Вы тут

Асаблівасці святлодынамічнага жывапісу


«13 цуд свету» — для кожнага: у трох залах гандлёвага цэнтра «Галерэя Мінск» прадстаўлены работы віцебскага мастака і дызайнера Аляксандра Вышкі. Ён стваральнік канцэпцыі святлодынамічнага жывапісу. Многія гледачы блытаюць творы мастака з 3D-мадэлямі. Аднак гэта не так: творы сканструяваны па прынцыпе змянення сэнсу пад рознымі светлавымі адценнямі.


«Зацьменне», 2013 г

— На выстаўцы прадстаўлены работы з 1982 па 2017 год, — расказвае куратар праекта, студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Андрэй Журко. — У асноўным мы бачым, што гэта аб’ёмныя кампазіцыі. Творы маюць тры розныя выгляды пры розным асвятленні. Пры цёплым святле карціны выглядаюць трохі змрочнымі, аўтар выкарыстоўвае шэрыя і светла-зялёныя тоны. Калі выключаецца святло і на творы накіроўваюць ультрафіялет, выяўляюцца новыя фарбы, змяняецца цалкам значэнне твора. Трэці стан работ, які мы можам убачыць у межах выстаўкі, — гэта калі цалкам выключаецца святло ў зале і мы апынаемся сярод зорак, у бясконцасці сусвету. Калі зноў уключаецца святло, глядач ужо не ўспрымае твор так, як адчуў яго ў самым пачатку, ён трапляе абсалютна на новы эмацыянальны ўзровень дыялогу з мастаком.

У трохслойным жывапісе адбываецца гульня ценяў, фарбаў і ўяўлення. Чалавек пераносіцца ў паралельны свет, атрымлівае новыя эмоцыі і асалоду ад незвычайнага пераўвасаблення элементаў экспазіцыі. Такім чынам, мастак метафарычна паказвае стаўленне да жыцця: на адну і тую ж сітуацыю можна глядзець абсалютна па-рознаму, і толькі чалавек сам выбірае, у якім стане яму лепей. Аўтар жадае, каб глядач у пэўным сэнсе таксама станавіўся творцам і адчуваў, што ён на сваім месцы ў дадзенай прасторы.

У Мінску Аляксандр Вышка выстаўляецца ўпершыню. Арганізатары, даведаўшыся пра адметную творчасць, прадставіць яе палічылі магчымым. І менавіта ў гандлёвым цэнтры: выстаўка тэрмінам у два месяцы даволі працяглая для спецыялізаваных пляцовак. Таму і было вырашана арганізаваць праект у шматлюдным месцы, куды можна зайсці нават выпадкова, убачыўшы афішу. Дарэчы, пабываць на выстаўцы будзе цікава і маленькім, у межах пляцоўкі добраўпарадкавана зона для дзіцячай творчасці, тут нават можна маляваць на мальберце ліхтарыкам мабільнага тэлефона.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Гульня адценняў і сэнсаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?