Вы тут

Вобразы і жаданні Ганны Сілівончык


Святы ніколі не заканчваюцца, калі носіш у сабе пачуццё радасці і можаш бачыць казачнае ў рэчаіснасці. Мастачка Ганна Сілівончык нясе радасць праз свае творы. Яна належыць да ліку яскравых асоб сярод маладых беларускіх жывапісцаў. Працуючы ў незвычайна самабытным аўтарскім стылі, мастачка стварае асаблівы свет, уласную сістэму вобразаў і значэнняў, сваю прастору сакральнага.


Планета істот

— Калі пішу карціны, не задумваюся, як яны будуць уздзейнічаць на гледача, ці атрымае ён эмоцыі. Я крыху эгаістычна падыходжу да справы і працую менавіта для сябе, — прызнаецца Ганна Сілівончык. — Мне важна выказаць свае думкі, пачуцці, эмоцыі, перадаць уражанні ад рэчаіснасці ці нейкія разважанні. Калі гэта камусьці падабаецца і чалавек адгукаецца, то для мяне гэта прыемны бонус. Усіх нас кранаюць адны і тыя ж рэчы. Усе мы замілоўваемся, калі бачым маленькае дзіця ці калі пажылыя людзі паказваюць прыклад пяшчоты. Я стараюся адлюстраваць у жывапісе менавіта дабро. І людзі, якія любяць жыццё, цэняць дабрыню, адгукаюцца на гэта. Калі аўтар мэтанакіравана працуе на гледача, з’яўляецца фальш. Мне здаецца, досыць складана камусьці дагаджаць, ды і навошта? Творчасць павінна быць шчырай.

Мастачка працуе ў традыцыйнай тэхніцы алейнага жывапісу. Яе сюжэты — нібыта з асобнай планеты, якую — такое адчуванне — насяляюць істоты згодна з пэўнымі крытэрыямі. Твар, і асабліва вочы, па якіх бачны стан душы, нават камплекцыя, здаецца, мае значэнне... Насамрэч мастачка нічога падобнага нават не мела на ўвазе. Але глядач адчуе: мастацтва Ганны Сілівончык — як пераход у іншае вымярэнне, дзе кожны насельнік умяшчае ў сябе Сусвет.

Іншае вымярэнне

У яго патрапіць нескладана: Ганна Сілівончык даволі часта прадстаўляе свае творы як у зборных, так і ў асабістых праектах. І не паўтараецца, а прапануе новыя работы.

— Не вельмі разумею, што такое натхненне. Звычайна мяне матывуюць да работы выстаўкі, розныя мастацкія праекты. Я хутка збіраюся, пачынаю генераваць ідэі, прадумваць, у якім колеры твор будзе выглядаць лепш, цікавей. І атрымліваю велізарнае задавальненне, — адзначае Ганна. — Напэўна, хвалі натхнення з’яўляюцца ў мяне, калі толькі прыдумляю ідэю ці перад сном знаходзяцца цікавыя думкі і трэба бегчы нешта маляваць, а то раніцай можна ўжо і не ўспомніць. А сам працэс працы будуецца механічна. У мяне няма раскладу. Атрымліваецца ўсё спантанна. Магу працаваць з раніцы да вечара, а магу і даць сабе адпачыць.

Цікава, што творца сама сабе і арганізатар, і куратар, і экспазітар усіх праектаў. Ёй цікава самой прадумваць усё ад «А» да «Я». Ганна лічыць, што ніхто лепш за аўтара не адчуе, пад якім вуглом павінен вісець твор, як будзе будавацца канцэпцыя, які тэкст прапісаць у прэс-рэлізе. Мастачка кажа, што не ведае такога стану, калі няма чым сябе заняць, таму што жыццё кожны дзень дае столькі магчымасцяў, нават бывае шкада, што ў сутках толькі дваццаць чатыры гадзіны.

— Хачу займацца многімі рэчамі: паступова эвалюцыйным шляхам да мяне прыходзіць шмат жаданняў, — адзначае мастачка. — Напрыклад, мне цікава займацца мультыплікацыяй або кніжнай ілюстрацыяй. Жывапіс я таксама вельмі люблю, на гэта паўплывала мая любоў да самадзейных непрафесійных мастакоў і да дзіцячай творчасці ў тым ліку. Гэта вельмі кранае. Раблю стылізацыю наіўнага мастацтва, змешваю розныя мастацкія стылі. Не чакаю крытыкі або адабрэння. Нават да існавання ў Саюзе мастакоў стаўлюся вельмі спакойна: мне падабаецца існаваць аўтаномна ад глабальнай артсупольнасці. Таму рэзкага стаўлення да сябе як да прадстаўніка маладога пакалення не адчуваю.

Мастачка ў большасці вядомая сваім жывапісам. Але ж яна асоба шматгранная, працуе ў самых розных кірунках мастацтва: графіка, ілюстрацыя, аб’ёмныя артаб’екты і нават паэзія. Аўтар не разлічвае на тое, што піша геніяльныя радкі, але падкрэслівае, што ёй цікава звязваць вершы з мастацкімі творамі. Дарэчы, Ганна яшчэ прапануе прома-прадукцыю. Так, напрыклад, можна набыць не толькі жывапіс альбо графіку, але і цішоткі з выявамі яе работ.

 Аніма і ўнутры

Ганна з дзяцінства марыла ствараць мультфільмы. Ёй цікава паглыбляцца ў працэс, цікава асэнсоўваць шлях герояў і ў той жа момант прыдумляць, як усё будзе выглядаць на малюнку. Жаданне быць мастаком мультыплікацыі захавалася дасюль. Дарэчы, яна паўдзельнічала ў стварэнні некалькіх анімацыйных фільмаў.

— Мой досвед у мультыплікацыі вельмі цікавы. Мы з сябрам Максімам Каралёвым па маіх гатовых работах рабілі кліп для амерыканскай спявачкі, — расказвае творца. — Я з самага дзяцінства марыла пабываць унутры мультфільма. Успомніце толькі нашы савецкія мульцікі, гэта ж было не адарвацца. Я заўсёды ўяўляла сябе ў мастацкім дзеянні, думала, як бы я паступала на месцы герояў. А потым зразумела, што ўсё, што адбываецца на экране, гэта карцінка, якая рухаецца і зліваецца з музыкай, тэкстамі. Для мяне гэта чароўны свет. Але ў дзеянні ствараць мультфільмы вельмі складана, таму што гэта вялікая камандная праца. Іншая справа — быць з палатном сам-насам.

Гледачу падабаецца, калі ён пазнае аўтара праз творы. Аднак мастачцы хочацца быць рознай і ў той жа час не згубіць індывідуальнасці. Атрымліваецца не заўсёды.

— Да сябе стаўлюся крытычна, — падкрэслівае Ганна. — Рэальна ацэньваю свае магчымасці і талент. Дэвіз жыцця для мяне — атрымліваць максімальнае задавальненне ад таго, што раблю, расці прафесійна. І гэта не тычыцца стылю. Проста хочацца рабіць нешта больш новае, цікавае. Хай гэта не будзе адкрыццём для свету мастацтва, галоўнае — каб адкрыццё для мяне. Няма пэўных тэхнік, з часам заўсёды нешта мяняецца, з’яўляюцца новыя перавагі, а ранейшыя неяк забываюцца. Складана мяняць нешта глабальна, таму што ад сябе не ўцячэш. Ёсць нейкія рэчы, якія зрасліся з табой. Бывае, што да канкрэтнай выстаўкі я спрабую паставіць задачу — зрабіць серыю работ у іншым ключы. Мы ўсе вучыліся маляваць на прыкладах іншых мастакоў, але я лічу, што нават калі ўзяць ад кожнага крышачку, усё роўна атрымаецца нешта сваё. Сёння многія мастакі любяць прыдумляць сваёй творчасці новыя назвы, хоць усё даўно прыдумана. А я здзіўляюся: зараз жа ніхто не піша ў чыстым жанры, усе змешваюць кірункі. І калі кожны з нас будзе вызначаць сваю творчасць асобным кірункам, тады ніхто не зможа зразумець, што такое мастацтва.

Калі ўсе творы мастачкі пакласці ў адзін шэраг, убачым вялікую і захапляльную гісторыю альбо многа маленькіх гісторый герояў, аб’яднаных адным кантэкстам. Філасофія казкі альбо, як адзначаюць мастацтвазнаўцы, свет цудаў Ганны Сілівончык не трэба ўспрымаць як простае і наіўнае мастацтва. Творца, хоць і не кажа пра гэта адкрыта, імкнецца закласці мноства сэнсаў і ідэй, звязаных з лёсам чалавека альбо існаваннем асобы ў сучасным соцыуме.

Паралелі і скрыжаванні

— Мае героі — гэта зборныя вобразы, таму што калі пачынаю маляваць, адштурхоўваюся ад рэальнай жыццёвай гісторыі або падзеі, якая мяне зачапіла, туды накладваецца шмат паралеляў, звязаных з міфалагічнымі або літаратурнымі героямі, завязваецца шмат іншых сюжэтаў, — тлумачыць творца. — Я ніколі не стаўлю задачу зрабіць партрэт, намаляваць канкрэтнага героя. Для мяне важна, каб гэта быў яркі вобраз, які вырашае задачы работы. Бывае так, што людзі бачаць у работах мяне ці майго мужа (мастак Васіль Пяшкун. — Заўв. аўт.). Але гэта таксама можна патлумачыць: бывае, што міжволі герояў надзяляеш рысамі блізкіх ці сваімі.

Ёсць кампазіцыі на тэму настрою альбо ўнутраных перажыванняў. Актуальная для мастачкі тэма спасціжэння жыцця. Ёсць серыі кветак, творы з фальклорнымі матывамі, на тэму сну ці лета, кахання і свету дзяцей.

— Я хутка пераключаю свае інтарэсы: у адной тэхніцы і ў адной тэме надакучвае працаваць доўга. Пры гэтым у маёй творчасці ёсць такія тэмы, да якіх я вяртаюся. Але доўгі час не адхіляецца ад адной тэмы мне цяжка. Лічу, што ў жыцці і мастацтве не бывае адназначных эмоцый. Мне здаецца, больш цікава гуляць кантрастам. Твор выглядае нават больш аб’ёмна, калі ёсць прасвет. Але бывае і так, што ты быццам стварыў сумную работу, нават памерці хацелася, калі над ёй працаваў, а час прайшоў, глядзіш на палатно, і табе ўжо смешна. Здаецца, што вар’яцкая радасць на палатне таксама выглядае дзіўна. Наогул жыццё — гэта сукупнасць граняў. Не бывае проста добра ці проста дрэнна, таму я лічу, што мае творы праўдзівыя. Павінна быць інтрыга, тады гэта больш цікава і складана.

Акрамя Беларусі творчасць Ганны Сілівочык запатрабаваная ў Расіі, дзе мастачка выстаўляецца даволі часта. Супрацоўнічае з галерэямі Маямі і Санкт-Пецярбурга. На заказ амаль не працуе. Выключэнне робіць тады, калі заказчык прапаноўвае штосьці цікавае, арыгінальнае, калі нават рукі свярбяць ад жадання ствараць. Так было з праектам падрыхтоўкі кліпа для амерыканскай спявачкі і прапановай ад украінскага выдавецтва праілюстраваць «Маленькага прынца».

І ў Мінску многія людзі шукаюць галерэі, дзе можна набыць работы Ганны Сілівончык. А яна прызнаецца, што не возіць выстаўкі за мяжу: больш прыемна выстаўляцца там, дзе цікавяцца менавіта яе творчасцю.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».