Вы тут

Ці трэба пускаць турыстаў у запаведнікі?


Захаванне некранутасці прыродных тэрыторый — адна з галоўных задач запаведнікаў і нацыянальных паркаў. Гэта неабходна ўлічваць пры развіцці экалагічнага турызму ў Беларусі, упэўнены спецыялісты Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.


Стаўка — на «зялёны» турызм

— Беларусь — адна з самых багатых на прыродныя адметнасці краін на постсавецкай прасторы: тут налічваецца каля 1300 каштоўных прыродных аб'ектаў, плошча асабліва ахоўных прыродных тэрыторый складае 8,7% ад плошчы краіны, — адзначае начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Мікалай Свідзінскі. — Некранутасць беларускай прыроды, яе багаты жывёльны і раслінны свет павінны прывабліваць у гэтыя месцы больш людзей, якія цікавяцца менавіта экалагічным турызмам.

Па словах спецыяліста, прыродныя экасістэмы маюць павышаную папулярнасць сярод турыстаў, што не заўсёды ідзе ім на карысць. На жаль, не ўсе, хто наведвае такія тэрыторыі, разумеюць іх каштоўнасць і асаблівыя патрабаванні да адпачынку.

— Пакінутае смецце і шматлікія вогнішчы на тэрыторыі асабліва ахоўных прыродных тэрыторый — Мінпрыроды не за такі турызм, — падкрэсліў Мікалай Свідзінскі. Пры гэтым ён упэўнены: ААПТ могуць і павінны быць адкрыты для наведвання, але пры строгім выкананні турыстамі прыродаахоўных нормаў.

Таму стаўку адміністрацыям прыродаахоўных устаноў лепш рабіць на развіццё экалагічнага турызму: арганізацыю арніталагічных тураў, фотапалявання, назірання за пэўнымі працэсамі ў натуральным асяроддзі, навуковыя сустрэчы і экаадукацыю. Пры гэтым без дасканалай падрыхтоўкі спецыялістаў, экскурсаводаў (веданне замежных моў, біялагічная спецыялізацыя і інш.) цяжка дасягнуць поспехаў у развіцці гэтага кірунку, лічыць спецыяліст.

Знаёмячы з прыродай, абараняць яе

Экалагічны турызм — спецыялізаваны, але і высокадаходны кірунак, упэўнены малодшы навуковы супрацоўнік навуковага аддзела Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» Мікіта Якубоўскі. Нягледзячы на тое, што гэты блок турыстычных патокаў — не самы папулярны сярод звычайных грамадзян, ён нясе значную выгаду як у прыродаахоўным, так і ў эканамічным аспектах.

У мінулым годзе ў Белавежскай пушчы зафіксавана каля 465 тысяч прыбыццяў турыстаў (колькасць наведванняў аб'ектаў). У асноўным у нацпарк прыязджаюць прадстаўнікі масавага турызму: каб наведаць вальеры з жывёламі, музей прыроды, рэзідэнцыю Дзеда Мароза; пакатацца на веласіпедах, лыжах; пабываць на аглядных экскурсіях; адпачыць на прыродзе і г. д. Развіваецца ў пушчы і паляўнічы турызм.

Прыроданакіраваны, ці экалагічны, турызм цікавіць больш падрыхтаваных наведвальнікаў. Для турыстаў тут прапануюцца шматдзённыя паходы па назіранні за дзікімі жывёламі (аленямі, зубрамі, дзікамі), арганізуюцца эколага-асветніцкія туры для навукоўцаў (па вывучэнні фаўны і флоры), наведванне ўнікальных прыродных тэрыторый, што захаваліся ў натуральным стане (дубравы, ліпнякі, насаджэнні піхты белай), праводзяцца семінары і канферэнцыі, навуковыя даследаванні.

— Экалагічны турызм вельмі працазатратны, ён закранае цэлы комплекс пытанняў і патрабуе значнай прафесійнай падрыхтоўкі экскурсаводаў і іншых спецыялістаў, — адзначыў Мікіта Якубоўскі. — Акрамя таго, кошт такіх тураў значна вышэйшы ў параўнанні з масавым.

Але пры гэтым, па словах спецыяліста, вышэйназваная дзейнасць найбольш літасцівая ў адносінах да прыроды. Да таго ж высокі кошт паслуг набліжае даходы экалагічнага турызму да даходаў масавага. Так, напрыклад, 97 удзельнікаў арніталагічнага тура «Птушкі першабытнага лесу», які з'явіўся ў нацпарку ў мінулым годзе, папоўнілі яго казну на $9,5 тыс. Пры гэтым бёрдвотчынг, ці назіранне за птушкамі, — паслуга сезонная (праводзіцца ў веснавы перыяд).

Сярод замежных прыхільнікаў экалагічнага турызму ў Белавежскай пушчы — жыхары Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, Польшчы. Нашы заходнія суседзі таксама і ў спісе самых актыўных бязвізавых наведвальнікаў нацпарку праз міжнародны турыстычны пагранпераход «Перароў — Белавежа». Такі шлях выбіраюць тыя, хто плануе здзейсніць пешыя, веласіпедныя, конныя прагулкі па нацыянальным парку, пакатацца зімой на лыжах. За няпоўны 2015 год праз гэты пагранпераход Белавежскую пушчу наведала 1985 чалавек, у 2016-м — 4370, у 2017-м — 4471.

Вераніка КОЛАСАВА

kоlаsаvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Глядзі, любуйся. Не нашкодзь!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.