Вы тут

Адрыяна Чэлентана споўнілася 80 гадоў


Каралю італьянскай эстрады і секс-сімвалу для жанчын некалькіх пакаленняў, Адрыяна Чэлентана, споўнілася 80 гадоў.


Чэлентана нарадзіўся ў Мілане ў дзень Бефаны (свята жартаў і кпін) 6 студзеня 1938 года, і гэта, напэўна, абумовіла яго далейшы лёс. Яго сям'я жыла бедна, і ў дванаццаць гадоў ён кінуў школу і пайшоў працаваць у гадзіннікавую майстэрню. Упершыню Адрыяна заявіў пра сябе яшчэ ў 60-х гадах, калі ўварваўся на сцэну з дзіўным тады для Італіі рок-н-ролам. Хуткі ўзлёт у 20 гадоў, першыя перамогі на фестывалях у Мілане і Сан-Рэма, верхнія радкі ў хіт-парадах, пласцінкі, гады працы і сусветная слава — Чэлентана стаў культавым эстрадным спеваком, які вывеў італьянскую музыку на новы ўзровень. На радзіме яго нездарма звалі «маледжата» — «увесь як на спружынах».

Пасля здабыцця музычнай славы ён пакарае і кіно. З валявым падбародкам, вялікімі зубамі і праніклівым позіркам Чэлентана не ўпісваўся ў ідэалы мужчынскай прыгажосці, што не перашкодзіла яму стаць секс-сімвалам. У 70—80-я гады мінулага стагоддзя яго завальвалі любоўнымі лістамі, а адна з галоўных прыгажунь планеты Арнэла Муці развялася са сваім мужам у надзеі выйсці за Чэлентана. Але ён так і застаўся са сваёй жонкай Клаўдзіяй Моры, з якой разам больш за 50 гадоў. Жонка падарыла яму трох дзяцей, падтрымлівала ва ўсіх творчых авантурах і нават цярпела здрады. Ён усё роўна заўсёды вяртаўся.

Чэлентана з'яўляецца адным з самых паспяховых і ўплывовых выканаўцаў у гісторыі італьянскай музыкі — за сваю кар'еру ён выканаў каля 600 песень, выпусціў 41 альбом агульным накладам 150 мільёнаў асобнікаў, а таксама зняўся больш чым у сарака кінафільмах. У нашага гледача акцёр больш за ўсё вядомы дзякуючы камедыям «Утаймаванне свавольнага», «Блеф», «Шалёна закаханы» і «Бінга-Бонга».

Цікавыя факты

  • Чэлентана цяпер жыве з жонкай за 100 км ад Мілана на ўласнай віле з 20 пакояў з фантанам і статуяй Клаўдзіі.
  • Любімае хобі — рамантаваць гадзіннікі.
  • Па перакананнях — каталік і вегетарыянец, неаднаразова выступаў у абарону правоў жывёл.
  • Чэлентана з'яўляецца ўладальнікам дзвюх прэмій «Давід дзі Данатэла» за найлепшую мужчынскую ролю: карціны «Блеф» і «Аксамітныя ручкі».
  • Ён прыдумаў і выкарыстаў у песнях выдуманую мову «чэлентанэска», цалкам складзеную з выдуманых слоў, якія нічога не значаць.
  • У 2007 годзе ўзначаліў спіс «100 самых яркіх кіназорак», па версіі часопіса Tіme Out.

Незабыўныя фразы кінаперсанажаў Чэлентана.

— Я вярнулася, каб сказаць, што ты ненармальны, хам, жанчынаненавіснік, грубіян і мужлан!

— А акрамя гэтага?

— Ты яшчэ і выхваляка.

— Зразумеў. Ты ў мяне закахалася.

Я абавязкова з табою ажанюся,
у крайнім выпадку стэлефануемся.

— Ці зробім так, як сказаў я!

— Ці?..

— Ці як я сказаў, так і зробім!

Мы былі б выдатнай парай.
Ты прыгожая, я — яшчэ лепшы.

— Дарагі, у нас адносіны ўжо тры гады, і за ўвесь гэты час ты толькі два разы патэлефанаваў мне першы.

— Згодзен, штосьці я разышоўся.

Загаловак у газеце: Мачо на спружынах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».