Вы тут

Падлік балаў на ЦТ абяцаюць зрабіць зразумелым


«У 2019 годзе Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў пачне прымяняць новую методыку апрацоўкі вынікаў ЦТ», — паве-даміў у інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь 1» дырэктар інстытута Юрый МІКСЮК. Растлумачым, што размова ідзе пра новы падыход да падліку балаў удзельнікаў цэнтралізаванага тэсціравання.


— Методык апрацоўкі вынікаў тэстаў у свеце шмат — ад вельмі простых да вельмі складаных. Мы збіраемся знайсці залатую сярэдзіну: каб для нашых грамадзян гэты падыход быў зразумелы і каб адначасова выконваліся дзве функцыі — ранжыравання і ацэньвання ведаў. Таму зараз ствараецца новая методыка шкаліравання тэстаў, — праінфармаваў Юрый Міксюк.

Цяжка сказаць, ці ўзрадуе патэнцыяльных абітурыентаў гэта навіна, бо пакуль што рэцэптам будучай «стравы» ніхто з грамадскасцю не дзеліцца. Але прапановы перагледзець сістэму падліку балаў удзельнікаў ЦТ, а таксама аб'яднаць выніковую атэстацыю за курс сярэдняй школы з уступнымі іспытамі ў ВНУ гучаць ужо даўно. Галоўны аргумент — бацькам незразумела, чаму іх дзіця атрымлівае ў школе «васьмёркі» па прадмеце, а на тэсціраванні набірае ўсяго 30 балаў.

Намеснік прэм'ер-міністра Васіль ЖАРКО, які ўзначальваў летась Дзяржаўную камісію па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, таксама лічыць патрэбным прааналізаваць сістэму шкаліравання балаў на ЦТ. «Карэляцыя паміж ацэнкамі ў атэстаце і вынікамі на ЦТ павінна быць працэнтаў на 70—80, — падзяліўся ён сваім меркаваннем на гэты конт напярэдадні старту ў краіне ЦТ. — Калі сярэдні бал атэстата выпускнікоў па краіне — 7 балаў, а па выніках цэнтралізаванага тэсціравання — 4,7, то ўзнікаюць пытанні. Або школы завышаюць адзнакі, або тэсты вінаватыя?..»

Безумоўна, калі школьны выдатнік атрымлівае на ЦТ недастаткова высокі бал, то і для яго бацькоў, і для педагогаў такі вынік — крыўдная аплявуха. Нягледзячы на пятнаццацігадовую практыку правядзення ў нашай краіне ЦТ, многія па-ранейшаму блытаюць цэнтралізаванае тэсціраванне і выніковую атэстацыю і не бачаць паміж імі прынцыповай розніцы. Пры выніковай атэстацыі выкарыстоўваецца нарматыўна-крытэрыяльны падыход, накіраваны на выяўленне вучэбных дасягненняў навучэнцаў, а пры цэнтралізаваным тэсціраванні — нарматыўна-арыентаваны, заснаваны на статыстычных метадах апрацоўкі вынікаў. Задача абітурыенцкага тэсціравання ў тым, каб размеркаваць абітурыентаў па ўзроўні падрыхтоўкі і суаднесці іх паміж сабой, пабудаваць больш дакладны рэйтынг прэтэндэнтаў на званне студэнта. Гэта конкурс сярод абітурыентаў з прэтэнзіяй на пэўнае месца, пажадана больш высокае, у агульным спісе прэтэндэнтаў. Таму праводзіць паралелі паміж баламі на ЦТ і школьнымі адзнакамі абсалютна няправільна. 30 балаў на ЦТ і школьная «тройка» — зусім розныя рэчы.

У аснову методыкі разліку тэставага бала на ЦТ пакладзена шкала, якая дазваляе не толькі прыняць пад увагу колькасць правільна выкананых заданняў тэста, але і ўлічыць адносную складанасць кожнага выкананага ці нявыкананага задання, а яна залежыць ад таго, колькі абітурыентаў з ім справіліся.

Да таго ж выкарыстанне стабальнай шкалы з шырокімі дыферэнцыруючымі здольнасцямі спрашчае сістэму конкурснага адбору абітурыентаў з прычыны адсутнасці так званых паўпрахадных балаў. А вялікая колькасць абсалютных 100-бальных вынікаў, наадварот, задачу ранжыравання ўскладняе.

Між іншым, арганізатары ЦТ на пастаяннай аснове кантактавалі з некаторымі ВНУ для супастаўлення школьных атэстатаў, вынікаў ЦТ і экзаменацыйнай сесіі. Высветлілася, што ацэнка ведаў маладых людзей на ЦТ і ацэнка іх ведаў падчас сесіі ў ВНУ, як правіла, супадаюць. Уладальнікі высокіх балаў без праблем адаптуюцца да патрабаванняў вышэйшай школы. А вось у тых, хто з вялікімі цяжкасцямі пераадолеў мінімальны парог, часцей за ўсё ў працэсе навучання ўзнікаюць сур'ёзныя праблемы. Што датычыцца школьных атэстатаў, то адзнакі карэлююць з паспяховасцю студэнтаў у меншай ступені. Яно і зразумела, бо школьны бал — гэта ацэнка настаўнікам ведаў школьніка, якая пры гэтым выконвае і ролю стымулу ў навучанні, таму часта завышаецца.

Юрый Міксюк паведаміў, што для абітурыентаў узору 2018 года нічога ў падліку балаў не зменіцца. У студзені ў краіне распачынаецца ўжо другі этап рэпетыцыйнага тэсціравання. А ў лютым усім абітурыентам будзе прадастаўлена бясплатная спроба здачы дыстанцыйнага рэпетыцыйнага тэсціравання на камп'ютары анлайн.

Вядома таксама, што ніжні парог вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання па першым профільным прадмеце можа быць сёлета павялічаны на пяць балаў, а тэрміны рэгістрацыі для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні будуць скарочаны: пункты рэгістрацыі адкрыюцца для абітурыентаў толькі 10 мая.

Сярод плануемых новаўвядзенняў — аптымізацыя льготных катэгорый грамадзян пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі; увядзенне мінімальнага стажу для абітурыентаў, якія плануюць паступаць на завочную форму навучання; ажыццяўленне мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў незалежна ад месца знаходжання арганізацый пры падрыхтоўцы па найбольш запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцях.

Таксама будуць праходзіць апрабацыю наступныя механізмы — правядзенне прафесійна-псіхалагічнай гутаркі пры прыёме на спецыяльнасці, дзе патрабуюцца кіраўніцкія навыкі. Мяркуецца, што гутарка будзе праходзіць да пачатку ўступнай кампаніі. У ВНУ можа з'явіцца права праводзіць дадатковы профільны экзамен пры паступленні на спецыяльнасці, дзе патрабуецца наяўнасць практычных навыкаў. Гэтая норма будзе выкарыстоўвацца ў эксперыментальным рэжыме. Літаральна на адной-дзвюх спецыяльнасцях у некалькіх установах адукацыі, каб можна было дакладна адпрацаваць увесь механізм, усе станоўчыя і адмоўныя бакі новаўвядзення... Якія з вышэй пералічаных знойдуць адлюстраванне ў нарматыўна-прававых дакументах, пакуль невядома. Як сведчыць практыка папярэдніх гадоў, вельмі важную інфармацыю абітурыентам даводзіцца чакаць да лютага—сакавіка і нават да красавіка, як было летась. Таму навіну пра тое, што сістэма падліку балаў на ЦТ сёлета дакладна не зменіцца, можна лічыць добрай.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Новая «лінейка» для ацэньвання абітурыентаў

Каментары

Спадзяюся, что гэта будзе спроба не павялічыць выніковы бал іншыміпадлікамі пры такой жа якасці ведаў.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.