Вы тут

Навуму Гальпяровічу спаўняецца 70 гадоў


Яго голас ведае, без перабольшання, амаль уся рэспубліка, бо ён вось ужо трыццаць з лішнім гадоў гучыць на хвалях Беларускага радыё.

Яго вершы і апавяданні добра знаёмыя шматлікім аматарам літаратуры, бо творы гэтыя пазначаны шчырасцю, дабрынёй, талентам.

Яго як дырэктара радыёстанцыі «Беларусь» цэняць і паважаюць у калектыве, бо ён умее кожнага супрацоўніка своечасова пахваліць, тактоўна, разумна пакрытыкаваць і, калі трэба, памагчы, падтрымаць.

А для мяне ён — добры сябра, з якім заўсёды цікава пагаварыць і памаўчаць.

Усё гэта — пра Навума Гальпяровіча, вядомага радыёжурналіста, выдатнага паэта, якому 14 студзеня спаўняецца 70 гадоў. З гэтай нагоды мне хочацца сказаць колькі слоў.

Сцвярджаюць: каб паўней адчуць, зразумець чалавека, трэба зрабіць тры рэчы — пабываць на яго малой радзіме, натхніць на адкрытую, нязмушаную размову і, калі гэта паэт, пачытаць яго творы.

На малой радзіме Гальпяровіча — у Полацку — мы разам з ім пабывалі не адзін раз. Навум Якаўлевіч шчодра пазнаёміў мяне не толькі з родным горадам, але і з усёй Полаччынай, уключаючы Наваполацк. Дарэчы, у абодвух гэтых гарадах ён з'яўляецца ганаровым грамадзянінам, тут яго да гэтага часу памятаюць і шануюць. Я быў сведкам, калі на полацкіх вуліцах сустрэчныя людзі, пазнаўшы яго, радасна віталі, а то і ўсхвалявана абдымалі.

Яму пашчасціла нарадзіцца ў, бадай, самым славутым горадзе краіны, а дзяцінства і юнацтва правесці паміж дзвюма святынямі — Сафійскім саборам (вежы якога ён упершыню пабачыў праз акно радзільнага дома) і Спаса-Праабражэнскай царквой, паблізу якой стаяла бацькоўская хата.

Пад час адной з вандровак мы завіталі на лецішча Гальпяровіча — у невялічкую, за трыццаць кіламетраў ад Полацка вёсачку Зыкова. Пасля знаёмства з глухой, дзе, здавалася, не ступала нага чалавека, але надзвычай маляўнічай мясцінай, пасля наварыстай юшкі і пэўнай чаркі мы прагаварылі з Навумам Якаўлевічам амаль цэлую ноч.

— Для мяне Полацк, — прызнаваўся ён, — не проста нейкае геаграфічнае месца. Гэта яшчэ і прыналежнасць да Беларусі. Да беларускага слова. Да беларускай культуры. Скажу нават больш: беларусам мяне зрабіў менавіта Полацк. Беларусам не па крыві, а беларусам па духу, па адчуванні таго, што я павінен, абавязаны нешта рабіць для беларускай мовы, беларускай культуры.

Такія прызнанні, банальна кажучы, дарагога вартыя.

І нарэшце было чытанне і перачытванне твораў Навума Гальпяровіча.

Але перад гэтым я мушу зрабіць невялікае адступленне. Яго паэтычны дэбют адбыўся ў 1967 годзе, калі Навум Якаўлевіч працаваў яшчэ грузчыкам на заводзе шкловалакна. У наваполацкай газеце «Химик» была апублікавана вялікая падборка ягоных вершаў і нават з партрэтам аўтара. Але вершы гэтыя былі яшчэ даволі слабыя, пераймальныя. Да таго ж на рускай мове. Таму сапраўдным пачаткам літаратурнай дзейнасці ён лічыць публікацыю вершаў у часопісе «Маладосць».

Потым была праца ў Полацкай раённай газеце «Сцяг камунізму», на заводзе «Палімір», на Беларускім радыё, у часопісе «Вожык», Саюзе пісьменнікаў Беларусі, вяртанне на Беларускае радыё. «Але заўсёды са мной быў мой родны Полацк, які па-ранейшаму адзін з галоўных чыннікаў майго духоўнага жыцця», — напіша пазней у сваёй аўтабіяграфіі Навум Гальпяровіч. І, вядома ж, былі творы. Кнігі паэзіі і прозы.

Адзін з іх — зборнік вершаў «Час лістападу», які толькі што выйшаў у выдавецтве «Чатыры чвэрці». Зборнік гэты не шараговы. Ён у нейкім сэнсе знакавы, выніковы, бо ў ім сабраны і вельмі патрабавальна адабраны аўтарам найлепшыя свае вершы, створаныя за паўстагоддзя творчай дзейнасці. Думаецца, што гэта самая спавядальная, самая духоўна насычаная і душэўна адкрытая кніга з усіх, што выдадзены паэтам. У ёй, невялікай па аб'ёме, канцэнтрацыя эмоцый, пачуццяў і думак такой сілы, што яна, гэтая кніга, можа і павінна стаць падзеяй у літаратурным жыцці краіны.

«Час лістападу»... У гэтай прыгожай, рамантычнай назве тоіцца не толькі намёк на пару года, але і на ўзрост аўтара. Сапраўды, Навум Гальпяровіч пераступае тую мяжу, за якой пачынаецца пара сталасці і мудрасці. Пара спелага жніўня.

Зіновій ПРЫГОДЗІЧ

«Звязда» далучаецца да шматлікіх віншаванняў, якія Навум Якаўлевіч будзе прымаць заўтра. Зычым нашаму аўтару і добраму сябру здароўя, натхнення і плёну!

А на радыё «Беларусь» выйшла адмысловая перадача, прысвечаная юбілею Навума Гальпяровіча.

Загаловак у газеце: Спелы жнівень Навума Гальпяровіча

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».