Вы тут

Як схавацца ад разумных гаджэтаў?


У інфармацыйным грамадстве цяжка жыць у афлайне. Большасць людзей ужо не ўяўляе сябе без смартфона. Сёння працоўныя і іншыя пытанні вырашаюцца праз сацыяльныя сеткі і месенджары. Мы пастаянна звяртаемся да пошукавікаў па адказы. Пры гэтым рэдка задумваемся, што ведаюць пра нас тыя кампаніі, якія адказваюць за дзейнасць усіх нашых прылад. А яны збіраюць велізарны масіў даных аб кожным, пачынаючы ад густаў у ежы і падарожжах, заканчваючы псіхалагічным партрэтам асобы. І тут з'яўляюцца думкі аб прыватнасці. Наколькі сёння можна схавацца ад соцыуму, каб пабыць сам-насам з сабой? Паспрабуем разабрацца.


Свет змясціўся ў далоні

Смартфон без перабольшання можна назваць сімвалам інфармацыйнага грамадства. Прыстасаванне, якое дазваляе быць уключаным у глабальны інфармацыйны паток у любым пункце свету, дзе ёсць доступ да інтэрнэту. Хочаш пагаварыць са знаёмымі з Токіа, знаходзячыся на другім канцы свету? Калі ласка! Трэба заказаць што-небудзь з Кітая або Амерыкі? Няма праблем! Гаджэт скарачае час і дыстанцыю не горш за фантастычны касмічны карабель з гіперрухавіком, толькі ў межах нашай планеты. І ўсё гэта не казка, гэта тут і цяпер, чым ужо нікога не здзівіш.

Страціць смартфон — азначае выпасці з жыцця. І часам страта самога гаджэта палохае менш, чым страта даных на ім. Бо там можа знаходзіцца ўсё — ад асабістай перапіскі і да прывязанай плацежнай карткі.

Дзякуючы мноству датчыкаў, якія дазваляюць арыентавацца ў прасторы і аналізаваць інфармацыю вакол вас, ён робіць жыццё прасцейшым. Настолькі прасцейшым, што, калі вы трапляеце ў незнаёмы горад дзе-небудзь на іншым канцы свету, вам не патрэбен гід. Ваш тэлефон вам раскажа, куды варта схадзіць, як туды дабрацца, і нават паспрабуе знайсці вашых сяброў з сацыяльных сетак паблізу.

Але, калі падумаць, такая зручнасць трохі палохае. Смартфон не толькі ведае пра тое, дзе вы цяпер, але і пра тое, дзе вы былі роўна год таму ў гэты дзень і ў гэтую ж гадзіну. Ва ўліковым запісе гаджэта пад кіраваннем Аndrоіd ёсць укладка «Храналогія», якая паказвае, дзе, калі і як доўга вы былі ў тым ці іншым месцы. Вы скажаце, што можна адключыць доступ тэлефона да вызначэння геалакацыі, але гэта не зусім так. У лістападзе мінулага года кампанія Gооglе прызналася, што збірае праз смартфоны пад кіраваннем сістэмы Аndrоіd звесткі пра месцазнаходжанне карыстальнікаў нават тады, калі яны таго не жадаюць. Гэта адбывалася нават пры ўмове адключэння геалакацыі і адсутнасці sіm-карты. Акрамя таго, калі вы «гугліце», гісторыя пошуку застаецца не толькі ў камп'ютары, але і апрацоўваецца серверам кампаніі, што вывучае вашы густы і накіроўвае на вас рэкламу з рэчамі, якія вам «будуць цікавыя». Калі вы набіраеце запыт у пошуку, Gооglе не проста шукае тое, што вы хочаце знайсці, але і прадбачыць ваш запыт. Праграмныя алгарытмы кампаніі дазваляюць апрацоўваць мільярды запытаў і разумець, што менавіта хоча сярэднестатыстычны карыстальнік яшчэ да таго, як ён скончыць запыт.

Да смартфона часта прывязаныя ўліковыя запісы сацыяльных сетак з усёй інфармацыяй пра вас. Гэта таксама дазваляе таргетаванай рэкламе знаходзіць свайго магчымага спажыўца адразу ў сацсетцы. У прадаўца ў літаральным сэнсе ёсць доступ да псіхалагічнага партрэта пакупніка і магчымасць прамой сувязі з ім. Акрамя таго, у гаджэце ёсць мікрафон, здольны распазнаваць словы і складаць іх у тэкст. Карыстальнікі заўважалі, што калі доўга размаўляць ля гаджэта нават у пасіўным стане пра пэўны тавар, то часта ў сацсетках можна атрымаць прапановы з тым, пра што вы так часта гаварылі.

Смартфон змяшчае ў сабе ўсё неабходнае начынне, якое дазваляе адсачыць нават тое, што вы друкуеце на клавіятуры камп'ютара, калі ён знаходзіцца з ёй на адной паверхні. Таксама алгарытмы распазнання асобы сёння настолькі дасканалыя, што здольныя распазнаць любога чалавека, які стаіць перад вамі, па фота. Праграма для смартфона FіndFасе здольна па адной толькі фатаграфіі знайсці чалавека ў сацыяльнай сетцы! Дык для зручнасці гэта зроблена ці «Вялікі Брат глядзіць на нас»?

Збегчы ад радараў

Атрымліваецца, што наша жыццё пад пастаянным назіраннем. У некаторых людзей нават ёсць звычка заклейваць пярэднюю камеру сваіх гаджэтаў. Былы супрацоўнік Агенцтва нацыянальнай бяспекі ЗША Эдвард СНОЎДЭН параіў рабіць гэта, каб засцерагчы сябе ад кіберсачэння. Вы не зламыснік і думаеце, што спецслужбам усяго свету няма да вас справы? Добра, але ёсць хакеры, якім цікава падгледзець за кімсьці ў самы нязручны для чалавека час праз вэб-камеру. Умелец, можа, нават зрабіць праз гэту камеру на адлегласці некалькі вашых фота ў негліжэ, а потым паспрабаваць прадаць вам іх. Расійскі хакер нават стварыў падобны анлайн-сэрвіс, дзе трансляваў жыццё сваіх ахвяр, якія пра гэта нават не падазравалі, у прамым эфіры.

Якія даныя сёння здольны збіраць смартфон? Авал твару, будова сятчаткі вока, пульс, адбіткі пальцаў, тэмбр голасу — усё тое, што робіць чалавека ўнікальным. Дадайце сюды псіхалагічны партрэт у сацыяльнай сетцы, месцы, дзе мы бываем, нашы жаданні і думкі, якімі мы дзелімся з Gооglе, перапіску і графік жыцця.

Няма нічога, аб чым бы не маглі ведаць тыя кампаніі, якія працуюць з інфармацыяй. І ўжо не патрэбен ніякі чып, які б ужыўлялі ў чалавека, каб за ім сачыць. Ёсць смартфон — няма прыватнасці.

Паўстае пытанне: а як жа схавацца ад назірання, калі хочацца пабыць сам-насам з сабой? Проста пазбавіцца ад смартфона і перайсці на звычайны старэнькі тэлефон, які толькі і ўмее, што тэлефанаваць? Магчыма, але там ёсць sіm-карта, па якой вас можна трыянгуляваць з вельмі вялікай дакладнасцю. Вам давядзецца пазбавіцца і ад пластыкавай карткі, разлічвацца толькі наяўнымі. Давядзецца не карыстацца камп'ютарам, бо спосаб і хуткасць набору на клавіятуры таксама ўнікальныя і па ім можна зразумець, хто працуе за маніторам. Таксама трэба будзе ўбудаваць у шапку інфрачырвоныя лямпы, каб яны бянтэжылі камеры назірання, якія будуць распазнаваць ваш твар. Змяніць прычоску таксама рэкамендуецца. І не забывайцеся пра адбіткі пальцаў — з імі таксама трэба нешта зрабіць. Акрамя таго, чалавек, які ўсё гэта збіраецца рабіць, будзе выглядаць недарэчна, што таксама прыцягне да сябе ўвагу. Гэта наводзіць на адну думку: па-сапраўднаму знікнуць з соцыуму, адмовіўшыся ад смартфона і гаджэтаў, ужо не атрымаецца. З кожным годам чалавек усё далей ад прыватнасці. Яшчэ не так даўно на форумах у інтэрнэце жартавалі пра тое, што за афлайн хутка прыйдзецца плаціць. Сёння гэта ўжо нават не смешна. Дый ці жарт гэта цяпер?

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Асцярожна: мабільны шпіён

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.