Вы тут

Народныя вечарынкі — сапраўдны цуд!


Начныя клубы — месцы не для ўсіх. Хтосьці ходзіць туды выключна для таго, каб патанчыць, — аднак алкагольныя рэкі, што ліюцца вакол, буйныя клубы цыгарэтнага дыму — не самае лепшае асяроддзе для нязмушаных танцаў. Яшчэ адзін мінус — адбываецца ўсё глыбокай ноччу, калі, па логіцы, трэба адпачываць і набірацца сіл для наступнага дня. І гэта не вечарынка, якая пачынаецца ўвечары і крыху закранае начную пару, — дзейства ў самой сваёй сутнасці запланавана на глыбокую ноч. Чамусьці начныя клубы часта наведваюць маладыя людзі, якія знаходзяцца на мяжы паўналецця. Камусьці яшчэ няма васямнаццаці — і яны знарок выбіраюць установы, у якіх не правяраюць пашпарты на ўваходзе. Іншыя толькі год-два-тры як адсвяткавалі першы юначы юбілей — і гэта акурат пастаянныя наведвальнікі начных клубаў. Як так склалася ў нашай культуры, што начныя ўстановы працуюць для зусім маладых людзей, адказаць складана... Ды не ў гэтай калонцы трэба шукаць адказы. Аднак нядаўна я задумалася: што ж рабіць, калі хочаш патанцаваць? У начны клуб дакладна не пойдзеш — з-за шэрагу азначаных (і не азначаных) вышэй прычын. Як ні дзіўна, адказ прыйшоў вельмі хутка.


Мае сябры з Маладзечна раз на некалькі месяцаў ладзяць вечарыны традыцыйных танцаў. Арандуюць для гэтай патрэбы памяшканне таго ж начнога клуба. Аднак адбываецца асноўнае дзейства не ўначы, а з 18 да 21 гадзін вечара.

Найпершая асаблівасць такой імпрэзы — гэта жывая музыка. Некалькі дудароў, бубнач, скрыпачка, гарманіст. Музыка ў жывым выкананні ў любым выпадку робіць сваё станоўчае ўздзеянне: крышачку расслабляе, дадае адчування чагосьці жывога і сапраўднага. Па-другое, як той казаў, танцуюць усе! Танцы зазвычай парныя ці ў карагодах. Адседзецца тут не атрымаецца — камусьці не стае пары, і ён абавязкова выцягне цябе на танцпляц. І гэта зусім не тое, што «павольныя» танцы, распаўсюджаныя на традыцыйных дыскатэках. Ты танцуеш з кімсьці ў пары не таму, што марыш пабудаваць з ім рамантычныя адносіны, а таму, што гэтага проста патрабуе сама ўмова танца. З іншага боку, магчымасць запрасіць кагосьці цікавага, пазнаёміцца, пагутарыць застаецца. І, па-трэцяе, ёсць чалавек ці пара, якія вучаць прысутных, як трэба танцаваць пад пэўную мелодыю — польку, кракавяк, мазурку. Такім чынам, вывучаючы танцы, што здаўна бытавалі на нашых землях, ты далучаешся яшчэ і да культурнага кода краіны. Дробязь — а прыемна!

Знаўцы сцвярджаюць, што народныя танцы — лепшыя за любы фітнес! І я з гэтым пагаджуся. Бо ў папулярным сёння ў гараджан фітнесе шмат розных кірункаў, кожны з якіх накіраваны на пэўную групу цягліц. А ў народным танцы, зазвычай досыць бадзёрым і актыўным, задзейнічана ўсё цела. Натуральна, найперш напружваюцца цягліцы на нагах, але і астатнія ні хвілінкі не застаюцца нерухомымі. Таму тут, сапраўды, і фізкультура, і маральнае задавальненне.

Адзін з заўсёднікаў народных танцавальных вечарын гісторык-архівіст Віталь Назарэвіч так расказвае пра сваё захапленне гэтай культурай:

— Як і большасць людзей, доўгі час я насцярожана ставіўся да гэтай з'явы. Але аднойчы пазнаёміўся з удзельнікамі этнаграфічнага клуба KОLА з Маладзечна, з Воляй Трубач, ад якіх больш даведаўся пра танцы. Так супала, што на той момант мне захацелася адчуць зусім новыя эмоцыі ў жыцці, таму я і вырашыў схадзіць да колаўцаў на Вячоркі дзеля эксперымента. А на другі раз адразу трапіў на танцы ў Міханавічы і мяне «накрыла»... Адчуваю як агульная атмасфера такіх вечарын пранікае ў мяне і выштурхвае адтуль увесь негатыў, які назбіраўся за тыдзень. Беларускія народныя танцы — гэта спалучэнне музыкі, людзей, рухаў — усё разам зліваецца, утвараючы добрую атмасферу. І ты перанараджаешся, набіраешся энергіі для магчымасці глядзець на свет пазітыўна. Народныя танцы — гэта сапраўдны цуд!

Адметна, што такая танцавальная культура распаўсюджваецца не толькі ў Маладзечне ці, скажам, у Мінску. На адмысловым сайце svаjеtаnсу.еthnо.bу можна знайсці расклад танцавальных вечарын у розных гарадах Беларусі. Акрамя абласных цэнтраў (за выключэннем Брэста), гэта яшчэ і Полацк, Любань, Баранавічы, Маладзечна, Барысаў, Бабруйск. Асноўная частка такіх імпрэз ладзіцца ў межах праекта «Свае танцы» — грамадскай ініцыятывы Студэнцкага этнаграфічнага таварыства па папулярызацыі традыцыйнай танцавальнай культуры ў Беларусі.

Варта прыгадаць і ініцыятыву «Дударскага клуба», які ўжо 8-ы сезон ладзіць сярэднявечныя танцы ў сталіцы. Раз на месяц здымаецца адмысловае прасторнае памяшканне, збіраюцца музыкі (і не толькі дудары) і шматлікія ахвотныя патанцаваць. Здараецца, на такіх вечарынах яблыку няма дзе ўпасці! Цеплыня атмасферы падтрымліваецца шматлікімі аднадумцамі, проста цікаўнымі асобамі, якія збіраюцца разам, каб патанчыць, і выбіраюць для гэтага не папсовую музыку, а тую, што нясе пэўны сэнс.

Падаецца, так і павінна быць — у час, які імкліва паскараецца, руйнуе адметнасці, быццам бы злучае людзей, але ў той жа час кожны застаецца на адлегласці — сваё, роднае-народнае, трэба берагчы. Як тую глебу, што дапамагае больш трывала ўмацавацца на гэтым свеце. І як надзею і разуменне сваёй блізкасці і далучанасці да канкрэтнай культуры

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.