23 верасня, серада

Вы тут

«Калі сышліся парашутамі ў небе, трэба трымаць таварыша да апошняга»


Апошняе дзесяцігоддзе каманда «Беларускія ястрабы» ні з адных міжнародных спаборніцтваў не вяртаецца без медалёў. Як гэта ўдаецца беларускім парашутыстам, якія выконваюць скачкі ў гарах і над морам, у пустынях і стэпах, прызямляюцца на ваду і сушу і перамагаюць заканадаўцаў гэтага віду спорту, расказаў начальнік каманды, шматразовы прызёр чэмпіянатаў свету і Сусветных авіяцыйных гульняў па парашутным спорце Генадзь Клішэўскі.


Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

— Купальную акрабатыку, якой займаецца каманда «Беларускія ястрабы», называюць самым экстрэмальным відам парашутнага спорту...

— Мы з гэтым не згодны, але іншыя парашутысты кажуць менавіта так. Калі ўсё разлічана і адпрацавана, гэта асэнсаваная рызыка, а не экстрым. Так, купальная акрабатыка — той адзіны від парашутнага спорту, дзе не выкарыстоўваюцца страховачныя прыборы. Ва ўсіх астатніх яны ёсць і дазваляюць прызямліцца нават калі страціш прытомнасць — устройства раскрые запасны парашут. У нашым відзе настолькі вялікая асабістая хуткасць парашута, што прыбор можа сам аўтаматычна спрацаваць.

— На якой вышыні вы выконваеце элементы?

— 2200—2500 метраў. Калі ў дыяпазоне ад 2500 да 1000 метраў хмарнасць, арганізатары могуць падняць вышыню дэсантавання. На чэмпіянаце свету, які праходзіў у Расіі, нам давялося скакаць з чатырох тысяч метраў. Хачу заўважыць, што на спартсменаў гэта акалічнасць ніяк не ўплывае — мы гатовы да любых нечаканасцяў. На групавы пілатаж парашутыстаў адводзіцца 120 секундаў ад моманту аддзялення ад паветранага судна. За гэтыя дзве хвіліны чатыры рататары, як называюць спартсменаў, паспяваюць выканаць больш за 20 перастраенняў, далей прызямленне. Працу ў паветры здымае аператар, ён таксама член каманды, а затым па відэаздымцы яе ацэньваюць суддзі. Увесь скачок доўжыцца каля трох хвілін.

— Ці ёсць месца хваляванню ці нават страху ў гэты час?

— У самалёце і асабліва ў паветры — ні ў якім разе. З хваляваннем трэба справіцца на зямлі. Я сваім маладым спартсменам кажу: на спаборніцтвах у цябе няма ні імя, ні прозвішча, ты проста нумар у камандзе, за табой — краіна. Ды і няма калі палохацца — усё адбываецца вельмі імкліва. Час на рэакцыю ў спартсмена — 0,2 секунды, калі ты павінен адчуць, што партнёр па камандзе закончыў перастраенне і пачаць сваё. Усе працуюць хутка, дакладна, зладжана. Калі верхні рататар пачне перастраенне, а ніжні яшчэ не скончыў сваё, каманда атрымае штраф.

— У паветры вы, як капітан, падказваеце штосьці партнёрам?

— Некаторыя каманды выкарыстоўваюць перагаворныя прыстасаванні, мы — не. Па-першае, гэта не танна, па-другое, мы настолькі адчуваем адзін аднаго, што па позірку відаць, ці ёсць у таварыша па камандзе праблемы.

— Няштатныя сітуацыі здараюцца?

— Вядома. Адна з такіх у мяне адбылася ў 2005 годзе на чэмпіянаце Расіі па купальнай акрабатыцы ў горадзе Баркі. Мы з партнёрам па камандзе «завязаліся» ў небе, мой парашут загарнуў яму ногі і вызваліцца не атрымалася. Пачалі вырашаць, што рабіць. Нягледзячы на тое, што часу няшмат, трэба захоўваць вытрымку і спакой і не панікаваць.

Каманда «Беларускія ястрабы».

Галоўнае правіла — трымай да апошняга, паколькі адказваеш за таварыша. Мяне трымаў парашут партнёра, які быў нада мной. Прынялі рашэнне, што я буду адчапляцца на вышыні 600 метраў. Я адчапіў свой парашут і раскрыў запасны. У мяне тады было няшмат вопыту — каля 500 скачкоў, але ўсё атрымалася. На тых спаборніцтвах мы, дарэчы, узялі два серабры, а я выканаў нарматыў майстра спорту. Безумоўна, калі такое здараецца падчас выступлення, гэта праблема каманды — фігура суддзямі не залічваецца. Але ў кожнага спартсмена хоць адна адчэпка ў жыцці павінна адбыцца, парашутыст павінен умець паводзіць сябе ў гэтай сітуацыі. Увогуле, хуткасныя парашуты не даруюць памылак.

— Няўжо заўсёды цалкам удаецца справіцца з пачуццямі?

— Асабіста я баюся толькі аднаго — падвесці каманду. Разумееш, што ўжо сталы спартсмен, і адчуваеш, што ты не маеш права на памылку. Моладзь потым на відэа пабачыць і скажа: а нашы старэнькія таксама памыляюцца (усміхаецца).

— Ці доўга займаецеся парашутным спортам? Колькі на вашым рахунку скачкоў з парашутам?

— Цяпер — больш за 4880. Мой першы скачок з парашутам быў зімой 1997 года. Памятаю, што страху не было. З 1998-га пачаў займацца ў аэраклубе на Баравой. У 2001 годзе скончыў авіяцыйны факультэт ваеннай акадэміі і трапіў на авіяцыйную базу ў Мачулішчах. Праз два гады там узначаліў пошукава-выратавальную і парашутна-дэсантную службу. З 2002-га я ў няштатнай спартыўна-пара-
шутнай камандзе Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны. З 2006 года з'яўляюся капітанам «Беларускіх ястрабаў».

— А пачынаючы з 2008-га ваша каманда з усіх спаборніцтваў вяртаецца з медалямі...

— Так, нашы парашутысты — пяціразовыя бронзавыя прызёры чэмпіянату свету, двухразовыя сярэбраныя прызёры Кубка свету, бронзавыя прызёры сусветных авіяцыйных гульняў. Лідарства апошнія тры гады трымае французская каманда, гэта заканадаўцы парашутнага спорту. Другая звычайна Расія, трэцяя — Беларусь. Нельга скідаць з рахунку амерыканскую, кітайскую, шведскую каманды, не так даўно з'явіўся сур'ёзны гулец — катарская зборная. У купальнай акрабатыцы, як ні ў якай іншай парашутнай дысцыпліне, многае залежыць ад тэхнікі, на якой мы выступаем. Калі штогод будзе з'яўляцца новы парашут, будуць расці і вынікі. Амерыканцы і французы ў гэтым лідары. Ні ў Беларусі, ні ў Расіі няма такіх сур'ёзных кампаній, якія маглі б распрацоўваць парашуты з найноўшымі тэхналогіямі. І наша каманда, і расійская выступаюць на амерыканскіх.

Парашуты, дарэчы, вытрымліваюць каля тысячы скачкоў, праз тры — тры з паловай гады набываем новыя. Нядаўна атрымалі новыя парашуты «Шторм». Іх плошча ўсяго 89 квадратных футаў, таму яны больш хуткасныя. Адпаведна, менш часу застаецца на ратацыю: калі раней за 90 секундаў будавалі 21 фігуру, то цяпер дзесьці 23. У мінулым сезоне крыху іх апрабавалі, падрыхтавалі ў асноўны склад двух хлопцаў. У 2018 годзе пройдзе чэмпіянат свету ў Аўстраліі, мяркую, што выступім там нядрэнна.

Падчас спаборніцтваў  над востравам  Пальмаў у Дубаі.

— Нягледзячы на моцных сапернікаў і лідараў, якіх вы пералічылі, «Беларускія ястрабы» неаднойчы іх абыходзілі ...

— Выйгравалі ў французаў, калі ў іх абнаўляўся склад. Пасля гэтага, дарэчы, іх каманду цалкам расфарміравалі. Там жорсткія падыходы — калі не перамога, каманду памнажаюць на нуль. Абыгрываць супернікаў удаецца нават пры тым, што ў нас усяго 100—200 скачкоў за год, у расіян — каля тысячы, а ў тых жа катарцаў — каля дзвюх тысяч. Затое мы больш моцныя духам. І даказалі, што можам падтрымліваць свой узровень і ўдасканальваць яго. Я вельмі ганаруся сваёй камандай, гэта трэнер Пётр Грыгаровіч, парашутысты Яўген Рыбка, Сяргей Сівіцкі, Аляксандр Мароз, Сяргей Хлябіч, Аляксей Пагрэбан, Аляксандр Грышукевіч, Віктар Забела, Іван Гадавальнік. Калі б скачкоў было ў два разы больш, маглі б рыхтаваць больш моладзі і часцей абнаўляць склад.

— Пры гэтым наша каманда няштатная...

— Так. Мы ўсе найперш ратавальнікі, а спорт — гэта ўдасканаленне нашага прафесійнага майстэрства. На дзяжурстве мы ў пастаяннай баявой гатоўнасці аказаць дапамогу паветраным судам у выпадку, калі яны будуць цярпець бедства над нашай тэрыторыяй. І на спаборніцтвах мы прадстаўляем Беларусь і Ваенна-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны. Як ратавальнікі, мы, дарэчы, адпрацоўваем пасадку не толькі на сушу, але і на ваду — на спецыяльных парашутах.

— У якіх экзатычных месцах вам даводзілася выступаць?

— Тройчы — у Дубаі. Наследны прынц дынастыі эмірата Дубай, шэйх Хамдан бін Махамед сам займаўся парашутным спортам, таму ўсё было арганізавана на высокім узроўні. Спаборніцтвы праходзілі на востраве Пальмаў. На вадзе быў пабудаваны спецыяльны аэрадром. Іншая частка ўдзельнікаў выступала ў пустыні, якую за некалькі дзён ператварылі ў зялёны аазіс: трава, нават пальмы, якія стваралі цень для спартсменаў і гледачоў, і будынкі са шкла, дзе мы маглі ўкладваць парашуты. Спаборніцтвы ў пустыні, дарэчы, маюць сваю спецыфіку. Калі звычайна вышыню мы на вока вызначаем, то там глядзіш на дзюны, пясок і ніяк не можаш зразумець, колькі засталося да зямлі, прыходзіцца звярацца з вышынямерам. Выдатны ўзровень арганізацыі ў Чыкага, Галандыі, італьянскім Турыне, дзе праходзілі Сусветныя авіяцыйныя гульні ў 2008 годзе. З тых спаборніцтваў, дарэчы, мы прывезлі першыя медалі для Беларусі. У Турыне побач з аэрадромам пачынаюцца Альпы. Так што скакалі з самалёта паміж цяснінамі ў гарах. У стэпе, у Татарстане, праходзілі спаборніцтвы, там свая прыгажосць. Гэтак жа, як і ў Туапсэ, дзе ў паветры мы працавалі над Чорным морам, а прызямляліся на сушу. Прыгожыя скачкі атрымліваюцца над аблокамі, калі імі схаваная зямля.

— Паспяваеце гэта заўважаць?

— Падчас спаборніцтваў — не. Там часам нават можаш не ўспомніць, які па ліку скачок. Найбольшае задавальненне і прыліў адрэналіну адчуваеш ад трэніровачных скачкоў на ратацыю, калі ўсёй камандай прызямляемся і адчуваем, што адпрацавалі на 100 працэнтаў.

Алена КРАВЕЦ

kravets@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

Гімнаст Андрэй Ліхавіцкі: Зараз акцэнт робіцца на складанасці элементаў, таму гімнасты цяпер больш масіўныя і мускулістыя

Гімнаст Андрэй Ліхавіцкі: Зараз акцэнт робіцца на складанасці элементаў, таму гімнасты цяпер больш масіўныя і мускулістыя

Андрей Ліхавіцкі — прыклад таго, што геаграфічныя межы спорту не перашкода. Чаму?

Грамадства

Конкурс прафесiйнага майстэрства WorldSkills Belarus 2020 прайшоў у Мiнску

Конкурс прафесiйнага майстэрства WorldSkills Belarus 2020 прайшоў у Мiнску

Конкурс прафесiйнага майстэрства WorldSkills Belarus 2020 прайшоў у Мiнску ў Індустрыяльным парку «Вялiкi камень» з грандыёзным размахам.