Вы тут

Нейрапратэзаванне зможа вярнуць магчымасць хадзіць і бачыць


На нядаўняй канферэнцыі Neuroscіence 2017, штогадовым сходзе нейрабіёлагаў, навукоўцы прэзентавалі новыя дасягненні тэхналогіі стварэння пратэзаў, якія можна кантраляваць з дапамогай мозга.


Ва ўсім свеце мільёны людзей страцілі здольнасць выкарыстоўваць тую ці іншую частку свайго цела ў выніку няшчасных выпадкаў, хвароб, траўмаў ці ампутацый. Нягледзячы на тое, што тэхналогія пратэзавання ўдасканальваецца ўжо шмат дзесяцігоддзяў, да гэтага часу нават самыя дасканалыя пратэзы мелі на ўвазе толькі частковую функцыянальнасць і вельмі абмежаваны спектр выкарыстання.

Паводле слоў Лі Хохберга з Масачусецкага шпіталя пры Універсітэце Браўна, медыцынскія інжынерныя вырабы маюць патэнцыял для неадкладнага і вельмі істотнага аднаўлення страчаных функцый — у адрозненне ад тых жа фармакалагічных і біялагічных метадаў, якія патрабуюць куды большых выдаткаў пры меншай эфектыўнасці. «Цікава назіраць за тым, як прагрэс фундаментальных даследаванняў у галіне нейранавук і нейраінжынерыі на працягу многіх гадоў вядзе да стварэння тэхналогій, якія дапамогуць знізіць цяжар неўралагічных і псіхічных захворванняў», — адзначыў ён.

Дык у чым жа заключаецца перавага новых тэхналогій пратэзавання? Першая і самая галоўная якасць — гэта доўгачаканая магчымасць узаемадзейнічаць непасрэдна з арганічнымі тканкамі і нервовай сістэмай чалавека. Нейраінтэрфейс «мозг — камп'ютар» у цяперашні час развіты настолькі, што дазваляе надзяляць штучныя канечнасці шырокім спектрам самых розных магчымасцяў.

На мерапрыемстве былі прадстаўлены самыя розныя прататыпы. Напрыклад, нейронавыя сігналы, якія падаваў спінны мозг грызуноў, выкарыстоўваюцца для кіравання культываванымі мышачнымі валокнамі чалавека. Гэта дазваляе навукоўцам на практыцы вывучаць механізм таго, як менавіта наша нервовая сістэма кантралюе рухальны апарат.

Таксама было паказана, як пратэз рукі не толькі паляпшае рухальныя здольнасці пацыента, але і ліквідуе фантомныя болі, прымаючы на сябе функцыю адчувальнай часткі цела. Акрамя таго, пацыенты з тэтраплегіяй (паралічам усіх чатырох канечнасцяў) таксама атрымалі магчымасць адаптаваць нейронавую актыўнасць для ўстанаўлення кантролю над інтэрфейсам сістэмы пратэзаў — так чалавек перастае быць прыкаваным да інваліднага крэсла і ў літаральным сэнсе ставіць сябе на ногі.

Гэтыя распрацоўкі самі па сабе вельмі абнадзейваюць і ў цэлым служаць выдатнай дэманстрацыяй таго, як хутка галіна нейрапратэзавання прасоўваецца наперад. Наступныя некалькі гадоў па ўсіх прагнозах павінны прынесці яшчэ больш уражальныя вынікі. Нейрапратэзаванне — гэта не толькі замена канечнасцяў: тэхналогія трохмернага друку дазваляе хутка і танна атрымліваць цэлыя органы, якія змогуць замяніць альбо дапоўніць арганізм чалавека. Напрыклад, ужо некалькі гадоў вядуцца распрацоўкі так званых «кібервачэй», якія б дазволілі сляпым людзям ізноў здабыць зрок.

Іван КУПАРВАС

hvir@zviazda.by

Загаловак у газеце: Ад рукі да нырак

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.