Вы тут

Абвешчаны збор сродкаў на работы ў мсціслаўскім касцёле


Абвешчаны збор сродкаў на падрыхтоўку дакументаў першачарговых супрацьаварыйных работ у касцёле былога калегіума езуітаў XVІІ стагоддзя ў горадзе Мсціславе. Гэта звязана з тым, што ў былым езуіцкім касцёле абрынулася частка сцяны, якая трымала нагрузку зводу будынка.


Мясцовы дабрачынны фонд «Адраджэнне гісторыка-архітэктурных помнікаў Мсціслава» пачаў збор сродкаў, таксама адкрыты разліковы рахунак, інфармацыя пра які размешчана на сайтах Мсціслаўскага, Кіраўскага, Крычаўскага, Бабруйскага, Асіповіцкага райвыканкамаў, Міністэрства культуры. Варта адзначыць, што ў папярэднія гады з прыцягненнем дабрачынных ахвяраванняў ажыццёўлена замена вежы на камяніцы ў Нясвіжы, праводзіліся работы па захаванні касцельнай вежы ў Навагрудку.

У Міністэрстве культуры растлумачылі, што, паводле заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, забеспячэнне захаванасці гісторыка-культурных каштоўнасцяў ускладаецца на іх уласнікаў (карыстальнікаў). Пры падпісанні ахоўнага абавязацельства ўласнікі прымаюць абавязкі па захаванні нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Рашэнне аб неабходнасці правядзення работ на аб'ектах прымаюць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, што прадугледжана палажэннем аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аб'ектаў, зацверджаным Саветам Міністраў. З рэспубліканскага бюджэту штогод, зыходзячы з інвестыцыйных магчымасцяў, накіроўваюцца сродкі для забеспячэння захаванасці гісторыка-культурных каштоўнасцяў, якія знаходзяцца ва ўласнасці Беларусі, і доступу да іх, а таксама гісторыка-культурных каштоўнасцяў катэгорый «0», «1», «2», якія знаходзяцца ва ўласнасці адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак і ва ўласнасці рэлігійных арганізацый, па пераліку, зацверджаным пастановай Савета Міністраў, у частцы капітальных выдаткаў.

У 2018 годзе ў дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме і праграме «Культура Беларусі на 2016—2020 гады» плануецца працягнуць фінансаванне найбольш значных аб'ектаў, работы па якіх былі пачаты ў мінулыя гады: Косаўскі палацава-паркавы ансамбль Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці; палацавы комплекс у гарадскім пасёлку Ружаны Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці; Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку; комплекс былога калегіума езуітаў у вёсцы Юравічы Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці; касцёл Божага Цела ў Нясвіжы; палацава-паркавы ансамбль у вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці; Успенскі манастыр у вёсцы Пустынкі Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці; замкі ў гарадах Гродзенскай вобласці — Лідзе, Навагрудку, у вёсцы Крэва Смаргонскага раёна, у вёсцы Гальшаны Ашмянскага раёна.

За апошнія гады са сродкаў рэспубліканскага бюджэту была зроблена рэстаўрацыя на такіх значных аб'ектах спадчыны, як палац Румянцавых — Паскевічаў у Гомелі, палац у Крычаве, замкі ў горадзе Нясвіжы і гарадскім пасёлку Мір. Цяпер гэтыя аб'екты з'яўляюцца іміджавымі для Беларусі і дазваляюць прыцягваць турыстаў.

Разам з тым ёсць і прыклады зацікаўленасці мясцовых органаў улады, якія прымаюць захады па пошуку спонсарскіх сродкаў для адраджэння аб'ектаў спадчыны. Сярод такіх работ, што выконваюцца за кошт ахвяраванняў, — аднаўленне палаца ў Ружанах Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці, распрацоўка праектнай дакументацыі па Старым замку ў Гродне.

Можна казаць таксама аб рэстаўрацыі гісторыка-культурных каштоўнасцяў за кошт сродкаў уласнікаў — сядзібы ў вёсцы Краскі Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці, вёсцы Лынтупы Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці і іншае.

У наш час у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі ўключана 5563 аб'екты, у тым ліку помнікі архітэктуры, горадабудаўніцтва, запаведныя месцы — 1824; помнікі гісторыі — 1204; помнікі мастацтва — 61; помнікі археалогіі — 2263; нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці (абрады, традыцыі, тэхналогіі, якія адлюстроўваюць традыцыйную беларускую культуру) — 119, рухомыя матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці (прадметы мастацтва, гербы) — 92

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Хто клапоціцца пра аднаўленне?

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».