Вы тут

Топ-5 найлепшых арэндных кватэр Мінска


Папярэднія вынікі 2017-га на рынку доўгатэрміновай арэнды жылля.

Летась рынак прыватнай арэнды кватэр аказаўся самым стабільным за апошнія некалькі гадоў. Якія плошчы і па якіх цэнах карысталіся асаблівым попытам, чаму арандатараў становіцца больш і чаго чакаць у 2018 годзе — на гэтыя пытанні мы паспрабуем дакладна адказаць.


Стабільнасць цэн

— У адрозненне ад апошніх некалькіх гадоў на працягу мінулага года цана арэнды кватэр у Мінску заставалася нязменнай, — расказвае начальнік аддзела арэнды жылля агенцтва нерухомасці «Твая сталіца» Маргарыта Пачыцкая. — У параўнанні з апошнімі гадамі змяніліся толькі густы і колькасць кватарантаў. Калі ў 2016-м суадносіны попыту і прапановы на кватэры ў арэнду былі прыкладна 50/50, то ў 2017-м намецілася істотная перавага з боку арандатараў. Але кошты арэнды працягвалі заставацца без змен, паколькі ўзровень дастатку ў людзей не павялічыўся, да таго ж значная частка арандатараў — студэнты.

Маленькая жылплошча — да 180 долараў

Па версіі экспертаў агенцтва «Твая сталіца», напярэдадні Новага года быў падрыхтаваны топ-5 папулярных у арандатараў кватэр за 2017 год.

Дык вось, самае «смачнае» бюджэтнае жыллё будзе каштаваць 180 долараў. Падобныя кватэры можна знайсці ўжо не толькі ў самых аддаленых частках горада, але і нават бліжэй да цэнтра — напрыклад у раёне Інстытута Культуры, універсама «Рыга» і г. д. Іншая справа, што чым бліжэй да цэнтра, тым бяднейшым становіцца ўбранне такой кватэры і тым больш пытанняў узнікае да яе стану. Але калі казаць аб'ектыўна, то за 180 «зялёных» (без уліку камунальных плацяжоў) цалкам рэальна зняць чысценькую маленькую «аднапакаёўку» з мінімальным наборам мэблі.

«Партрэт» кватарантаў у падобных кватэрах вельмі разнастайны: гэта і адзінокія маладыя людзі (студэнты, маладыя спецыялісты), і адзінокія людзі ва ўзросце, вымушаныя з-за розных прычын шукаць жыллё з мінімальным коштам, і маладыя сем'і, як з дзецьмі, так і без іх. Кватэры гэтага тыпу могуць адносіцца і да класа эканом, і да стандарту.

Паводле арэнднай класіфікацыі, эканом — гэта кватэры ў 2-5-павярховых дамах у спальных раёнах сталіцы. Яны маюць плошчу тыпавых планіровачных рашэнняў: аднапакаёвыя кватэры ад 28 квадратных метраў, двухпакаёвыя — ад 40 «квадратаў», трохпакаёвыя — ад 52 квадратных метраў. Санвузел можа быць як сумешчаны, так і асобны. Рамонт з выкарыстаннем недарагіх матэрыялаў, магчыма частковы. Мэбля, як правіла, адсутнічае.

Да класа стандарт адносяцца кватэры ў дамах тыпавых планіровачных рашэнняў у спальных раёнах горада. Стандартны метраж 1/2/3-пакаёвых кватэр складае адпаведна 36/50/64 квадратныя метры. Вышыня столяў — ад 2,5 метра. У памяшканнях гэтага класа выканана аздабленне з выкарыстаннем недарагіх будматэрыялаў. Наяўнасць асобнага санвузла, балкона і кухоннага гарнітура абавязковая. У крокавай даступнасці павінны быць школы, дзіцячыя сады, крамы, прыпынкі наземнага грамадскага транспарту.

Аднапакаёвыя кватэры каля метро — да 200 долараў

Галоўнай каштоўнасцю падобных кватэр з'яўляецца іх месцазнаходжанне паблізу метро. Прычым дапускаецца аддаленасць метро па адлегласці да двух прыпынкаў грамадскага транспарту.

Часцяком у кватэры ёсць мэбля. Да таго ж за падобнымі кватэрамі ўласнікі імкнуцца даглядаць, каб падтрымліваць іх прывабнасць для арандатараў не толькі месцазнаходжаннем, але і станам. Таму адкрыта «неахайныя» кватэры каля метро — хутчэй выключэнне, чым правіла. Абсалютная большасць падобных кватэр адносіцца да класа стандарт.

Якасны варыянт за разумныя грошы

Пад № 3 у нашым каталогу будуць гатовыя да пражывання аднапакаёвыя кватэры, коштам да 250 долараў. Пад гатоўнасцю да пражывання маецца на ўвазе сучасны рамонт, набор мэблі і бытавой тэхнікі. Гэта значыць усё тое, што дазволіць арандатару толькі з чамаданам рэчаў заехаць у кватэру і адчуваць сябе «як дома». Здымаюцца падобныя кватэры як маладымі сем'ямі без дзяцей, так і адзінокімі людзьмі — мінчанамі або прыезджымі. Падобныя кватэры адносяцца да класа камфорт.

Што такое клас камфорт? Кватэры гэтага класа размяшчаюцца ў дамах неабмежаванай паверхавасці тыпавых планіровачных рашэнняў у любым раёне горада. Яны адрозніваюцца ад папярэдняга класа большай плошчай: ад 44/60/80 квадратных метраў у 1/2/3-пакаёвых, адпаведна, кватэрах. Вышыня столяў — ад 2,7 метра. Аздабленне з выкарыстаннем якасных будаўнічых матэрыялаў. Памяшканні класа камфорт павінны мець кухонны гарнітур з убудаванай бытавой тэхнікай, шафы-купэ альбо гардэробны пакой. Дамы класа камфорт з добраўпарадкаванай прыдамавой тэрыторыяй размяшчаюцца ў раёнах з развітой інфраструктурай. Абавязковая наяўнасць прыпынкаў наземнага грамадскага транспарту і станцый метро ў крокавай даступнасці.

«Двухпакаёўкі» па-бюджэтнаму

Чацвёртае месца ў нашым рэйтынгу займаюць двухпакаёвыя кватэры коштам да 230 долараў.

Як правіла, за такую цану «двушкі» могуць пахваліцца толькі «савецкім» рамонтам, але без істотных дэфектаў. Можна знайсці нават кватэру часткова з мэбляй. Але паколькі падобныя кватэры здымаюць у асноўным сем'і з дзецьмі, то і мэбля ў іх ужо ёсць уласная.

Таксама сустракаюцца выпадкі арэнды падобных кватэр тымі сем'ямі, якія прадалі «аднапакаёўку» і шукаюць для набыцця (альбо будуюць у далёўку) нешта большае. А пакуль пошук не скончаны, жывуць у арэнднай кватэры.

Элітнае жыллё заўсёды ў цане

Завяршаюць наш рэйтынг топ-5 двухпакаёвыя і/або трохпакаёвыя кватэры, коштам да паўтары тысячы долараў.

Асноўны попыт на падобныя кватэры фарміруецца з прыезджых спецыялістаў высокіх катэгорый, прадстаўнікоў замежных арганізацый і дзяржаў. Ім патрэбныя прасторныя камфартабельныя кватэры ў цікавых месцах горада, і за гэта яны гатовыя плаціць. Падобныя кватэры могуць адносіцца як да класа прэміум, так і прэміум-люкс.

Дамы класа прэміум і кватэры ў іх выкананы па індывідуальных архітэктурных праектах. Плошча кватэр ад 50/75/100 квадратных метраў у 1/2/3-пакаёвых адпаведна. Яны абсталяваны сістэмамі кандыцыянавання, індывідуальнага падагрэву вады, відэаназірання. Рамонт выкананы ў адпаведнасці з дызайн-праектам з выкарыстаннем якасных будаўнічых матэрыялаў.

Арэнднае жыллё класа прэміум абстаўлена сучаснай мэбляй і камплектам бытавой тэхнікі. Наяўнасць паркоўкі, паркінга і кансьержа абавязковая. Патрабаванні да размяшчэння праектаў класа прэміум і прэміум-люкс аднолькавыя: недалёка ад буйных транспартных магістраляў, у крокавай даступнасці ад рэкрэацыйнай зоны (парку, сквера, рэчкі, лесапаласы). Будынкі гэтых класаў не павінны знаходзіцца паблізу прамысловых аб'ектаў, месцаў пахавання і чыгункі.

Дамы класа люкс — гэта малапавярховая альбо катэджная камерная забудова, выкананая па індывідуальным архітэктурным праекце. Кватэры плошчай: двухпакаёвыя — ад 80 квадратных метраў, трохпакаёвыя — ад 120 «квадратаў». Індывідуальныя сістэмы ацяплення і кандыцыянавання, відэаназірання і кругласутачнай аховы тэрыторыі і будынка. Рамонт выкананы ў адпаведнасці з дызайн-праектам з выкарыстаннем экалагічна чыстых якасных будаўнічых матэрыялаў. Абсталяванне сучаснай мэбляй і камплектам бытавой тэхнікі, якія адпавядаюць запланаваным пры дызайне аб'екта, — абавязковая ўмова арэнднага жылля класа прэміум. Размяшчэнне — гістарычны цэнтр, экалагічна спрыяльныя раёны горада і блізкага прыгарада.

Кошт арэнды будзе расці, магчыма...

У рэйтынг не трапілі трохпакаёвыя кватэры пачатковых цанавых катэгорый, і ўсё таму, што падобнае жыллё карысталася ў мінулым годзе мінімальным попытам. Сказаць, што іх ніхто не арандуе, будзе няправільна. На любы тавар ёсць свой пакупнік. Іншая рэч, што сем'ям «траячкі» часта нецікавыя па прычыне высокіх камунальных плацяжоў за іх. Замест «трохпакаёвак» звычайна здымаюцца «двушкі», нават сем'ямі з двума дзецьмі.

Сярэдні кошт арэнды акуратнай трохпакаёўкі знаходзіцца на ўзроўні 270—280 долараў у месяц. З асаблівасцяў інтарэсаў пакупнікоў у мінулым годзе можна адзначыць зніжэнне негатыўнай думкі аб такіх раёнах горада, як, напрыклад, Ангарская ці Трактарны завод. Трэба толькі выбраць патрэбную кватэру, а дзякуючы развітой сетцы грамадскага транспарту практычна з любога пункта Мінска можна свабодна дабрацца да месца назначэння.

У 2018 годзе ўсё будзе залежаць ад эканамічнай сітуацыі. Калі яна будзе заставацца стабільнай, з'явяцца пазітыўныя змены і пачнецца рост даходаў, то, магчыма, і кошт арэнды пачне патроху прырастаць. Але ў гэтай формуле занадта шмат «магчыма», таму па факце ўласнікам варта разлічваць на стаўкі арэнды бягучага перыяду і імкнуцца падтрымліваць свае кватэры ў добрым стане.

Як уласнікам, так і арандатарам варта не забываць пра заключэнне дагавора арэнды. Менавіта ён з'яўляецца галоўным абаронцам і гарантам спакою абодвух бакоў здзелкі.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.