Вы тут

У сталічным Цэнтры сучасных мастацтваў працуе выстава Панна Dоll'я


Выстава, якую складана глядзець без усмешкі.

Пакуль у галовах трымаецца акадэмічная сістэма мастацтваў, а пра некаторыя віды — як кіно — дагэтуль не існуе агульнага меркавання, што гэта такое і наколькі сур'ёзна, пра сябе гучна заяўляе аўтарская лялька. У паўсядзённым жыцці мы прызвычаіліся бачыць у ёй ужытковы характар, а тым часам мастацтва лялькі распаўсюджваецца, збіраецца ў калекцыі і таксама прычыняецца да слоў «талент» і «цуд». Ацаніць гэты кірунак цяпер можна ў Цэнтры сучасных мастацтваў на праспекце Незалежнасці: да 27 студзеня тут працуе выстава Панна Dоll'я, што ўмясціла ў сябе эксклюзіўныя работы з васьмі краін. Некаторыя ствараліся спецыяльна для экспазіцыі ў Мінску.


Шчыра кажучы, менавіта гэтай інтрыгай — што сабой уяўляе мастацтва лялькі? — Панна Dоll'я і прываблівае. Хоць экспанатамі тут выступаюць і жывапісныя работы: у кампазіцыю выставы ўключана серыя Пятра Фралова «Азбука» — на кожным з палотнаў трэба пашукаць словы на адпаведную літару; тут жа выстаўлены праект небезвядомых сталым наведвальнікам галерэй Ганны Сілівончык і Васіля Пешкуна.

Але дзіўны разнастайны свет, які паказвае ўмелыя рукі і багатую фантазію майстроў, людзей, жывёл і персанажаў, розныя тэхнікі і матэрыялы, у большай ступені ўвасобіўся менавіта ў той частцы выставы, дзе размясціліся выкшталцоныя лялькі. Дарэчы, выставу ўжо наведалі калекцыянеры з Карэі, Амерыкі, Францыі, Германіі і Вялікабрытаніі, больш за тое — шмат выстаўленых работ ужо выкуплена і чакае заканчэння працы экспазіцыі, каб паехаць у новы дом.

Куратар праекта Надзея Цыганоўская ўжо пяты год арганізуе ў Мінску выставу лялек і дзве з іх — у Цэнтры сучасных мастацтваў. Аўтарская лялька трапляе сюды ў выніку пільнага адбору (падрыхтоўка займае больш за паўгода), сёлета гэты адбор прайшлі аўтары з Беларусі, Расіі, Украіны, Францыі, Германіі, Латвіі, Літвы і Эстоніі. У экспазіцыі яны прадстаўляюць лялькі з тэкстылю (у тым ліку ў больш складанай тэхніцы скульптурнага тэкстылю), гарачага і самазастывальнага пластыку, плюшу, спецыяльнага футра для тэдзі-кірунку, фарфору, дрэва, пацерак, скуры. Лялька з самазастывальнага пластыку, які вырабляецца ў Японіі, напрыклад, пражыве не менш за 350 гадоў.

«Сёння мастацтва лялькі можа паспрачацца нават з жывапісам: ужо каля трыццаці гадоў яно заяўляе пра сябе па ўсім свеце, — кажа Надзея Цыганоўская. — Лялечны свет прыйшоў да нас з Японіі, дзе гэтаму кірунку некалькі сотняў гадоў. Тут кожны багаты дом лічыць за гонар мець лялек, а падчас спецыяльнага свята гаспадары іх «выпускаюць»: выстаўляюць на вуліцы, каб маглі ўбачыць і іншыя. Лялька — інтэр'ернае мастацтва, яе цікава калекцыянаваць, бо кожны аўтар стварае нешта непаўторнае. Я ведаю, што рэдка хто з майстроў пагодзіцца зрабіць нешта паўторна. Па-першае, таму што гэта ўжо не цікава, па-другое, таму што ідэнтычнай лялька ўсё роўна не атрымаецца. Кожная работа на гэтай выставе — унікальная».

На Панне Dоll'е ў Цэнтры сучасных мастацтваў прадстаўлена серыя работ майстра з Расіі Ірыны Гаруновай «Каралевы і блазны». «Ірына — вельмі паспяховы аўтар, які добра прадаецца. Палова выстаўленых тут лялек ужо выкуплена», — каментуе куратарка выставы. Па матывах жывапіснай серыі Пятра Фралова «Азбука» створаны лялькі Марыны Жаваранкавай, складаную тэхніку з халоднага фарфору з выкарыстаннем пацерак прадстаўляе ўкраінскі аўтар Ірына Бажэчэнка. Калядуючыя дзеці, анёлы, лісы, готыка і рок — сярод паўтары сотні адзінкавых лялек можна знайсці розныя кірункі, культурныя ўплывы і персанажаў нават з інтэрнэт-мемаў.

Што датычыцца лялечнага мастацтва ў Беларусі, Надзея Цыганоўская адзначае яго ўпэўненае развіццё. Яна сама рэгулярна праводзіць майстар-класы, запрашае сюды майстроў высокага ўзроўню. «З-за здаровай канкурэнцыі — у якой сваю ролю адыгрывае і наша штогадовая выстава — беларускія аўтары пачалі расці і развівацца. Сярод іх ёсць майстры, роўных якім можна налічыць толькі дваццаць у свеце. За творамі Сяргея Драздова — ён робіць лялек у стылі стым-панк — чарга, ён не паспявае нават сабраць уласную калекцыю. Чаго варты Юрый Шароў з яго механічнымі работамі. Ёсць такі аўтар Вольга Егупец, якую мы можам назваць Маркам Шагалам, дык вось беларуская Вольга Егупец — гэта Таццяна Палякова, у яе свой асаблівы кірунак».

Дарэчы, на выставе можна толькі глядзець — не дакранацца, хоць памацаць часам хочацца нясцерпна. Кожны экспанат, апроч тых, што ўжо забраніраваны, можна набыць для ўласнай калекцыі. Да 27 студзеня яшчэ ёсць час працягнуць знаёмства з аўтарскай лялькай альбо адкрыць яе для сябе як новы від мастацтва.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Шагалы лялечнага мастацтва

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?