Вы тут

Ці можа фарба для валасоў выклікаць рак?


Ёсць меркаванне, што прафесійныя фарбавальнікі для валасоў больш бяспечныя і эфектыўныя, чым тыя, што прадаюцца ў звычайнай краме. Мала хто ведае, што ў фарбах некаторых брэндаў змяшчаюцца небяспечныя таксічныя рэчывы.


Але сучасныя вытворцы-падманшчыкі — проста нявінныя дзеці ў параўнанні са сваімі папярэднікамі. У ХVІІІ стагоддзі вялікім попытам карысталася фарба для валасоў колеру каштан. Склад — экстракт арэхаў. Сама натуральнасць. І толькі цырульнікі ведалі, што моднае адценне валасам надаюць ядавітыя солі свінцу. Каб атрымаць адценне залаты блонд, таксама прыходзілася хімічыць. Фарбу гатавалі з марганцоўкі і нашатырнага спірту, а майстры запэўнівалі будучых бландзінак, што гэта травяны кампот.

З таго часу навука пайшла далёка наперад, за падман на ўпакоўках жорстка караюць. Але ўрачы з Вялікабрытаніі і Фінляндыі правялі даследаванні і знайшлі сувязь паміж выкарыстаннем фарбы для валасоў і ракам грудзей.

Кефар Макбель, мамолаг з Вялікабрытаніі, сцвярджае, што жанчыны павінны фарбаваць валасы не часцей за пяць разоў на год, а тыя, хто робіць гэта больш рэгулярна (вытворцы фарбаў раяць асвяжаць колер раз на 4—6 тыдняў), трапляюць у групу рызыкі. Магчымасць узнікнення ў іх пухліны грудзей павялічана на 14 %. А прафесар Хельсінкскага ўніверсітэта Санна Хайкінен, якая апытала 22 тысячы жанчын па ўсёй краіне, высветліла, што кожная пятая з тых, хто хоць раз фарбаваў валасы, сутыкнулася з ракам грудзей.

Галоўны падазраваны ў гэтай справе — аміяк, які ўваходзіць у склад фарбы, а таксама яго вытворныя — араматычныя аміны. Зрэшты, вучоныя пакуль не гатовы сцвярджаць, што менавіта фарба для валасоў правакуе рак грудзей. Яны не выключаюць, што яго мог выклікаць і іншы кампанент, які ўваходзіць у склад касметычных сродкаў, якімі карысталіся жанчыны. Але калі меркаванні знойдуць дадатковыя доказы — бо вучоныя плануюць працягнуць вынаходкі ў гэтай галіне, — фарбы для валасоў ужо ніколі не будуць ранейшымі, прыйдзецца шукаць новыя формулы і мяняць іх склад. А пакуль жанчынам, якія часта фарбуюць валасы, раяць карыстацца... натуральнымі заменнікамі, напрыклад старой добрай хной.

Алена КРАВЕЦ

kravets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Небяспечная змена іміджу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».