Вы тут

Што рабіць, каб не пастарэць у халады


Нішто так не псуе скуру твару, як ацяпленне ў кватэры. З цяжкасцю вытрымлівае яна не толькі перасушанае паветра, але і рэзкія перапады тэмпературы — з халоднай вуліцы ў цёплы дом і назад. Як даглядаць твар зімой, каб захаваць яго здаровы выгляд?


Пачынаем з умывання

Мыла (нават беражлівае), пенкі, ласьёны на спірце адкладзіце да пацяплення за акном. Нават звычайная вада не падыдзе для ўмывання. У гэтыя месяцы важна не пашкодзіць ахоўны слой, які стварае супраць халадоў і сухасці сама скура, — так званую гідраліпідную мантыю.

Умыванне замяніце ачышчэннем скуры з дапамогай касметычнага малачка, бесспіртавога ласьёну, мяккага тоніка. У склад першага сродку ўваходзіць мінеральнае масла, якое не сушыць і не абвастрае дэрматалагічныя праблемы. А безалкагольныя тонікі і ласьёны паводзяць сябе неагрэсіўна і берагуць пяшчотную скуру.

Асцярожна з увільгатненнем

Не думайце, што халодны дождж і мокры снег увільгатняюць скуру, наадварот, яны траўмуюць яе. А любімыя многімі ўвільгатняльныя сродкі небяспечныя ў марознае надвор'е. Зразумела, да абмаражэння справа не дойдзе, але вільгаць, якая змяшчаецца ў крэме, замерзшы, робіцца колкай і псуе скуру. Ёсць і іншая небяспека: у перасушаным паветры кватэры некаторыя інгрэдыенты ўвільгатняльных сродкаў паводзяць сябе каварна. Яны ўмеюць прыцягваць вільгаць, але ў сухім паветры ўзяць яе няма адкуль, вось гэтыя рэчывы і пачынаюць выцягваць яе з глыбокіх слаёў дэрмы. У выніку скура перасыхае.

Выключэнні — гіялуронавая кіслата і хітазан, паколькі адначасова з увільгатненнем яны пакрываюць паверхню скуры ахоўнай плёнкай, і тая не дазваляе вадзе знікаць. Хоць і тут патрэбная асцярожнасць: наносіць сродкі з гэтымі інгрэдыентамі лепш не менш чым за гадзіну да выхаду з дома. Усімі астатнімі ўвільгатняльнымі крэмамі зімой больш правільна карыстацца перад сном. Днём можна пырскаць на скуру тэрмальнай вадой з балончыка, проста зверху макіяжу.

Смачнае меню

Многія жанчыны лічаць, што пры мінусавай тэмпературы скура выпрацоўвае дастаткова тлушчу, каб самастойна абараніцца ад выпрабавання холадам. Часткова гэта так: у халодныя месяцы скура робіцца больш тугой. Яе клеткі выпрацоўваюць густы і насычаны тлушчавы сакрэт, і ў халады ён — перашкода для ветру, сухасці і марозу. Але касметолагі лічаць, што такой прыроднай засцярогі недастаткова: скура павінна атрымліваць дадатковае харчаванне.

Самае смачнае для сухой і нармальнай скуры — вядома, крэм. Звыклыя дзённыя крэмы замяніце на пажыўныя, у іх больш насычаная структура, у рэцэптуры ёсць актыўныя кампаненты, маслы, вітаміны і мінералы. На жаль, такі склад (ланалін, пчаліны воск) правакуюць з'яўленне камедонаў і вугрысты сып, таму пажыўныя крэмы не падыдуць для тлустай скуры. Ёй больш да густу лёгкія крэмы з ненасычанымі тлустымі кіслотамі.

Калі скура з цяжкасцю перажывае халады (твар выглядае сонным, бледным, шэрым, заўважныя шурпатасці і няроўнасці), забяспечце ёй узмоцненае харчаванне: рэтыноіды, антыаксіданты, раслінныя экстракты, кедравае масла і алей жажаба. Пасля такога рацыёну яна стане гладкай і бліскучай.

Правілы догляду ад касметолага

  • У халоднае надвор'е выбірайце крэм не толькі з вітамінам Е, але і з вітамінам D.
  • Калі ёсць схільнасць да ўтварэння сасудзістых зорачак, выкарыстоўвайце крэм з вітамінам К.
  • Калі скура занадта сухая, можна дадаць у кроплю танальнага крэму крыху ўвільгатняльнага, старанна перамяшаць і нанесці за 30 хвілін да выхаду з дома.
  • Пры мінусавой тэмпературы старайцеся не выкарыстоўваць сухую касметыку, лепш вазьміце тлустыя румяны, вадкую падводку і цені для павекаў у выглядзе крэму. Непасрэдна перад выхадам на вуліцу прыпудрыце твар тонкім слоем рассыпчатай пудры.
  • Старайцеся піць як мага больш вады: яна дапаможа скуры нармалізаваць работу тлушчавых клетак і перажыць халады.
  • Нават калі моцна мерзнеце, не прымайце занадта гарачую ванну ці душ. Чым вышэйшая тэмпература вады, тым больш сухой робіцца скура.

Важна памятаць

У розныя поры года і для розных тыпаў скуры падбіраюць свае маскі. Летам часцей выкарыстоўваюць увільгатняльныя, зімой — вітамінізаваныя і пажыўныя. Маску лепш рабіць 1—2 разы на тыдзень, за 1—2 гадзіны да сну і адразу пасля яе нанесці начны крэм.

Маскі для сухой скуры абавязкова змяшчаюць тлушчы (алей агавы, расткоў пшаніцы, авакада, міндаля і персіка, лецыцін, спермацэт).

У склад масак для тлустай скуры ўваходзяць рэчывы, якія валодаюць вяжучымі і супрацьзапаленчымі якасцямі (экстракт чайнага дрэва, хвоі, бярозавых пупышак, агурка, лаванды, размарыну, праполіс).

Алена КРАВЕЦ

kravets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Чырвона — не здорава

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.