Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра старт чэмпіянату Еўропы па гандболе, трэці тытул мінскага «Юнацтва» ў Кантынентальным кубку і пра вынікі чарговага этапу Кубка свету па біятлоне.


1. Зборная Беларусі па гандболе з перамогі стартавала на чэмпіянаце Еўропы ў харвацкім Порэчы. Першымі сапернікамі для гульцоў Юрыя Шаўцова сталі аўстрыйцы, якіх нашы хлопцы абыгралі з лікам 27:26. Найлепшым гульцом і бамбардзірам сустрэчы стаў Уладзіслаў Кулеш, на яго рахунку 7 закінутых мячоў. У варотах беларусаў у першым, як і ў другім матчы з нарвежцамі, усю гульню правёў Вячаслаў Салдаценка.

— Трэнеры больш за ўсё асцерагаюцца менавіта за стартавыя паядынкі чэмпіянатаў. Такія сустрэчы заўсёды непрадказальныя — адбыцца можа ўсё што заўгодна, — каментуе сустрэчу галоўны трэнер Юрый Шаўцоў. — Таму я і люблю пачынаць барацьбу на падобных турнірах з матчаў супраць заведама моцных сапернікаў. Калі так пойдзе далей, з такім характарам мы можам змагацца з любымі камандамі. Зразумела, я задаволены вынікам, было відаць, што гандбалісты абедзвюх камандаў нерваваліся. Мы вельмі добра дзейнічалі ў атацы — хлопцы выконвалі ўсе тактычныя задумы. І абарона, і Салдаценка адыгралі так, як гэта было ў перыяд падрыхтоўкі зборнай. Цяпер абарона — моцнае месца беларускай каманды. І я рады, што ў нас атрымалася гэтага дамагчыся.

У другім паядынку групавой стадыі ЕЎРА беларусы сустракаліся з віцэ-чэмпіёнамі свету нарвежцамі і як роўныя змаглі змагацца толькі першы тайм, у канцоўцы сустрэчы пройгрыш вырас да пяці мячоў — 28:33. Сёння нашы хлопцы сустрэнуцца з яшчэ больш знакамітымі сапернікамі — французамі.

Нагадаем, у наступны этап выходзяць тры каманды з групы.


2. Хакеісты мінскага «Юнацтва» перамаглі казахстанскі «Намад» 5:2 і трэці раз у гісторыі заваявалі Кантынентальны кубак. Да гэтага падапечныя Міхаіла Захарава перайгралі «Рытэн Спорт» і «Шэфілд».

— Вельмі хацелася выйграць. У тым ліку і дзеля таго, каб у нашым актыве стала тры трафеі. Ні адзін клуб яшчэ тройчы не перамагаў у гісторыі Кантынентальнага кубка. У Расіі дзве перамогі ў гэтым спаборніцтве — у «Ак Барса» і «Лады». А ў нас ужо тры трыумфы. Быў вар'яцкі настрой, згулялі добра, выдатна, — адзначыў Міхаіл Захараў.

Такім чынам «Юнацтва» заваявала права згуляць у наступным сезоне ў Лізе чэмпіёнаў.


3. Мас-стартамі завяршыўся чарговы этап Кубка свету па біятлоне ў нямецкім Рупольдынгу. Дар'я Домрачава заняла шостае месца, хоць першую частку гонкі правяла ў ролі лідара. Перамогу атрымала Кайса Мякярайнен, другой стала Лаура Дальмаер, «бронза» ў Веранікі Віткавай.

Ірына Крыўко размясцілася на 14-й пазіцыі выніковага пратакола, Надзея Скардзіна заняла 16-е месца.

Ніхто з беларускіх спартсменаў не трапіў у лік удзельнікаў мужчынскай гонкі з масавым стартам.

Наступны этап Кубка свету пройдзе ў італьянскім Антхольцы з 18 па 21 студзеня.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: З такім характарам мы можам змагацца

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.