Вы тут

Тэатр лялек ставіць казку братоў Грым


Якраз у калянавагодні час, калі любое відовішча з падаючым снегам аказваецца такім дарэчным, у рэпертуары Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек з'явілася вельмі сімпатычна ўвасобленая казка братоў Грым «Беласнежка». Ручаюся, што прагляд спектакля, прызначанага для публікі ад пяці гадоў, стане прыемным баўленнем часу і для дарослага чалавека, што пацвярджаецца маім выпадкам. Хоць пастаноўка прытрымліваецца сюжэта, не прапануе сучаснага «прачытання», не насычае герояў псіхалагізмам. Здавалася б, сапраўды казка для дзяцей...


Новую «Беласнежку» паставіў рэжысёр Ігар Казакоў — аўтар, здольны разбурыць пашыраны ў нашым грамадстве стэрэатып пра быццам прызначаны для малодшай публікі лялечны тэатр. «Гамлет» Уільяма Шэкспіра, «На дне» Максіма Горкага, «Сіняя-сіняя» Уладзіміра Караткевіча — усё аказалася на сцэне Магілёўскага абласнога тэатра лялек, дзе сёння Ігар Казакоў з'яўляецца галоўным рэжысёрам. Памятаючы пра гэтыя творчыя дасягненні, мімаволі шукаеш глыбока схаваны падвох, але не — Ігар Казакоў мае не менш значны бэкграўнд і ў сферы спектакляў для дяцей, а ісціны яго «Беласнежкі» не складанейшыя за казачную мараль. Спектакль адыходзіць цудоўнаму жанру забавы — простай, мяккай і пяшчотнай, а вонкаваму выгляду пастаноўкі надаецца асаблівая роля.

Адпаведна ўсюдыіснаму сюжэту, адным зімовым вечарам Каралева ўкалола палец і выказала пажаданне, каб у яе было дзіця «белае, як снег, румянае, як кроў, і чарнявае, як чорнае дрэва». Такой нарадзілася Беласнежка, маці памерла, жонкай караля стала фанабэрыстая жанчынка, што размаўляе з люстэркам. У рэшце рэшт прыгажосць дзяўчыны стала раздражняць мачыху і Беласнежка вымушана была бегчы ў лес, дзе трапіла да гномаў, укусіла атручаны яблык, упала ў забыццё і была выратавана Каралевічам, які, убачыўшы яе, закахаўся.

У спектаклі Ігара Казакова казку расказваюць самі гномы: яны з'яўляюцца на сцэне ў самым пачатку пастаноўкі, сварацца, забаўляюцца, уключаюцца ў гісторыю, уплываюць на развіццё падзей, нехта пераходзіць у новыя ролі так, што гномаў меншае. Карацей, усё, што адбываецца на сцэне, — выключна гномаў свет і гномава апавяданне, нават галоўныя героі — Каралева, Беласнежка і Каралевіч — першапачаткова з'яўляюцца ў вобразе гномаў. Такім чынам захоўваецца рытуал апавядання дзіўных гісторый, калі мы адразу ідэнтыфікуем расказчыка і абстрагуемся ад казкі, не дазваляючы сабе захраснуць у ёй і спужацца страшнага люстэрка. Рэжысёр жа адышоў ад спрошчанага лінейнага ўвасаблення на сцэне казкі братоў Грым і ўскладніў спектакль, захаваўшы сюжэт.

Сапраўды, асобную ўвагу варта звярнуць на візуальны складнік пастаноўкі і на тое, як рэжысёр пабудаваў мізансцэну: чаго вартыя падаючы снег, злавесныя моманты і тое, як на сцэне суіснуюць расказчыкі і казка, антуражам і персанажамі якой займаюцца самі расказчыкі. Мастаком-пастаноўшчыкам «Беласнежкі» стала лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі і галоўны мастак Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Таццяна Нерсісян, кампазітарам — Аляксандр Літвіноўскі, тэксты песень напісалі Рыгор Гольдман і Аляксандра Даньшова, харэаграфію паставіла Валерыя Лук'янцава.

У выніку мы маем быццам вядомы сюжэт, але змешчаны ўнутр сусвету гномаў, настолькі ж казачнага. Жудасную насамрэч гісторыю ў часам злавесным увасабленні, але ўраўнаважаную гарэзлівасцю гномаў. Казку для дзяцей, ад якой і дарослыя акажуцца ў захапленні. У сучасным рэпертуары гэта той спектакль, падчас якога можна ўсміхнуцца, зацаніць візуальныя рашэнні і насуперак стэрэатыпам пра дзіцячы лялечны тэатр проста атрымаць задавальненне.

Уражанні ад свят пройдуць, а снег на сцэне лялечнага тэатра, на шчасце, усё яшчэ будзе ісці. У найбліжэйшы час «Беласнежка» будзе паказвацца ў лялечным у студзені і лютым.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Фота Станіслава ВІГДОРЧЫКА

Загаловак у газеце: «Беласнежка» для дзяцей і дарослых

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.