Вы тут

Студзеньскія масты, альбо Дзень, уплецены ў «Вянок»


Студзень, прадказаны снежнем, зладзіў сустрэчу Паэзіі і Музыкі. «Трэба заўсёды ўзводзіць масты з надзей, летуценняў і песень» (Максім Танк).

Студзень — мастак ладзіць масты.

Вось ужо некалькі гадоў запар 12 студзеня на сцэне Вялікай залы Белдзяржфілармоніі ў дзень нараджэння Уладзіміра Мулявіна адбываюцца нешараговыя сустрэчы-лучнасці прышлага з мінулым: Янка Купала, Максім Багдановіч — агучаная музыкай паэзія. Знаёмае-мінулае абарочваецца адкрыццём. Не сыходзіць у нябыт, але выклікае цікавасць.

Створанае Уладзімірам Мулявіным нібыта мае патаемныя дзверы, адамкнуўшы якія, трапляеш на неспазнаную тэрыторыю. Знаёмае там гучыць інакш: акцэнты ссоўваюцца, набліжаныя дэталі высвечваюць перспектыву.


вядомае, але неспазнанае

Ян Жанчак

Так часта здараецца: пасля зямнога жыцця пачынаецца новае існаванне нематэрыяльных субстанцый. «Калі чалавек сыходзіць, змяняюцца яго партрэты» (Г. Ахматава). Змяняюцца не толькі партрэты. Музыка падае сябе інакш, рукапісы, калі яны засталіся, паводзяць сябе інакш, нават карціны, адвернутыя да сцяны, самі сябе дапісваюць.

Цягам духоўных намаганняў, пераадольваючы перашкоды і знясіленая імі, душа, спакутаваная зямнымі выпрабаваннямі, зняможаная хваробамі і спакусамі, цяпер, аддаленая ад фізічных вярыгаў, набывае іншае свячэнне. Свячэнне тое аднавектарнае — у будучыню, дзе нараджаецца новая музыка, новая паэзія. Цыцэрон нездарма ж заўважыў: «...мая душа, сам не ведаю як, высока ўзняўшы галаву, глядзела на спадкаемцаў, нібыта толькі па сканчэнні гэтага жыцця і пачнецца сапраўднае жыццё...»

Раса душы ўзышла і прынесла плён. Сад заквітнеў новым цветам. Вершаліны сягаюць да неба, карані трымаюць грунт. У вялізным храме нацыянальнага мастацтва быць адной з залатых цаглін — «пачэсны пасад» між роўных. Пашана ад вечнасці. У тыя росы ўглядаецца сучаснасць і пазнае сябе. Спасціжэннем мацуецца сувязь. Вузлы, зацягнутыя пры жыцці, слабеюць. Распачынаецца гісторыя вышэйшага рэгістра.

***

«Вянок» Уладзіміра Мулявіна — паэтычна-музычны ўніверсум. Цыкл песень-балад паводле адзінага паэтычнага зборніка Максіма Багдановіча — адваяваная ў бяспамяцтва лапіна зямлі, жытнёвае поле з васількамі. Твор, падобны да «абразоў» Паўла Фларэнскага, — не знак Усявышняга, але вокны ў іншасвет. Метазнак культуры. Пераменліва-зіхоткае аблічча тутэйшасці.

Максім Багдановіч стварыў містэрыю, разлічаную на дзесяцігоддзі няспешнага шэсця да нас, разлічаную на адраджэнне і сталенне нацыі. Пакінуў усё неабходнае: сімвалы, знакі, метафары, містычную глыбіню і магію — улонне паэзіі, эстэтычны феномен, геніяльнае супадзенне і еднасць ідэі-пачуцця. Размыкаючы ядро міфа, паэт адухавіў скамянелае і зрабіў яго жыхаром рэальнасці, інструментам выкрыцця сэнсу чалавечага існавання і выжывання нацыі (з тым самым мы радасна знаёмімся ў юнацтве праз раманы «Іосіф і яго браты» Т. Мана, «І больш за век доўжыцца дзень» Ч. Айтматава, «Куды сплываюць кіты» Ю. Рытхэу).

На такой раллі ўзыходзіць і квітнее мастацтва. Творны дух, пераадольваючы матэрыю, праходзіць праз досвед рэчаіснасці і цэліць у бясконцасць будучыні.

«Вянок» Уладзіміра Мулявіна, які маўчаў дваццаць шэсць гадоў, у трэцім тысячагоддзі ўзыходзіць святочнай прэм’ерай.

10 снежня на сцэне Вялікай залы Белдзяржфілармоніі звычайны дзень ператварыўся ў Дзень Паэта — дзень Максіма Багдановіча.

А ўжо 12 студзеня звіты «Вянок» прагучыць навагоднім падарункам — прыгожай уверцюрай да новага 2018 года.

Як некалі двойчы выкананы тагачаснымі «Песнярамі» ў Нью-Ёрку і на сцэне Белдзяржфілармоніі 9 снежня 1991 года, застаўшыся ў гісторыі слыннага гурта апошнім буйным сцэнічным здабыткам, так у трэцім тысячагоддзі, адноўленым, адроджаным, «Вянок» паўстане дзвюма прэм’ерамі. На пераходнай мяжы, счапляючы 2017 і 2018 гады і дзве даты — нараджэнне Максіма Багдановіча і Уладзіміра Мулявіна.

Тады прэм’ера прайшла незаўважанай, як гэта часта бывае на айчынных сцэнах. Аскетызм мастацкіх запатрабаванняў — характэрная ўласцівасць пазбаўленага ідэнтыфікацыі народа. Не дапамог і Максім Багдановіч: яго постаць для беларускага насельніцтва і сёння застаецца да канца неўсвядомленай: як ацаніць паэзію, якую не чытаюць? Як спасцігнуць мову, якая не гучыць? Хто заўважыць пазнаку геніяльнасці жыцця даўжынёй у 25 гадоў? Хто спасцігне адчай і волю Максіма ў бязмоўі, без сяброўскага асяроддзя, дзе змушаны сам сабе быць моваю, суразмоўцам, гісторыкам і гісторыяй, сам сабе — краінай, краінай-браначкай?

А між тым У. Мулявін, стварыўшы свой музычны вобраз «Вянка», падвоіў рэальнасць, створаную Максімам Багдановічам, аздобіўшы яе асабістым эстэтычным напружаннем — адзінствам аб’ектыўнага і суб’ектыўнага, інтэлектуальнага і эмацыянальнага, творча-аддадзенага і ўзятага-ўсвядомленага.

лямешка звычайная

Сваю няздольнасць да беларускамоўнасці сёння шмат хто апраўдвае адсутнасцю беларускамоўнага атачэння, лёгка скідваючы адказнасць з сябе і перакладаючы яе на эфемернае, безаблічнае, раз’яднанае «атачэнне». Гэтак жа ж лёгка забываючыся на тое, што Максім Багдановіч, жывучы за межамі Беларусі, у чужамоўным асяроддзі, па сутнасці, стварыў под (падмурак) нацыянальнай літаратуры, паказаў «дзе шляхі нашы йдуць і куды». Шляхі вызначаны. Калі дамо веры генію?

Сапраўды: «Калі раптам, дзякуючы шырокім ведам і глыбокім разважанням, ты ўздымішся на такую вышыню, што табе дадзена будзе, як некаторым абраным, адкрыць ісціну, то не думай, быццам за гэта адкрыццё ты пры жыцці здабудзеш ухвалу... ...самыя лепшыя дасягненні філосафаў атрымлівалі нараканні і папрокі за тое, што сэнс іх цьмяны. Як мала знойдзецца тых, хто здольны будзе ацаніць цябе, калі ты дасягнеш вышыні, да якой імкнешся», — бездакорная трапнасць Джакама Леапардзі.

Не хто іншы, а менавіта М. Багдановіч звяртаўся ў наша ХХІ стагоддзе, выгукнуўшы: «Выціскаючы беларускую мову са школы, мы хілім да растраты вынікаў велізарнай, шматвяковай духоўнай працы цэлага народа, збіваем думку дзіцяці з натуральных псіхалагічных сцяжынак і груба абцінаем ягоны душэўны свет».

 Для некаторых з нас пытанне: «Што было б, каб Багдановіча не было?» — няўцямнае. «А нічога не было б!» — рэакцыя чалавека, асуджанага не жыць, а баяцца, не жыць, а мець за ўцеху расійскую папсу на арэнах і недазволеную радасць — «бульбу з мясам на ноч».

«...шэсць спосабаў узняцца ў неба...»

Для таго, каб самалёт узляцеў, аднаго пілота мала. Нават калі гэты пілот экстра-класа. Без апантанасці светлых душ і анёльскага спрыяння не абыходзіцца ні адна светлая задума.

Анёлы зашалахцелі крыламі над задумай аднавіць мулявінскі «Вянок» — над светлымі галовамі Марыны Мулявінай і Вольгі Брылон. Але якім чынам адрадзіць шэдэўр, перанесці яго ў трэцяе тысячагоддзе? Як знайсці рэшткі таго, што засталося, і з тых рэшткаў аднавіць цэлае? Таго, што маўчала дваццаць шэсць гадоў без спадзявання на годную спробу ўслухацца, пераасэнсаваць, адрадзіць?

Што засталося? Партытуры шматфарматнага твора не існуе. Мулявін не траціў час на занатоўванне сваіх музычных ідэй. Запісаў, накідаў і — пераводзіў у жывое гучанне інструментаў і галасоў. Засталося толькі... Увага: застаўся толькі запіс працоўнага прагону «Вянка», які быў зроблены ў рэпетыцыйным памяшканні тагачасных мулявінскіх «Песняроў». Не студыйны рэпетыцыйны запіс з неабходным тэхнічным абсталяваннем (якія тады былі мікрафоны, памятаем?), а запіс у рэпетыцыйным памяшканні!

Што б мы рабілі без тутэйшых Анёлаў?

Уладзімір Мулявін.

Яны расхінулі крылы над творчай камандай, над аркестрам, над салістамі і, безумоўна, над Аляксандрам Крамко, які і ўзяў на сябе «работу негра». Цудам ацалелы аўдыязапіс ператварыўся ў паўнавартасную аркестравую партытуру. Крамко стварыў сваю гукавую версію аркестравага гучання — партытуру для Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І. Жыновіча пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора Міхаіла Казінца.

Тэкст аўтара — піетэтна непарушаны і захаваны. Тэкст аўтара адноўлены праз іншыя акустычныя прыёмы, уласцівыя толькі Нацыянальнаму акадэмічнаму народнаму аркестру. Бездакорнасць аранжыроўкі выдае майстэрства дыферэнцыяцыі тэмбраў, санорную матэрыю цымбалаў, неверагоднай прыгажосці працяглыя фразіроўкі сольнага габоя і, вядома, ударныя інструменты, якія, паводле Ігара Стравінскага, дзейнічаюць, нібыта «сістэма цэнтральнага ацяплення».

Міне час, і зямля ўзросціць асобу, якая пачуе «Вянок» у сімфанічным гучанні. І гэта будзе яшчэ адно ўкладанне ў культуру. Народзіцца дырыжорхаравік, які ўвасобіць гучанне музыкі У. Мулявіна ў а capell-най харавой версіі. Здаўшы іспыты на выкананне, напрыклад, «Перезвонов» В. Гаўрыліна, мы зразумеем, што нам ёсць што рабіць на сваёй дзялянцы. Ёсць што развіваць і ўмацоўваць.

Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя І. Жыновіча — вялікі карабель з крэатыўнай камандай. З камандай, якая мае рэдкі дар гістарычнага пачуцця, — усведамленне не толькі таго, што мінулае прайшло, але і яго прысутнасці ў сучаснасці, з разуменнем, што ўсё еўрапейскае мастацтва і мастацтва ўласнай краіны мае адначасовае існаванне і ўяўляе сабой дакладную паслядоўнасць і парадак. На гэтым стаіць традыцыя. Свае адкрыцці рабіць дасягальнымі, даступнымі і паўсюднымі — пачэсная місія. Радасць, падзеленая на многіх, пашыраецца і множыцца, нібы бохан хлеба ў руках Збавіцеля…

***

 Без адкрыцця не абышлося. Адкрыццё шэдэўра як адкрыццё новай зоркі. Асэнсаваць не паспявае свядомасць — сягае ў зорныя вышыні разам з невядомым. Музыка бярэ ў палон і пануе па сваіх законах. У цыкле гучаць кампазіцыі, якая нікім дагэтуль не выконвалася. Напісаная У. Мулявіным і ім жа самім выкрасленая з праграмы. І зараз зразумела, чаму. Тады, пры жыцці, кампазіцыю пад назвай «Па ляду, у глухім бары» ніхто б не зразумеў, — настолькі авангардна нязвыклай яна была для савецкай ментальнасці.

З «пасечанымі вугламі» метра, полірытміяй, непрадказальнымі змяненнямі акцэнтаў, кантраснасцю тэм, формай, у якую твор быў «заліты», нібыта княжацкая пячатка, — тады не мог прэтэндаваць на разуменне, але заставаўся мулявінскім шэдэўрам. Сёння — загучаў. Сёння — яго час. І мы здолелі ўзяць гэты дарунак — гарачыя вуглі мулявінскага таленту.

Новае пакаленне выканаўцаў здзівіць не менш. У падвоенай рэальнасці адаб’ецца традыцыя, знаёмыя інтанацыі і новая, магутная энергія сучаснага выканання. Некалі непраспяваны У. Мулявіным уласны шэдэўр і ўвасоблены сёння Янам Жанчаком варты ўвагі і захаплення. Галасы рэдкай тэмбральнай палітры слухаюць не толькі з прычыны іх бездакорнага гучання, але і каб адчуць тонкую асалоду ад узятай бліскуча ноты.

Выканаўца — зайздроснае шчасце! — калі валодаеш плыннай матэрыяй імгнення, сугестыяй і высокай канцэнтрацыяй духоўнай энергіі на адным фрагменце жыцця. З гэтым назаўтра можна шчасліва прачынацца. З гэтым назаўтра верагодна адчуць сябе несамотнымі — побач будзе струменіцца святло «Вянка» і «містычная патрэба ў сваёй краіне»...

Дзень паэта. Дзень паэзіі і музыкі. Дзень яднання і ўзаемаразумення. Дзень спяваць гімны. Акрылена. Стоячы. Не саромеючыся слёз. З адроджанай верай. З жаданнем жыць моцна, прыгожа, натхнёна. І няхай абміне нас гэтым разам трапнасць думкі Ежы Леца: «Калі ў народа няма голасу, гэта відаць нават пры спяванні гімна...»

Ларыса СІМАКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».