскай дзяўчыны. Хіба што колер валасоў іншы?..

Зусім міма: для «дарослых» дзяцей

«Ну, так сабе было. Не вельмі цікава», — прызнаўся хлопец гадоў дзевяці свайму бацьку пасля спектакля. «Як! Гэта ж сапраўдны тэатр! Цябе што, толькі чыпсы і папкорн цікавяць?» — засмуціўся той. Можа, і не толькі, але ж нешта падказвае, што на Крыстэн Сцюарт у ролі Беласнежкі хлопчык паглядзеў бы з большай зацікаўленасцю ці ўдосталь пасмяяўся б з камедыйнай версіі Руперта Сандэрса. Для падлеткавай ці крыху меншай па ўзросце аўдыторыі сюжэт «Беласнежкі» мае свае цікавосткі. На павярхоўным узроўні гэта і тэма кахання, і барацьбы дабра са злом, да якой так актыўна звяртаюцца фільмы пра супергерояў. Калі капаць глыбей, то гэта і тэма сталення, і ўнутранага канфлікту, і ўзаемаадносін з дарослым светам. У якой форме ўсё гэта паднесці дзецям, якія плаваюць у сучасным інфармацыйным моры як рыбы ў вадзе, штодзень актыўна юзаюць інтэрнэт і праглынаюць і блогі, і тэлебачанне, і кінаафішы, карацей, столькі ўсяго ўжо бачылі, што не здольны здзіўляцца? Шчыра кажучы, нават цудоўная, найпрыгажэйшая «Калядная гісторыя» Казакова іх не здзіўляе. «Так, прыгожа», — без усялякіх эмоцый адкажа вам сучасная школьніца. І ўсё...

Сцэна са спектакля «Беласнежка».

Якім павінен быць спектакль, каб гэтая, напэўна, самая крытычная і самая абдзеленая ў тэатральным плане аўдыторыя выйшла з тэатра ўражаная? Мо толькі гісторыя пра іх саміх, тут і цяпер, здольная іх зачапіць? Але гэта тэма для асобнага артыкула.

Паліна ЛІСОЎСКАЯ

Фота Станіслава Вітгорчыка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».