Вы тут

Дзе і як у савецкі час танцавалі мінчане


Першае дзесяцігоддзе пасля ўтварэння СССР многія звыклыя раней паняцці былі прызнаныя цалкам чужымі новаму савецкаму будаўніцтву, іх лічылі дробнабуржуазным, шкодным перажыткам. Акрамя самога інстытута сям'і ў няміласць сярод іншага трапілі танцы і нават дзіцячыя цацкі. У пачатку 20-х былі забаронены ўсе лялькі, акрамя ідэалагічна накіраваных. Існавала нават серыя выродлівых пародый на дзеячаў духавенства і буржуазію, але за адсутнасцю альтэрнатывы дзеці пачалі з трапятаннем ставіцца і да іх. Прызнаўшы магутныя прыродныя сілы ў чалавеку, да пачатку 30-х з радыкальнымі эксперыментамі скончылі. І ўсё ж нават у танцаў была свая адмысловая афарбоўка...


Марк Кац пад­час за­ня­ткаў.

Мінск на сусветнай танцавальнай карце

Не так даўно краязнаўца Вадзім ЗЕЛЯНКОЎ падзяліўся цікавай «знаходкай» у газеце «Звязда» за 1930 год. Здавалася б, нічога незвычайнага: нататка пра тое, што Мінскі клуб друкароў сумесна з юнсекцыяй арганізуе мерапрыемства. У праграме — канцэрт з удзелам артыстаў ленінградскіх і маскоўскіх тэатраў, балетнае аддзяленне, сімфанічны аркестр, а таксама духавы аркестр музыкі, прысутнасць якога прадугледжвала танцы. Здзіўленне выклікае іншае — утыльвіктарына з прызамі. Дарэчы, менавіта гэты пункт выдатна карэлюе з назвай самога мерапрыемства «Вялікі вечар ірванай галёшы». Аказалася, такія, як цяпер модна казаць, «івэнты» былі ў пачатку 30-х распаўсюджаныя па ўсім Савецкім Саюзе, падобны эпізод нават згадваецца ў аповесці Андрэя Платонава «Катлаван». Закліканы яны былі нестандартным чынам вырашыць новую стратэгічную задачу — масавы збор утылю. Каб папасці на вечарыну, неабходна было папярэдне здаць не менш за два кілаграмы адходаў на перапрацоўку, сярод якіх высока цаніліся старыя галёшы. Праўда, фармат мерапрыемства асабліва не прыжыўся.

Пра альтэрнатыву падобных вечарынак расказала мастацтвазнаўца Таццяна Бембель. Яе саму пабольш даведацца пра танцавальную культуру падштурхнуў міжнародны танга-марафон, які праводзіўся ў Мінску. Аказваецца, за апошнія пяць гадоў беларуская сталіца трывала зацвердзілася на агульнасусветнай карце сацыяльных танцаў — тых, якімі займаюцца не дзеля спаборніцтваў, а дзеля задавальнення. Аматары штотыдзень збіраюцца ў рэстаране, размешчаным у будынку Купалаўскага тэатра.

Але што ж было раней? У даваенны перыяд і першыя пасляваенныя гады часцей за ўсё танцавалі мінчане не ў рэстаранах — іх наведванне маглі дазволіць сабе адзінкі, — а на хатніх вечарынках. Гэта ж правіла распаўсюджвалася і на высокапастаўленых асоб сталага ўзросту. Ставілі патэфон, мянялі пласцінкі... Хатняе танцаванне было кампенсацыяй таго, што людзі недаатрымлівалі ў іншых грамадскіх прасторах.

Ежы Пе­цярс­бур­скі.

Танцы строем пад партрэтам Сталіна

І ўсё ж жыццё Мінска ў тыя гады нельга было назваць сумным. Вялікія перамены прынёс 1939 год, калі сюды трапілі музыкі з далучанай Заходняй Беларусі і Польшчы, дзе была добра развітая культура кабарэ. На некаторы час тут нават абаснаваўся найлепшы ў СССР джазавы бігбэнд.

А ўзначаліў яго той, хто, здаецца, вядомы абсалютна кожнаму, але не па імені, а па сваіх творах — Ежы або Гары, як яго потым называлі, Пецярсбурскі. Напрыклад, танга «Остатня нядзеля», якое заваявала ўвесь свет, мы ведаем пад назвай «Стомленае сонца».

Дарэчы, Ежы Пецярсбурскі да самога Пецярбурга ніякага дачынення не меў: ён быў родам з Варшавы, з сям'і музыкаў. Па маці яго прозвішча было Меладыст, бо шматлікія продкі з гэтага боку займаліся клезмерскай музыкай — гэта традыцыя імправізацыі на многіх інструментах адначасова, вельмі блізкая да джаза.

Менавіта таму, калі хвалі эміграцыі адна за адной пайшлі ў Амерыку, многія яўрэйскія музыканты так натуральна ўліліся ў джаз — яны ўжо ўмелі гэта рабіць, проста пад іншай назвай.

Ежы скончыў варшаўскую кансерваторыю як піяніст, а пасля гэтага яшчэ адвучыўся ў венскай кансерваторыі таксама як піяніст, а яшчэ як дырыжор і кампазітар. Для музыкі такога ўзроўню Мінск здаваўся безнадзейнай правінцыяй, але іграць усё роўна трэба было. Таму ён сабраў групу з 25 чалавек, якую пазней узначаліў Эдзі Рознер, які таксама прыйшоў сюды з тэрыторыі былой Польшчы. Гэта чалавек, якога называюць вялікім трубачом, дырыжорам і шоуменам — зорка сусветнай велічыні.

Бігбэнд быў страшэнна папулярны, у філармонію было не трапіць. Дарэчы, тады яна знаходзілася ў будынку цяперашняга кінатэатра «Перамога». Гэта быў клуб, які выконваў філарманічныя функцыі, паколькі ў Мінску было не так шмат каменных збудаванняў з добрай акустыкай. На гэтай жа сцэне выступалі не толькі яны, але і Леанід Уцёсаў і Клаўдзія Шульжэнка, якія ездзілі з канцэртамі па ўсёй Беларусі, асаблівую ўвагу аддаючы заходняй яе частцы. Трэба было паказаць, што краіна адзіная, так праз музыку вырашаліся палітычныя пытанні.

Аднак мела гэта і адваротны бок. У нацыянальным архіве захоўваюцца кадры, дзе ў тым самым кінатэатры «Перамога» пары «строем» танцуюць пад партрэтам Сталіна. Тады было прынята танцаваць перад праглядам кінастужкі. Пра танцы не забыліся і падчас вайны. Людзі нават у палявых умовах супрацьпастаўлялі хвілінны настрой пастаянна пануючаму вакол жаху. А вось у пасляваенны перыяд «класічнай» стала карціна танцуючых адна з адной на грамадскіх пляцоўках дзяўчат ці жанчын — занадта шмат мужчын загінула.

Тан­ца­валь­ная пля­цоў­ка ў 1950-я.

Фільм, увасоблены ў рэальнасць

Дарэчы, Ежы Пецярсбурскі выступаў і на фронце, пазней яго ўзялі на радыё, якое транслявала музычныя перадачы. Разам з войскам Андэрса ён апынуўся ў Афрыцы, адкуль эміграваў у Аргенціну, дзе 20 гадоў працаваў капельмайстрам вялікага аркестра, напісаў шмат твораў і ўнёс вялікі ўклад у аргенцінскую музыку. Але на радзіму яго заўсёды цягнула, таму ў 1970-я ён вярнуўся ў Варшаву і нават паспеў, ажаніўшыся з маладой опернай спявачкай, пакінуць нашчадка.

Аднак выпрабаванняў на яго долю выпала дастаткова, адно з іх — замоўчванне імені. А звязана гэта з папулярнасцю яго музыкі як у савецкім, так і ў нямецкім войсках. Ежы, дарэчы, у мінскі перыяд напісаў песню «Сіняя хустачка» — у ваенны перыяд вальс у выкананні Шульжэнкі адразу ж атрымаў велізарную вядомасць. Але па іроніі лёсу як для савецкай арміі адной з галоўных сімвалічных песень стала «Сіняя хустачка», так для нямецкіх салдат — танга, вядомае пад назвай «О, донна Клара». Толькі ўявіце — таго ж аўтара. Атрымлівалася, што дзве арміі, якія ваявалі між сабой, бесперапынку слухалі музыку аднаго кампазітара. На шчасце, зараз справядлівасць перамагла, і нотныя зборнікі выдаюцца пад імем аўтара.

Гісторыя, шмат у чым блізкая да жыцця кампазітара, паказаная ў фільме Эфраэма Севелы «Папугай, які гаварыў на мове ідыш», знятага сумесна СССР і ФРГ у 1990 годзе. Дзеянне карціны адбываецца ў Вільні, але ў аснове ляжыць адно — людзі, якія апынуліся паміж валамі гісторыі.

Лёс Эдзі Рознера склаўся больш трагічна. Пасля вайны сабраны зноў аркестр праіснаваў нядоўга. Гэта звязваюць са стратай уплыву Панамарэнкі, які адчуваў сантымент да джазавай музыкі і таму аберагаў яе выканаўцаў. Не прайшло і двух гадоў пасля вайны, як пачалася актыўная барацьба з буржуазнымі павевамі, Эдзі Рознера на восем гадоў адправілі ў лагер, дзе ён прабыў да смерці Сталіна.

Эдзі Роз­нер.

Тым не менш музыка з жыцця гараджан не знікала ніколі. У 1965 годзе ў Мінск пераехаў Марк Кац, які адкрыў студыю танца ў ДК аўтазавода. Ён прыўнёс у горад на час згубленую культуру. Як успамінаюць яго вучаніцы, ён любіў паўтараць: «Ты ж ружа, ты павінна цвісці ў руках мужчыны. Ён павінен весці, а ты — падпарадкоўвацца». Такія фразы супярэчылі савецкім агульнажыццёвым устаноўкам, але менавіта дзякуючы асаблівай атмасферы на заняткі да яго марыла трапіць ледзь не палова мінскай моладзі.

Як успамінае мінчанка Таццяна, у 70-я ў многіх школах быў абавязковы ўрок танцаў. А сярод дарослых нават праводзіліся негалосныя чэмпіянаты на адкрытых пляцоўках у парках і ў Доме афіцэраў.

Таццяна расказвае і пра тое, як святы адзначалі цэлым дваром. З трох суседскіх дамоў выносілі мэблю, і кожны функцыянаваў па сваім прызначэнні. У адным стаялі сталы, у другім гулялі ў прэферанс, а ў трэцім, вядома, танцавалі. Так было аж да канца 70-х, пакуль домікі каля піўзавода пры пракладванні новай трамвайнай лініі не знеслі...

Дар'я КАСКО

kаskо@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: «Вечары рванай галёшы» і найлепшы джаз

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.