Вы тут

Кацярына Сосна. Сыходзячы, азірніся


Закончыўся чарговы працоўны дзень. Алёна прывяла ў парадак рабочы стол у кабінеце, дзе былі хаатычна раскіданыя паперкі, розныя дапаможнікі і матэрыялы з тэкстамі (яна — журналістка). Зняла са спінкі крэсла сумку, замкнула кабінет і паспяшалася знаёмай сцяжынкай дадому. Зімні сцюдзёны вецер дзьмуў у твар, залазіў пад шапку, паліто. Алёна скурчылася і прыбавіла крок.

Па дарозе зазірнула ў магазін харчовых тавараў, тое-сёе купіла, каб было з чаго прыгатаваць вячэру і сняданак і мужу «ссабойку» сабраць. А яшчэ ў садочку яе чакаў чатырохгадовы сыночак Вадзімка. За ім зайшла. Ішлі з сынам, які моцна трымаўся за руку маці і нешта гаварыў, толькі на маме знаёмай мове. Чым бліжэй падыходзілі да дома, тым мацней стукала ў грудзях Алёны сэрца і блыталіся думкі ў галаве: «Адзін Бог ведае, што сёння ўзбрыдзе ў галаву майму Андрэю. Учора ж прыйшоў дадому п'яны, як зямля. Спрачацца пачалі, але выратаваў Вадзімка — выбег з пакойчыка, працягнуў бацьку свае пульхныя ручкі: «Татачка, у садзіку сёння гульню цікавую развучылі, хадзем я табе пакажу», — і пацягнуў бацьку ў пакой.

Пакуль Алёна прыгадвала мінулы дзень па крупінках, незаўважна падышлі з сынам да дома, зайшлі ў кватэру. Думкі жанчыны не падвялі: на ложку, распластаны, спаў, пахрапваючы на ўвесь пакой, вядома ж, п'яны Андрэй. Алёна не стала будзіць яго і вечарам лягла на другі ложак разам з сынам.

...Як толькі запунсавеў ранак, Андрэй падняўся, пацягнуўся, пазяхаючы. Затым гучна паклікаў жонку:

— Алёна, там кісляку ў цябе не знойдзецца? Нешта ў роце сушыць, бы тая зямля месяц дажджу не бачыла.

— Піць «га́ры» менш трэба, — буркнула сабе пад нос гаспадыня і пайшла на кухню. — Вось табе кефіру ўчора купіла, адчувала, што будзеш п'яны, — прыпаднесла папяровы пакецік мужу, а ён так адрэагаваў, быццам бы нічога ўчора з ім і не было.

Андрэй сеў за абедзенны стол. Да яго падбег Вадзімка і ўскараскаўся бацьку на калені. Удваіх паснедалі.

— Абед збяры! — кінуў услед жонцы гаспадар, не праяўляючы да яе ніякай мужняй цеплыні, увагі і пяшчоты.

Андрэй узняўся з крэсла, пасадзіў на сваё месца сына. Зняў з вешалкі ля парога рабочы кажух, накінуў яго на плечы, нацягнуў валёнкі, насунуў шапку-вушанку, схапіў клунак са стала і стукнуў за сабой дзвярыма. Ён пашыбаваў да меліярацыйнай майстэрні, дзе чакаў іх, рабочых, аўтобус, каб адвезці на аддалены аб'ект.

У Алёны зашчымела ў грудзях, ахапіла нейкая разгубленасць: «Мы ж яшчэ маладыя, так хочацца кахання, ласкі, пяшчоты. А ён як чужы, на мяне ўвагі не звяртае. Нават не спытаў, як я спраўляюся з работай і з сынам, што мяне хвалюе...Чаму?»

...Зімовы дзень кароткі. Хутка стала змяркацца. Звычайна такім часам прыходзіць муж з работы.
А тут чамусьці яго няма. Алёна зачыніла на ключ дзверы, каб не праспаць з'яўленне мужа і распытаць, дзе ён затрыміваецца.

Тук-тук-тук...

Алёна схамянулася, падбегла да дзвярэй. Падумала: «Што ж гэта ён так позна? І чаму сам не адмыкае?»

Жанчына павярнула ключ у замку.

— Ты што, ужо спаць уляглася?

Перад Алёнай стаяла суседка Ніна, якая з Андрэем працуе ў адной брыгадзе.

— Твой суджаны прасіў перадаць, што дадому не з'явіцца, але абед падрыхтуй. Я раніцай забягу да цябе, забяру клунак.

— А што з ім? Чаго не прыехаў з вамі?

— Ты ўжо так не хвалюйся. Андрэй сказаў, што работы шмат. Даўжэй папрацуе, «лішняя капейка» ў доме будзе, а так кожны дзень туды-сюды, на дарогу шмат часу траціцца... А там, у вагончыку, пераначуе, — неяк няўпэўнена гаварыла Ніна. У яе голасе адчуваліся ноткі збянтэжанасці.

Алёна больш не стала распытваць суседку: «Можа і праўда не паспявае ўсё зрабіць у кароткі рабочы дзень. А то, глядзіш, і грошай больш заробіць. А грошы нам ой як патрэбны».

Падыходзіў да завяршэння яшчэ адзін каляндарны год. Падводзілі вынікі зробленаму і меліяратары. Зайшоў у вагончык, дзе пераапраналіся рабочыя, іх прараб:

— Хлопцы, лічу, што гадавы план мы «выцягнулі». А калі і больш зрабілі, нікому не перашкодзіць, толькі на карысць будзе. І прэмію атрымаем.

— А куды нам рвацца! — неяк ніякавата вымавіў трактарыст Ігар Лапуцька.

— Глядзі, каб пуп не надарваў, — не падтрымаў яго Віктар Сямёнаў, перадавік вытворчасці.

— Ну што ж, перакінуліся красамоўствам і за работу, братва, — падбадзёрыў хлопцаў прараб. — А што гэта я Андрэя Зялёнку не бачу? — углядаючыся ў твары прысутных, спытаў начальнік.

— Ён пайшоў да новай цешчы на бліны, свая жонка «прыелася», лепшую шукае, — кінуў на хаду Віктар і паспяшаўся да трактара, які лапатаў з заведзеным рухавіком каля вагончыка. Механізатар ускочыў ва ўтульную кабіну, тузануў за рычагі. Магутны С-100, пагойдваючыся па гурбах снегу, пачаў выкарчоўваць хмызнякі і раптам рэзка спыніўся.

— Любая тэхніка не вытрымае, так зямля прамёрзла, — уздыхнула трубаўкладчыца Ніна.

— Вось тут і патрэбны зварачныя работы, — выскачыў з кабіны трактара Сямёнаў, выцер ад мазуту аб штаны рукі і стаў чакаць Андрэя. Заўважыў, як той ад вёскі напрасткі хуткімі крокамі адмяраў снег.

— Нешта познішся на працу, «маладажон», — папракнуў яго Віктар.

Андрэй прамаўчаў, толькі неяк збянтэжана ўсміхнуўся.

..Ужо прыхапіліся прыцемкі, калі на дарозе паказаўся блакітны аўтобус.

— Хлопцы, у машыну! — скамандаваў прараб. Адзін за адным заходзілі ў аўтобус рабочыя і займалі свае звыклыя месцы. А Андрэя месца пуставала. Не паехаў ён і ў наступныя дні, а Алёна спраўна перадавала праз суседку яму абеды, якія невядома з кім яе муж дзяліў. І толькі, калі на выхадныя дні Андрэй не з'явіўся дадому, жанчына занепакоілася. Што рабіць? Дзе яго шукаць? Пайшла ў кантору, дзе ў штаце лічыўся Андрэй. На месцы аказалася начальніца аддзела кадраў, якая не стала нічога ўтойваць.

— Ведаеш, дарагая, я табе скажу праўду: ён не на працы застаецца, а з другой жанчынай жыве...

Жахлівая навіна ашаламіла Алёну. Зазвінела ў вушах, закалацілася сэрца, усе пачуцці сталі абвостранымі, градам пасыпаліся слёзы. «Хай бы лепш зямля расступілася і туды праваліцца», — думалася маладой жанчыне.

Не заўважыла, як дайшла дадому. Чакала Андрэя, каб выказаць усё тое, што накіпела на душы. Толькі ён не з'яўляўся. Сустракала і праводзіла позіркам той блакітны аўтобус, які ішоў па дарозе і які назаўсёды адвёз яе каханне. Першыя дні стукала ў скронях, бы хто біў малатком, горла давіла пустэча і перацінала словы. Выручаў сынок, які не адыходзіў ад мамы, пакуль яны былі дома.

«У чым мая віна? Можа я занадта сварылася за яго п'янкі? А тая, да якой ён пайшоў, кажуць, не толькі ў гэтым яго не папракае, а і сама з бутэлькай за стол садзіцца. Значыць, бутэлька яму стала даражэй за жонку, за сына... А ці ж я адна такая?!» — супакойвала сябе Алёна.

Зімы змяняліся вёснамі. Вадзім рос без бацькі, але маці імкнулася, каб ён ні ў чым не быў пакрыўджаны сярод сваіх аднагодкаў.

Пасля заканчэння школы хлопец стаяў на раздарожжы: ці то паступаць у інстытут, ці пайсці служыць у армію.

...Дзень згасаў, толькі дзесьці высока ў небе дапяваў няскончаную за дзень вясновую песню жаўранак. Нейкая нервознасць даймала жанчыну цэлы дзень.

Прыйшла з работы дамоў, падышла да люстэрка, правяла рукой па скронях. Промні сонца, якія прабіваліся праз акно, заіскрыліся на валасах і асвятлілі сівізну.

— Мама, мамачка, даруй, затрымаўся! — нібы на крылах уляцеў у хату Вадзім і кінуўся маці на шыю. — Я да Олі забег, навіну расказаў. Ты ўжо ведаеш, мама?

— Здагадваюся, сынок.

Вадзім пяшчотна, як малое дзіця, прытуліўся да матчынай шчакі, крыху саромеючыся, моцна пацалаваў.

— Адзіная ты ў мяне, мамачка!.. Мама, а Оля абяцала чакаць мяне!.. — блытаючыся ў словах, паспяшаўся пахваліцца сын.

...Вось і настаў той чаканы дзень. Пасля невялікага застолля моладзь, родныя адправіліся пехатою на чыгуначны прыпынак. Там было весела, пад гармонік спявалі песні, кучкаваліся. І раптам здалёк, як з туману, засвяціліся два жоўтыя агеньчыкі. Пасажыры стоўпіліся каля чыгуначнага палатна. Цягнік зачухкаў, зазвінеў калёсамі і прыпыніўся.

— Навабранцы, у дзясяты вагон! — загадаў упаўнаважаны ад ваенкамата.

— Мамачка, Олечка, бывайце!

Вадзім апошні ўскочыў у вагон. Цягнік крануўся.

— Мама, я табе буду пісаць часта-часта-а! — даносіўся родны голас да Алёны. Цягнік знік у начной цемры. Людзі паволі сталі разыходзіцца. На пероне стала ціха і пуста. Толькі адзін чалавек знерухомеў, стоячы на чыгуначным палатне. Позірк яго быў скіраваны туды, куды знік цягнік. Ён не заўважаў, што застаўся адзін у начной цемры. У яго памяці пераблыталася ўсё. Ён здалёк бачыў сярод натоўпу сваю крывіначку — стройнага, прыгожага, высокага хлопца. А перад вачыма стаяў той чатырохгадовы Вадзімка, якога ён некалі пакінуў. Андрэй не адважваўся падысці, прывітацца... Яшчэ мучыла не страчанае да канца сумленне.

Андрэй у тую хвіліну аддаў бы ўсё на свеце, каб знайсці сілы, адвагу, мужнасць і смеласць — падысці, папрасіць прабачэння ў сына. Каб можна было выправіць зробленую аднойчы памылку хоць на развітанне...

Мінула шмат гадоў. Жыццё расставіла свае кропкі над «і». Рана адышлі з жыцця Андрэй і яго новая жонка, разбурылася і гэтая сям'я. Вадзім будуе новае асабістае жыццё з Оляй, якая дачакалася яго з войска. Алёна знайшла ў сабе сілы забыць усё, але дараваць не змагла, бо ў душы і памяці застаўся назаўсёды Андрэй як добры ўспамін пра першае каханне. Сыходзячы, трэба азірацца, бо неабдуманы крок можа быць памылковы.


Праблема, якую ўздымае Кацярына Сосна ў сваім творы, старая як свет, і пры гэтым заўсёды вельмі актуальная. Адчуваецца, што яна вельмі хвалюе і нашу аўтарку, якая выносіць жорсткі прысуд некаторым сваім героям. Дарэчы, дасланае на конкурс «Звязды» яна назвала эсэ, верагодна, тым самым падкрэсліваючы яго жыццёвасць і непрыдуманасць. Ну, а журналісцкая праца, якой Кацярына Сосна аддала 31 год свайго жыцця, як вядома, нярэдка зводзіць з самымі рознымі людзьмі ды сем'ямі і прымушае ўнікаць у самыя розныя жыццёвыя калізіі.

Алесь БАДАК

Каментары

Гэта конкурс апавяданняў за 2017 год? Ці за 2018?

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.