Вы тут

Мастацтва ці трэнд? Выбар Дзмітрыя Аганава


Жыццё чалавека ўяўляе сабой шэраг магчымасцяў. Мы можам не заўважаць, колькі лёс дае нам шанцаў... Скульптурныя кампазіцыі Дзмітрыя Аганава кранаюць і падштурхоўваюць задумацца, як мы жывём і чаго жадаем ад нашага існавання. Пытанні складаныя, таму, калі атрымліваецца знаходзіць адказы, — гэта ў нейкім сэнсе таксама жыццёвыя перамогі.


«Вялікае паляванне», 2014 г

Дзмітрый Аганаў працуе ў манументальна-дэкаратыўнай і станковай скульптуры, стварае аб’екты з бронзы, каменю, шкла. Апошні праект мастака, які прайшоў у Мінску, называўся «Шлях разважання»: было прадстаўлена 15 скульптурных работ малых формаў, аб’яднаных тэмай развагі над пазачасавымі катэгорыямі. Былі сабраныя пераважна новыя работы, выкананыя за апошнія некалькі гадоў, а таксама творы, якія толькі выйшлі з ліцейнага цэха і майстэрні скульптара. Цэнтральны стрыжань творчасці Дзмітрыя Аганава — роздум над універсальнымі канцэптамі арганізацыі свету. Ён звяртаецца да глыбокіх тэм: і перапрацоўка Антычнасці, і аналіз хрысціянскай мадэлі жыцця.

— Калі паглядзець на мае творы, то яны розныя па задуме, — дзеліцца Дзмітрый Аганаў. — Але кожная прызначана для развагі гледача. Першапачаткова, ствараючы работу, я разважаю сам з сабой, а потым хочацца, каб водгук знайшоўся ў іншага чалавека. Калі дыялог складваецца, то ў мяне як у аўтара з’яўляецца адчуванне шчасця. Павінна быць рэакцыя. Чым высакароднае мастацтва? На выстаўку ніколі не пойдуць з-за таго, што няма куды падзець свой час, абыякавыя таксама не пойдуць. Таму ў мяне заўсёды ёсць надзея, што чалавек, які прыйшоў, знойдзе водгук у маёй творчасці.

Творы скульптара цікавыя не толькі сэнсам, але і формай, колерам, нават выбарам матэрыялу: нельга сказаць, што аўтар аддае перавагу бронзе.

— Я не адношуся да мастакоў-перфекцыяністаў. У мяне няма «вычышчаных» твораў, — падкрэслівае скульптар. — Мне больш падабаецца, калі твор захоўвае брутальнасць, крыху грубаваты, з нейкай неахайнасцю. У гэтых рысах — нешта зачаравальнае, нават таямнічае. Я не стаўлю задачу канкрэтызаваць дэталі, таму што ў гэтым кантэксце яны ствараюць форму.

 Напрыклад, кампазіцыя «Чалавек без скуры» спачатку чапляе толькі знешняй формай. Калі пачынаеш над ёй разважаць, эфект ускладняецца за кошт напластавання думак і эмоцый. Аўтар паказвае, як выглядае пакута, неабароненасць, адчай. У адной руцэ чалавек трымае нажніцы, у другой — скуру. Ён цалкам аголены перад светам, цалкам адкрыты, але няшчасны. Прычын такога стану можа быць многа, і тут мастак пакідае кожнаму магчымасць прымераць на сябе такі касцюм.

Адразу кідаецца ў вочы твор «Вялікае паляванне». Глядач бачыць зубра — нібыта адсылка да роднай Беларусі. Але аўтар запрашае паразважаць над сітуацыяй, што складваецца пад удзеяннем чалавека ў прыродным свеце.

— Тут няма прывязкі да зубра. Гэта проста бык, якога асядлалі дзеці. Гледзячы на быка, мы бачым нагу чалавека, бачым дзіда. Усё гэта знакі, суіснаванне чалавека і болю, сувязь паміж пакаленнямі і светам, у якім яны існуюць. Гэта хутчэй матыў гульні. Бо сёння гуляюць не толькі дзеці, але і дарослыя. Усіх цягне паглядзець, што ж будзе па іншы бок жыцця, — тлумачыць Дзмітрый Аганаў. — Гэты твор яшчэ можна параўнаць са зброяй у руках мастака. Вядома, можна было зрабіць проста быка без усялякіх дэталяў, але тады б работа страціла сэнс. Дэталі — гэта як небяспека, можа нават жорсткасць. Тут ёсць невялікая прывязка да стылю стым-панк. Але гэта ўсяго толькі кірунак. У мяне ёсць свая канцэпцыя: усе механізмы, якія вы бачыце ў гэтай рабоце, не звараныя, а адлітыя ў бронзе. Гэта знятая форма, адлітая спачатку ў воску, потым у бронзе і ўстаўленая ў работу. За кошт воску ў творах выяўляецца свая архаіка.

«Страла Апалона», 2015 г

Аўтар адыходзіць ад суб’ектывізацыі, іранічнасці, стылізацыі, напаўняючы творы пазачасавымі, абноўленымі сэнсамі. Выбар разнастайных пластычных форм скульптуры дазваляе сфармуляваць думку, якая хвалюе аўтара ў цяперашні момант.

— У творчасці я адкрываю для сябе шчасце. Да гэтага трэба прыйсці. Ніхто, акрамя вас, не зможа вам даць гэтага адчування, — адзначае аўтар. — Я ў сабе культываваў гэта не адзін год, і зараз мне хочацца дзяліцца адчуваннямі з гледачом. Хтосьці скажа, што я агаляю свае пачуцці. Але не, я проста спрабую зачапіць тым, што мяне хвалюе. І так прыемна ад таго, што атрымліваецца: падзяліцца, зачапіць, прыцягнуць да шчасця. Напэўна, гэта лепшая ўзнагарода для творцы.

Скульптар не абмяжоўвае сябе нейкім жанрам, застаецца ў межах фігуратыўнага мастацтва, арыентуючыся на ўніверсальную еўрапейскую традыцыю. Новая глыбіня чытання, стыль разважанняў робяць гледача саўдзельнікам гэтага шчырага і эмацыянальнага працэсу разважання над тэмамі, прымушаючы не толькі задумацца, але перажыць. Важна, што творца не працуе па прынцыпе канвеера, а дасканала прадумвае кожны твор, каб правільна і зразумела данесці ідэю.

— Я магу працаваць над творам доўга, — расказвае майстар. — Усё залежыць ад таго, наколькі глыбока і правільна ты прадумаў ідэю. Бывае, вылепіў работу, а яна можа стаяць прыхаваная ў майстэрні год, два, тры. У мяне ёсць такія творы, якія да гэтага часу паказваць я не гатовы. Мне здаецца, яны нейкія сырыя. Бо першы крытык маёй творчасці — я сам. Пакуль не прапушчу праз сябе, далей шляху не будзе. Таму лепш больш часу аддам на стварэнне работы, але яна будзе падабацца, будзе цікавая. На мой погляд, якасную працу заўсёды можна вызначыць адным словам.

Работы аўтара запатрабаваныя не толькі на выставачных пляцоўках, многія людзі знаходзяць скульптара, каб набыць у яго творы, хоць гэта і нятанна. Аўтар кажа, што намаганні, якія ўкладзены ў твор, бываюць значна большыя за лічбы, якія прапануе пакупнік.

— Вядома, работы прадаюцца. У нас ёсць людзі, якія літаральна палююць на якасныя работы. І якраз тыя асобы, якія першапачаткова ведаюць, чаго хочуць, таму што гэта не салонныя творы. Часам хочацца выціскаць з сябе больш, рухацца да музейнага стылю, а не да салоннага мастацтва. Мне здаецца, музейныя творы вечныя і, напэўна, у нейкім сэнсе бясцэнныя. Вось ідзеш па Амстэрдаме, там вакол салоны, але не чапляе. Мне вельмі не падабаецца, калі мастацтва вызначаюць як трэнд, так быць не павінна. Мастацтва павінна быць вечным, яно павінна быць закладзена ў галаве кожнага з нас...

Вікторыя АСКЕРА, фота аўтара

Загаловак у газеце: ...Без скуры

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.