Вы тут

Чарговая партыя добрага кіно ад праекта «Лістапад. Калекцыя»


Тэзіс пра тое, што «Лістапад» — гэта «свята, якое заўсёды з табой», набывае і літаральны сэнс. Калі сам фестываль застаецца ў мінулым, яго каманда ў рамках праекта «Лістапад. Калекцыя» працягвае пастаўляць на вялікі экран сусветныя хіты і найцікавейшыя прыклады сучаснага аўтарскага кінематографа. Першы месяц новага года будзе багаты: у сталічных кінатэатрах з'явяцца знаходкі Канскага кінафестывалю, сенсацыі года, уладальнік «Залатога мядзведзя» і Прыза ФІПРЭСІ Берлінскага кінафестывалю, а таксама фільмы жывога класіка Міхаэля Ханеке.


Пад знакам імені праслаўленага аўстрыйскага рэжысёра і праходзіць гэты кінамесяц: у сталічных кінатэатрах можна будзе паглядзець апошні фільм Міхаэля Ханеке «Хэпі-энд», якому будуць спадарожнічаць яго ж карціны «Піяністка» з Ізабэль Юпер у галоўнай ролі і «Каханне» з Жанам-Луі Трэнціньянам і Эмануэль Рыва. «Хэпі-энд», дарэчы, сёлета намінаваўся на галоўны прыз Канскага кінафестывалю, як і безліч іншых работ рэжысёра, толькі саступіў «Квадрату» шведскага аўтара Рубена Эстлунда. Затое «Каханню» «Залатую пальмавую галіну» прысудзілі, у 2012 годзе, больш за тое — карціна атрымала Оскар як «Найлепшы фільм на замежнай мове». «Піяністка» ж, таксама намінаваная на «Залатую пальмавую галіну», атрымала Гран-пры журы, а фестываль адзначыў ролі незямной Ізабэль Юпер і прыгажунчыка Бенуа Мажымеля.

У фільме «Хэпі-энд» расказваецца пра багатую французскую сям'ю, абыякавасць і безэмацыянальнасць якой выяўляецца на фоне мігранцкага крызісу. Ханеке далікатна закрануў актуальную тэму — мігрантаў, але завёў гісторыю зусім пра іншае. Адну з галоўных роляў у карціне — дзядулі Жоржа — выканаў непараўнальны Жан-Луі Трэнціньян, зорка фільмаў Бернарда Берталучы, Эрыка Рамера, Ражэ Вадзіма, Франсуа Труфо, Клода Лелуша і, вядома, Міхаэля Ханеке. У фільме задзейнічана таксама Ізабэль Юпер.

Зоркай жа мінулага Берлінскага кінафестывалю апроч новай карціны фіна Акі Каўрысмякі стаў фільм венгерскай аўтаркі Ільдзіка Энэдзі «Пра цела і душу». У Берліне ён атрымаў чатыры ўзнагароды, у тым ліку «Залатога мядзведзя», а Андрэй Плахаў назваў яго прэтэндэнтам на званне самага небанальнага фільма года. Дзеянні адбываюцца на бойні, дзе працуюць галоўныя героі — Марыя з расстройствам аўтыстычнага спектра і адзінокі Эндрэ з дэфектам левай рукі. У пэўны момант яны даведваюцца, што ім сніцца падобны сон, дзе яны сустракаюцца ў лесе ў вобразе закаханых аленяў, і з гэтага пачынаецца іх раман — раман на бойні.

Сенсацыяй называюць карціну італьянскага рэжысёра Лукі Гуаданьіна «Кліч мяне сваім імем», упершыню прадстаўленую на кінафестывалі «Сандэнс», пасля чаго — на Берлінале. Фільму прадказваюць некалькі намінацый на Оскар, узнагароды «Залаты глобус», і, канешне, кожная краіна хоча атрымаць гэты хіт у свой пракат. Па сюжэце прафесар і яго сям'я, у тым ліку 17-гадовы сын Эліа, праводзяць лета на сямейнай віле, куды прыязджае асістэнт прафесара, малады вучоны Олівер. Глядзець фільм «Кліч мяне сваім імем» варта дзеля рэжысёрскай вытанчанасці, візуальнай прыгажосці і танца Олівера, якога іграе здольны скарыць з першага погляду Армі Хамер, пад кампазіцыю гурта The Psychedelіc Furs. Ужо цяпер можна прасачыць за лёсам карціны: цырымонія ўзнагароджвання прэміі «Залаты глобус» адбудзецца заўтра, 7 студзеня.

Паказы фільмаў праекта «Лістапад. Калекцыя» ў асноўным будуць праходзіць у кінатэатрах «Піянер», «Цэнтральны» і Falcon Club Буцік Кіно

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Абыякавасць буржуазнай сям'і і алені ў снах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».