Вы тут

Кінакрытыкі шукаюць вострыя куты беларускага кінематографа


Самая важная падзея ў свеце кіно, безумоўна, — само кіно. Але калі ў іншых краінах ёсць фільтры добрага/ дрэннага, то для Беларусі кожная знятая стужка — свята, якой бы яна ні была на самай справе. Тым не менш у хуткім часе якасць айчыннага кінематографа мае быць палепшаная: па-першае, напрыканцы 2017 года завяршылася рэканструкцыя кінастудыі «Беларусьфільм»; па-другое, міністр культуры паведаміў, што на кінавытворчасць будзе выдаткоўвацца больш сродкаў; па-трэцяе, у свеце айчыннага кіно з’явілася шмат новых імёнаў, а яшчэ гучнейшымі сталі прозвішчы тых кінематаграфістаў, пра якіх мы ведалі.


Варта ўзгадаць, што мінулы год быў для беларускага кіно сімвалічны: упершыню за шмат гадоў айчынная стужка трапіла ў праграму «Маладосць на маршы» кінафестывалю «Лістапад» («Заўтра» Юліі Шатун), беларускія фільмы былі прадстаўлены ў праграмах некалькіх замежных фестываляў і ўзялі шмат прызоў, сцэнарый беларусаў Мікалая Лаўранюка і Сяргея Каласоўскага перамог у секцыі Scrip Teast у Канах, вельмі парадавала колькасць (і якасць!) карцін, створаных незалежнымі аўтарамі, некалькі ігравых стужак прадставіла кінастудыя «Беларусьфільм». Пра тое, якія праблемы ёсць у нашым кіно, як іх вырашаць і чаго чакаць ад наступнага кінематаграфічнага года, каб таксама было што ўспомніць, разважаюць кінакрытыкі.

Людміла САЯНКОВА, кінакрытык, загадчыца кафедры літаратурнамастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ:

— Людміла Пятроўна, якім узгадваецца вам «Беларусьфільм»? — Сцены былі не такія гладкія, а падлога — не такая ідэальная. Але там заўжды быў стан творчай мнагалюднасці: калі я прыходзіла на «Летапіс», бачыла, што ўсе дзверы расчыненыя і ў іх можна было заўважыць, як рэжысёры абмяркоўваюць фільмы, сцэнарысты разважаюць пра дэталі сцэнарыяў. Такі творчы запал я б абазначыла неабыякавасцю да сваёй справы: «Беларусьфільм» узгадваецца актыўным, плённым асяроддзем, дзе на ўсіх паверхах атмасфера была аднолькава чароўная: у некалькіх кіназалах адначасова круцілі стужкі, абмяркоўвалі свежыя фільмы і працоўныя матэрыялы. І, дарэчы, калі кіно ствараецца — гэта заўважна: бо калі заходзіш у кабінет, дзе працуе творчы чалавек, па абстаноўцы заўжды можна зразумець, што гэта творца! На жаль, рэканструкцыя студыі былой атмасферы не вярнула. Яшчэ адзін з успамінаў ранейшага кінематаграфічнага жыцця, калі ў «Доме кіно» былі прэм’еры беларускага кіно! Туды прыходзілі людзі, якія ўдзельнічалі ў вытворчасці фільмаў, кінакрытыкі і тыя, хто проста любіць айчынны кінематограф. І я лічу важным, каб сваё кіно бачылі, ацэньвалі, абмяркоўвалі...

— Як і дзе знаходзяцца кінематаграфічныя таленты?

— Таленавітых аўтараў трэба шукаць і даваць ім творчы карт-бланш, але пад наглядам майстра. Вось прыклад: Аляксандр Сакураў паехаў у Кабардзіна-Балкарыю, стварыў там курс, і яго студэнты ўжо пачалі заяўляць пра сябе. У свой час таксама Сяргей Салаўёў стварыў казахскую майстэрню, і вучні гэтых рэжысёраў змаглі вывесці кінематографы ў сваіх краінах на пэўны ўзровень, іх стужкі ўдзельнічаюць у вялікіх фестывалях. І, дарэчы, як бы скептычна ні ставіліся да фестывальнага кіно, яго варта здымаць: там заўжды ёсць мастацкі складнік, і такія фільмы канкурэнтназдольныя. Таленты трэба шукаць бесперапынна, і гэты пошук маладых кінематаграфістаў, добрых сцэнарыяў павінен быць студыйным абавязкам.

— На якія сцэнарыі варта звяртаць увагу?

— Я чытала некаторыя сцэнарыі, якія ўдзельнічалі ў конкурсе, і знайшла там шмат цікавага! Зразумела, яны патрабуюць выдаткаў, але галоўнае — яны патрабуюць цікавага рэжысёрскага падыходу і адпаведнасці паняццю «нацыянальнага», калі кінастудыя так называецца. Менавіта такое кіно і трэба ствараць: няхай гэта будзе адзін фільм, на які можна зрабіць стаўку. Нядаўна чытала сцэнарый Аляксея Дударава «Партызан». Гэта не бюджэтны, але рэжысёрскі і акцёрскі сцэнарый, з яго можна зрабіць яркі фільм, калі ўкласці туды не толькі грошы, але і чалавечы рэсурс. Я б прывяла тут прыклад Эстоніі: там на аснове нацыянальнай міфалогіі з’явілася стужка «Лістапад», але цікава глядзець яе ўсім — фільм нават адабралі на «Оскар». Калі нацыянальнае кіно заўважаецца, гавораць не толькі пра саму карціну, але і пра краіну і яе кінаасяродак.

— Датычна бюджэтаў: добрага кіно без грошай не бывае?

— Бюджэт не ўплывае на якасць фільма, і гэта даказана прыкладамі з многіх краін. Што сапраўды важна — гэта мастацкая якасць. Бюджэты патрэбныя для гістарычных стужак з касцюмамі, але першасная для любога кіно — ідэя. І рэжысёры павінны ўмець яе фармуліраваць. Я сутыкаюся з тым, што многія маладыя беларускія кінематаграфісты не могуць адказаць на такое простае пытанне, як «навошта і для каго вашае кіно створанае?». І гэта — праблема.

— Тэмы нацыянальных стужак павінны быць... якімі?

— Тут няма абмежаванняў! Тэма сучаснасці заўжды цікавая: новы сцэнарый аднаго з беларускіх рэжысёраў вельмі добра адлюстроўвае наш час з яго метафізікай, з экзістэнцыяй чалавека і яго ўнутраным адчуваннем. Ужо ёсць у Беларусі такая стужка, вельмі падобная па сюжэце да амерыканскага аскараноснага «Маўчання ягнят». Вось такое кіно і цікавае, якое паказвае чалавека з іншага боку! У нас, на жаль, у кіно вельмі любяць згладжваць вострыя куты, але мастацтва такім не бывае! Можна паказаць баталіі, бітвы, але калі там няма даследавання чалавечай натуры, кіно будзе нецікавае, «халоднае». Наконт тэм, я б абавязкова звярнула ўвагу на Караткевіча — глядач сумуе па нацыянальным кіно! Я памятаю дзіўны эфект фільма «Настасся Слуцкая»: паказы праходзілі з авацыямі, і менавіта таму, што была расказаная нацыянальная гісторыя, якая прыйшлася па душы айчыннаму гледачу. Гэта крытэрый таго, што зараз патрэбна беларусам, — гістарычнае кіно з нацыянальнымі асаблівасцямі, якое атрымалася б выдатна па творах Караткевіча.

Антон СІДАРЭНКА, кінакрытык, начальнік сцэнарна-рэдакцыйнага аддзела нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм»:

— Праблемы нашага кіно — якія яны?

— Па-першае, я б не стаў падзяляць праблемы беларускага кіно на праблемы «незалежных» і «дзяржаўных». Урэшце праблемы ва ўсіх амаль аднолькавыя. Галоўная з іх — адсутнасць уласнага значнага рынку кінапрадукцыі і развітой кінаіндустрыі і, як вынік, нізкі ўзровень фінансавання праектаў і празмерная залежнасць ад рынку суседняй краіны. Яшчэ адна важная агульная праблема — нізкі ўзровень культуры кінавытворчасці. І гэтае пытанне наўпрост вынікае з першага.

— Як можна змяніць сітуацыю?

— Толькі дзённай руплівай працай усіх кінематаграфістаў, у тым ліку, над самімі сабой. Бо ніякія грошы і ніякі адміністрацыйны рэсурс не дапамогуць напісаць добры сцэнарый або знайсці прадзюсара для свайго праекта. Не варта чакаць падарункаў з панскага пляча, трэба самім ісці наперад і бесперапынна развівацца.

Антаніна КАРПІЛАВА, загадчыца аддзела экранных мастацтваў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі:

— У чым бачыцца галоўная праблема нашага кіно?

— У нас пакуль няма аднароднасці, дзе кіно разумелася б агульным працэсам. Я б сказала, што справа тут не ў фінансаванні: крэатыўныя ідэі зараз на баку менавіта незалежнага кінематографа, у той час як «Беларусьфільм» працуе па шаблонах. Можна шукаць апраўданні ў рэканструкцыі, але справа не ў будаўніцтве: у свеце не хапае новых сцэнарыяў і рэжысёраў з цікавым мысленнем. Гэта самая вялікая праблема кінематографа, бо талент вырашае лёс любога мастацтва. Але ў нас ёсць праблема прафесіяналізму, валодання рамяством. Зараз шмат спрачаюцца наконт стужкі Нікіфарава «Тумпабі-дум»: там жанравая эклектыка, якая многім падаецца непрымальнай, а я мяркую, што гэта выдатны мікст з сучасным поглядам на рэчы.

— Моцна прагучала беларуская стужка «Заўтра». Чым яна чапляе? Гільдыя кіназнаўцаў і кінакрытыкаў, у складзе якой і вы, палічыла яе лепшай.

— Мінімальнымі сродкамі, але з максімумам творчага падыходу рэжысёр адлюстравала беларускую глыбінку з яе ілюзіямі, праблемамі, псіхалагічным ціскам, але з-за любові да персанажаў тут не адчуваецца дэпрэсіўнасці. Такія шчырыя фільмы здымаюцца раз у жыцці. Цікава, куды далей пойдзе Юлія Шатун, бо французская новая хваля таксама фарміравалася з кінематаграфістаў без спецыяльнай адукацыі, але ўсе гэтыя людзі — Труфо, Брэсон — былі «нагледжанымі» і літаральна жылі ў парыжскай сінематэцы. Дарэчы, важнасць адукацыі разумеюць і нашы рэжысёры — Мікіта Лаўрэцкі вучыцца ў магістратуры Акадэміі мастацтваў.

— З чаго складаецца поспех фільма?

— Акрамя відавочнага, трэба арыентавацца на кааперацыю: мы на кінастудыі часта вядзём пра гэта гаворку, але некаторыя лічаць, што ўдзельнічаць у такіх праектах — значыць выконваць чыюсьці замову. Я ў такі момант узгадваю прыклад стужкі «У тумане» Лазніцы: там вельмі многа беларускага, нават сама назва — дыягназ нашаму грамадству, нягледзячы на тое, што гэта таксама капрадукцыя. Таксама для кіно важны ўзровень рэжысёрскага мыслення. Калі я бачу беларускія фільмы, заўважаецца, як моцна на нашых рэжысёраў уплывае камфортная, «хатняя» тэлевізійная стылістыка. У Галівудзе ствараюць новы тэхналагічны ўзровень кіно, у Расіі здымаюць стужкі выключна з дапамогай храмакея, эксперыментуюць і выходзяць з зоны камфорту па ўсім свеце — для нас таксама будуць карысныя такія тэхналогіі! І не менш важна экранізаваць класіку — творы Караткевіча неабходна бачыць на экране, але для такой работы патрэбныя выдатныя рэжысёры.

— Чаго чакаеце ад «Беларусьфільма» ў новым годзе?

— Насамрэч я ўзрадаваная, што рыхтуецца другі альманах маладых рэжысёраў (на тэму вайны), які курыруе Іван Паўлаў. У ім будзе экранізацыя трагічнага фрагмента з «Млечнага шляха» Кузьмы Чорнага, вельмі цікавай абяцае быць навела «Кантужаны» па сцэнарыі Залужнага — гэта будзе гісторыя пра паняцце міласэрнасці. Я дзіўлюся, што ваенная тэма дагэтуль цікавая моладзі: рэжысёры ўжо сустракаюцца, дыскутуюць, як зрабіць альманах з кавалачкаў цэласным фільмам.

Зразумела, можна спадзявацца на дакументалістыку: Віктар Аслюк прадставіць сваю «Беларускую Атлантыду», дзе ўздымае глыбокія праблемы беларускага менталітэту, але мне падалася там важнай тэма арыгінала і копіі — рэжысёр распавядае пра гэта праз руіны Крэўскага замка. Галіна Адамовіч стварыла «Альтэрнатыўных людзей» аб праблеме аўтызму — ёсць кадры, якія будуць першымі ў беларускім кіно. Але галоўная надзея — анімацыя! Яна існуе зараз у межах дзіцячых адукацыйных праектаў, але не варта забывацца пра дарослых! Алена Турава здымае «Зоркі сёмага неба» — першы поўнаметражны мюзікл з феерверкам пластычных метамарфоз. Алена Пяткевіч працуе над стужкай пра Францыска Скарыну: там нават будуць дыялогі асветніка з катом, у тым ліку і на тэму пісьменнасці народа. Ігар Волчак таксама адыходзіць ад адукацыйных праектаў — стварае анімацыйную стужку «Ваўчаняці» па апавяданні Яўгена Чарушына: свет жывёл перакрыжоўваецца са светам людзей, і гэтая гісторыя можа стаць прыпавесцю пра свабоду.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Загаловак у газеце: Свята, якое заўжды з табой

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».