Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


«Хто яму капае, той сам туды і трапляе»

Фота: БЕЛТА

Гэта сапраўды так: добры сусед лепш, чым сем далёкіх родзічаў, бо менавіта ён, калі што, першы прыйдзе на дапамогу... Ён жа разважыць і нешта параіць. Да таго ж з ім, як, мусіць, ні з кім, добра пасядзець за кубачкам чаю ці нечага іншага.

Прыкладна так, па-сяброўску ці нават па-брацку, жылі на ўскраіне гарадка Міхась са Сцяпанам. Любілі яны разам махнуць на рыбалку, потым пасёрбаць юшкі...

Але ж жарты таксама строіць любілі. А ўжо якія!..

Неяк раз, летам, па дарозе з работы Міхась прачуў, што ім пералічылі зарплату. Дык чаму б, падумаў, не атрымаць яе, не парадаваць тым самым жонку, сям'ю...

Зрабіць гэта хацеў, падобна, не ён адзін: да банкамата вялікая чарга сышлася. Факт, што пакуль дастаяўся, на неба хмары набеглі, пасыпаў дождж . Міхась яшчэ пашкадаваў, што парасона няма. Але ж грошы свае атрымаў (што прыемна, зусім новымі, хрусткімі паперкамі), у нагрудную кішэньку паклаў ды гайда дадому.

І як быццам жа хутка ішоў, можна сказаць, нават подбегам, а змок усё роўна.

Дома найперш да трусоў раздзеўся, грошы з кішэні дастаў. Убачыў, што яны таксама змоклі. Але ж, вырашыў, гэта не бяда. На кухні, над газавай плітой, у іх вяровачка нацягнута. Рыба на ёй амаль што дасохла. Можна, значыць, зняць, а купюры падвесіць — прышчэпкамі «падхапіць».

Міхась з гэтым лёгка справіўся. А толькі злез з табурэткі, — стук у дзверы пачуў. «І каго ж прынесла? — падумаў. — У жонкі ключ павінен быць. Можа, хіба забылася?»

Патэпаў у вітальню, нясмела (ведама, голы амаль) прыадчыніў дзверы, а там сусед. І па-свойску так:

— Здароў!

— Здароў.

— Ты чаму раздзеты?

А сам тым часам на кухню ідзе (яны там звычайна сядзелі), грошы на вяровачцы бачыць:

— Што гэта? — пытае ў Міхася, вылупіўшы вочы.

— А то не бачыш, — злуе на суседа той. — Грошай трохі надрукаваў — толькі што скончыў, павесіў сушыцца... Прынесла цябе нячыстая... Кажы, чаго?

А Сцяпан з таго перапуду... забыўся.

— Проста так, — сказаў ды рушыў дамоў.

Адысціся не паспеў, — участковы яму насустрач.

— Дзе ходзіш? — пытае, павітаўшыся.

— Ды вось у суседа быў, у Міхала. Хацеў пасядзець з ім, патрындзець крыху, але ён надта ж часу не мае — заняты: грошы сабе друкуе.

Участковы, як быццам, міма вушэй гэты «сігнал» прапусціў — нічога больш не распытваў, але ж сам да Міхася адразу падаўся: так і так, маўляў, паказвай, як «вытворчасць» наладзіў, дзе хаваеш станок?

— Які? Няма ў мяне ніякага станка, — адпіраецца той.

Але ж вяровачка ў кухні вісіць, грошы на ёй сохнуць, прычым новыя-новыя!

— Адкуль? — пытае ўчастковы.

— Ды з банкамата... Зарплату сёння атрымаў, пад дождж трапіў.

Не верыць яму ўчастковы: розныя пытанні задае, збіраецца ўрэшце панятых запрашаць, вобшук рабіць у хаце.

А Міхась між тым ужо скумекаў, хто яго ўчастковаму «здаў». Вось і кажа:

— Прабач, служывы, падмануў я цябе. Ёсць станок, але ж я яго суседу пазычыў. Ну вельмі прасіў...

Калі ўчастковы прыйшоў да Сцяпана, той якраз быў справай заняты. І, вядома ж, не грошы друкаваў, а... гарэлку гнаў: толькі-толькі першачку дачакаўся.

Прыйшлося ўчастковаму новы пратакол складаць.

...Прыяцелька там у сведках была, яна і расказала.

Лілія Скіндзер, г. Івацэвічы


Каб жа не пеў

Вы думаеце толькі ў яўрэяў ёсць завядзёнка, што нявесту жаніху (і наадварот...) падбіраюць родныя? У нас, беларусаў, намеры тыя ж. Мы таксама стараемся некага пазнаёміць, звесці ў пару: запрасіць, напрыклад, у госці альбо на талаку... Раптам хлопец з дзяўчынай убачаць адно аднаго, раптам спадабаюцца?

...Помню, нашы сябры свайго сына жанілі. На вяселлі з іхняга боку ўсе знаёмыя былі. Адзінае — нейкі дзяцюк побач з Аленай. Яна — дзеўка, адным дзелам, харошая, хоць, можа, у дзеўках і засядзелася.

А сябры выкладалі ў прафтэхвучылішчы. Там жа, разам з імі халасцяк адзін працаваў: хлопец сур'ёзны, адказны, завочна ў інстытуце вучыўся. Вось яны і падумалі, чаму б не пазнаёміць яго з Аленай? Да пары ж як быццам: таксама сур'ёзная, працавітая, а ўжо ў лесе дык ёй і наогул роўных няма, усе грыбныя мясцінкі ведае, вёдрамі ягады носіць...

І вось тое вяселле, дзень першы, усё ідзе як належыць. Тыя двое побач сядзяць, размаўляюць, нават знешне выглядаюць падобнымі (абое ёмкія, светлавалосыя)... Разам нешта п'юць ды ядуць, парачкай танцуюць, «Горка!» маладым крычаць...

Назаўтра ўсе крыху прытаміліся. Шмат хто з маладых да рэчкі падаўся, мужчыны заселі ў карты гуляць, жанчыны — свае размовы весці, а баяніст — нештачка пілікаць. Каля яго таксама кампанія сабралася — паслухаць. І Алена там. З кавалерам.

Хто ж ведае: можа, той падвыпіўшы быў, можа, занадта шчаслівы? Факт, што ён заспяваў — гучна, нават дзіка, бо словы песень ведаў, а вось мелодыю...

Спачатку музыка паспрабаваў быў яму падыграць, але не даў, бедны, рады і сціх.

Пакрысе, пакруціўшы пальцамі ля скроняў, ад гарлапана сталі адыходзіць госці. Куды вочы глядзяць, збегла і Алена. А кавалер, як цецярук, усё спяваў і спяваў...

Карацей, не зладзілася тое сватаўство. Хлопец праз нейкі час ажаніўся з іншай. Знайшла сабе пару і Алена. На першы погляд і ў адной сям'і, і ў другой усё нармальна, усе шчаслівыя. Хоць, як падаецца, маглі быць яшчэ шчаслівейшыя (і даўно), калі б ён не запеў.

Любоў Чыгрынава, г. Мінск


Ноч на Каляды

Нашы суседзі, расіяне, кажуць, што няпрошаны госць горш, чым татарын (альбо не горш... Хрэн за рэдзьку не саладзейшы).

Не любілі нязваных і нашы продкі. Казалі, што ім лыжкі нямашака, што іх месца — пад сталом, а то і наогул за парогам. Але ж гэта — як правіла, з якіх заўсёды бываюць выключэнні.

Дык вось. У маёй сяброўкі Мілы ў маладосці была вельмі цікавая каляжанка. Па тым часе ў яе было досыць рэдкае імя — Нэлі. Ды і захапленне таксама. Яна, у прыватнасці, вельмі любіла розныя кампаніі, танцы, бяседы. Яна ў іх, як у вір кідалася... І на гадзіннік тады ніколі не глядзела, бо навошта? Дадому, як правіла, яна ішла не адна: знаходзіўся нейкі праважаты. Хоць і не заўжды.

Аднойчы, акурат на Каляды, Нэлі вярталася з гасцей сама, прычым вельмі позна. Грамадскі транспарт ужо не працаваў, таму дзяўчына «тармазнула» машыну. У ёй сядзела двое маладых хлапцоў, і выглядалі яны досыць прыстойна, таму дзеўка без асаблівых ваганняў уступіла з імі ў размову, а потым — села ў салон.

Хлопцы, як высветлілася, нікуды не ехалі — проста каталіся па начным горадзе, можна сказаць, шукалі прыгод ды дзяўчат. У іх нават шампанскае з сабою было, якім яны збіраліся завяршыць гэты вечар, пажадана — у прыгожай кампаніі.

— Можа, у вас сяброўка ёсць? — запыталі ў Нэлі.

— Ёсць, — нядоўга думаючы адказала дзяўчына. — Жыве ў прыватным доме. І цяпер, напэўна, адна. Бацькі яе да сваякоў на свята збіраліся...

Мабільнікаў тады не было. Ды і звычайныя, правадныя тэлефоны стаялі далёка не ў кожнага. Таму ў госці кампанія паехала «татарамі» — без папярэджання, без запросінаў.

...Міла, прачнуўшыся ад іхняга стуку, выглянула ў акно, убачыла Нэлі і, вядома ж, пайшла адчыняць: як была — у начной кашулі, заспаная, непрычасаная, бо нават у думках не мела, што госця можа быць не адна, а з нейкімі хлопцамі.

Праганяць іх, Нэліных «сяброў», а тым больш у Калядную ноч, неяк не выпадала. Прыйшлося запрасіць у хату...

У выніку вечар, а дакладней — астатак ночы, прайшоў вельмі рамантычна: новыя знаёмцы прасядзелі ледзь не да раніцы: пілі віно і каву, размаўлялі, жартавалі.

Што цікава, адзін з тых хлопцаў з першага позірку закахаўся ў Мілу і літаральна праз некалькі дзён зрабіў прапанову рукі і сэрца.

...Значыцца, праўду кажуць: каму ў голаў зайдзе, той і за печчу знайдзе. Але ж, здараецца, знайдзе не сам. Трэба, каб нехта дапамог: той самы сябар з машынай, альбо першая сустрэчная — ноччу, на вуліцы, у ноч на Каляды.

Зрэшты, яе «подзвіг» ды па сённяшнім часе я паўтараць бы не раіла: сцеражонага бог сцеражэ. Ці не так?

Людміла Касяк, г. Мінск

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

dounar@zviazda.by

Ад яе ж. Шчыры дзякуй усім чытачам, якія адгукнуліся на просьбу «пажурыць» конкурс на найлепшую вясёлую і праўдзівую гісторыю. «Найвышэйшай адзнакай я ацаніў 12 твораў, надрукаваных у 2017-м і, каб не пакрыўдзіць нікога са сваіх выдатнікаў, прапаную на разгляд журы ўсю сваю дванаццатку», — піша спадар Мікалай Старых з Гомеля.

Спіс, як той казаў, дадаецца: «С. Гурскі «Не руш чужых груш» («Звязда», 28.01), А. Несцяронак «Любоў не блінцы» (17.02) і яе ж «Кабыла на ганак не палезе» (10.03), І. Валуевіч «Дурныя жарты пахвалы не варты» (31.03), І. Гаральчук «Жонку слухай, а свой розум май» (21.04), С. Кусянкова «На вайне, як на вайне» (21.04), Г. Нічыпаровіч «Юшка з дабаўкай» (12.05), С. Чыгрынава «А не шкодзь» (2.09), А. Палынскі «Рыцарскі паядынак» (14.10), Ніна С. «Ты спачатку паглядзі» (24.11), Віталь Г. «Перастараўся» (1.12), Юрый К. «План «Перахоп» (8.12).

Такім чынам спадар Старых (ды іншыя...) свой выбар зрабілі. Блізкае да таго ж і журы звяздоўскае. Але ж тут, як падаецца, чым больш меркаванняў, тым лепш. А таму зусім не позна яшчэ нешта (альбо ўсё) перачытаць, некага падтрымаць...

Вынікі конкурсу ў наступным нумары.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?