Вы тут

Парушэнні зямельнага заканадаўства выявілі ў Гродзенскай вобласці


Затраты на ахову навакольнага асяроддзя ў рэгіёне з кожным годам павялічваюцца. Летась на гэтыя мэты накіравана 95 млн рублёў. У тым ліку на ахову і рацыянальнае выкарыстанне зямель — каля 500 тысяч. І вынікі відавочныя — на чысціню населеных пунктаў, дагледжаныя палі звяртаюць увагу многія, хто прыязджае на Гродзеншчыну. Тым не менш парадак наведзены далёка не ўсюды.


​Стан прыдарожнай паласы ў мікрараёне Баранавічы (г. Гродна).

Зямля пустуе

Уцягванне пустуючых зямель у севазварот адбываецца згодна з рэгіянальнай праграмай. Большасць работ праведзена. Але ў некаторых раёнах зямля так і застаецца неапрацаваная. У Мастоўскім раёне зрабілі справаздачу аб выкананні, але толькі на паперы. Спецыялісты Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці ўстанавілі факт пустуючых зямель у ААТ «Чарлёна». Па стане на 25 лістапада не ўцягнуты ў абарот каля 65 га зямель сельскагаспадарчага прызначэння.

Таксама кантралёры задаюцца пытаннем: чаму пустуюць землі пасля меліярацыі? Напрыклад, у сельгаспрадпрыемстве «Мажэйкава» Лідскага раёна рэканструкцыя праведзена пазалетась, але 10 га плошчы так і не ўцягнута ў работу. У Свіслацкім раёне 1,2 га зямель ААТ «Акр-Агра» пасля дрэнажу зарастаюць пустазеллем.

Каб навесці парадак, неабавязкова ўкладаць значныя фінансавыя сродкі, лічаць кантралёры. Дастаткова проста ачысціць тэрыторыю ад смецця. У гэтым маюць патрэбу раён прамысловай зоны па вуліцы Скідзельская шаша ў Гродне, тэрыторыя былой воінскай часці па вуліцы Лідскай, землі гаражных кааператываў. Павялічылася колькасць парушэнняў падчас распрацоўкі кар'ераў. По словах спецыялістаў прыродаахоўнай службы, кожны трэці кар'ер эксплуатуецца з парушэннямі.

Забруджваюць жорстка

Як паведамілі ў Гродзенскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, самыя значныя штрафы датычацца забруджвання азотна-аманійнымі сцёкамі. У сувязі з гэтым летась складзена 27 прэтэнзій на суму 110 тыс. рублёў.

Самым буйным забруджвальнікам эколагі назвалі Лідскі ветэрынарны ўтыльзавод, дзе ў сцёках зафіксавана перавышэнне такога таксічнага рэчыва, як азот аманійны, у 536 разоў.

Такая сітуацыя не магла не адбіцца на навакольным асяроддзі. Несанкцыянаваныя выкіды сцёкаў прывялі да ўсыхання 900 дрэў на 1 га лесу. Агульная сума стратаў склала 74 тыс. рублёў. За забруджванне лесу пракуратурай заведзена крымінальная справа.

Выяўлены парушэнні і на тэрыторыі самога прадпрыемства. Летась кантрольнымі органамі ўстаноўлена, што на працягу некалькіх месяцаў адбывалася несанкцыянаванае скідванне мяса-касцявых рэшткаў у ямы, якія выкапалі на пляцоўцы. Работнікі нагляднага органа лічаць, што на гэтай тэрыторыі можна было б размясціць ачышчальныя збудаванні. Для гэтых мэт варта прыстасаваць стары будынак, які ніяк не задзейнічаны.

На прадпрыемстве, як бачна, гэту праблему бяруцца вырашаць па-свойму. Паколькі ветэрынарны ўтыльзавод збіраецца павялічваць магутнасці, адміністрацыя звярнулася да абласных уладаў з просьбай вылучыць для ўзвядзення ачышчальных збудаванняў новы ўчастак плошчай 4 га. Гэты аб'ект прадпрыемства бярэцца ўзвесці за ўласныя сродкі.

Каб штраф не плаціць...

У Камітэце дзяржкантролю Гродзенскай вобласці звяртаюць увагу на інвестараў, якія перавышаюць тэрміны будаўніцтва сваіх аб'ектаў. У сваю чаргу мясцовымі ўладамі гэта дзейнасць не рэгламентуецца, штрафы за звышнарматыўныя тэрміны не бяруцца.

Адзін з такіх аб'ектаў — аўтасэрвіс, які будуецца на ўчастку плошчай 1,6 га. Гарадскімі ўладамі на працягу года не прымаліся меры па ўносе платы за права заключэння арэнды ў памеры 209 тыс. рублёў. Справа зрушылася з месца толькі пасля ўмяшання кантралёраў.

А вось зямельны участак па вуліцы Магістральнай у Гродне стаіць у запусценні, хоць выдзелены будаўнічай арганізацыі пад адміністрацыйны будынак. У Шчучынскім раёне прадпрыемствам абласной газавай службы на ўчастку створаны сметнік дэмантаваных канструкцый, блокаў, спісаных будаўнічых матэрыялаў. У Мастоўскім раёне ёсць факты забруджвання смеццем ачышчальных збудаванняў. На лясных ускрайках і каля пустых будынкаў з'яўляюцца стыхійныя сметнікі.

Прыродаахоўнымі інспекцыямі складзена каля 80 пратаколаў за парушэнні парадку выкарыстання зямлі і патрабаванняў па яе ахове.

На гэту праблему будзе звернута асаблівая ўвага, паведамілі эколагі, бо на тэрыторыі вобласці да 2020 года плануецца закрыць усе міні-палігоны. Летась іх колькасць зменшылася амаль на 50.

Іван Жук, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта:

— Я часта раблю аблёт рэгіёна і бачу, што яго абшары выглядаюць усё лепш і лепш. Мы сур'ёзна ўзяліся за добраўпарадкаванне тэрыторыі. Кожны год у аблвыканкаме складаецца рэгіянальны план па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Увялі практыку выязных штабоў, нядаўна аглядалі, як захоўваецца смецце ў Зэльвенскім раёне, вядзецца перапрацоўка на новай лініі ў Слонімскім раёне. Плануем сёлета закрыць некалькі сотняў міні-палігонаў. Будзем рабіць стаўку на сарціроўку смецця і яго перапрацоўку. Паступова набірае магутнасць смеццесартавальны завод пад Гродна, уводзім новыя лініі сарціроўкі адходаў у раёнах.

Распрацавана праграма па зносе збудаванняў, якія не выкарыстоўваюцца. Асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца былым сельскагаспадарчым пабудовам, у тым ліку старым зернесушыльным комплексам. Ставіцца задача да 1 красавіка 2018 года навесці парадак на фермах.

Трэба ўдакладніць уласнікаў зямлі паміж лясной дарогай і сельгасугоддзямі. На гэтай тэрыторыі часта ўзнікаюць стыхійныя сметнікі. Узмоцнім работу па зносе трухлявых будынкаў. Бачым, што менш запатрабаванай становіцца зямля для прысядзібных участкаў — яна зарастае пустазеллем, гэта тэрыторыя таксама будзе ўведзена ў абарот.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Хто не дбае, той не мае

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.