Вы тут

Першая беларуская крыптавалюта: якая яна?


На прэс-канферэнцыі, прысвечанай гэтай падзеі, было шматлюдна: на дыялог пра беларускую версію біткойна прыйшлі не толькі журналісты, але і работнікі ІТ-сферы, студэнты, эканамісты і нават пенсіянеры. Нягледзячы на той факт, што сустрэча павінна была адбыцца яшчэ восенню (арганізатары чакалі прыняцця Дэкрэта «Аб лічбавай эканоміцы»), цікавасць да мерапрыемства была непадробная. Дык хто ж стварыў першую айчынную крыптавалюту і як яна працуе?


Спачатку — невялікі экскурс у тэорыю. Крыптавалюта — гэта асаблівы тып электроннага плацежнага сродку. Інакш кажучы, гэта толькі матэматычны код. Называецца яна так з-за таго, што пры абарачэнні гэтых лічбавых грошай выкарыстоўваюцца крыптаграфічныя элементы, а менавіта — электронны подпіс. Крыптавалюта не існуе ў папяровым выглядзе ці ў манетах, яна ёсць толькі ў лічбавай рэальнасці.

Самая папулярная крыптавалюта — гэта біткойн. Яго асаблівасць заключаецца ў тым, што ён дэцэнтралізаваны, яго ніхто не кантралюе. Стваральнікам біткойна лічыцца Сатошы Накамота, але да гэтага часу невядома, што гэта за чалавек. Сёння біткойн каштуе больш за 13 тысяч долараў, аднак курс мяняецца штодня, што паказвае яго важную рысу — частую змену кошту.

Стваральнікі беларускай крыптавалюты, якая атрымала назву талер, — гэта журналіст Дзяніс Лаўнікевіч і ІТ-менеджар Сяргей Лаўрыненка. Па словах Дзяніса, ён доўгі час самастойна вывучаў тэхналогію блокчэйн і думаў пра тое, як гэта можна выкарыстаць у беларускай практыцы. У ліпені 2017 года ён зразумеў, што гэтыя веды трэба неяк прымяніць, каб «застацца ў рэчышчы сусветных тэндэнцый». Аднак журналісту для рэалізацыі амбіцыйнага плана не ставала тэхнічнай кампетэнцыі, таму ён звярнуўся да Сяргея. Такім чынам і склалася аснова каманды, якую пазней папоўнілі праграмісты, вэб-дызайнеры і менеджары.

«Дзень нараджэння» талера — 13 верасня, калі прайшла першая транзакцыя паміж электроннымі кашалькамі яго стваральнікаў. Некалькі тыдняў пасля гэтага праходзіла актыўнае тэсціраванне, выпраўляліся памылкі, а 6 кастрычніка з'явілася першая інфармацыя аб талеры ў інтэрнэце, запусціўся сайт. Стваральнікі не выкарыстоўвалі нейкі новы механізм працы, тэхналогія агульнадаступная.

Распрацоўшчыкі зрабілі акцэнт на тым, што талер — гэта зусім не замена беларускаму рублю. Хутчэй, гэта дадатковы эканамічны інструмент, які можа быць задзейнічаны ў розных бізнесах. Дарэчы, пэўную суму талераў стваральнікі раздаюць бізнесменам, якія гатовыя ў той ці іншай форме выкарыстоўваць гэтую валюту ў назапашвальных ці бонусных сістэмах. «Праект рэалізоўваўся намі за ўласныя сродкі, нашымі намаганнямі і нервамі, — адзначыў Дзяніс Лаўнікевіч. — Напэўна, галоўная ідэя заключаецца ў тым, каб Беларусь не адстала ад сусветных тэндэнцый».

Колькі ж зараз каштуе адзін талер? Па словах аўтараў, яго курс за апошнія некалькі тыдняў вырас з некалькіх цэнтаў амаль да аднаго долара. Рост адбыўся вельмі хутка. Гэта звязана з тым, што агульная колькасць талераў, якія наогул могуць быць выпушчаныя, — 23 мільёны 333 тысячы. «Ёсць ліміт, абмежаваны матэматычнай формулай, якая ляжыць у аснове алгарытму талера. Дарэчы, некаторая частка талераў ужо страчана, што непазбежна. Таму ён будзе толькі даражэць, гэта незваротны працэс», — дадаў Дзяніс Лаўнікевіч.

Важны момант — распрацоўшчыкі талера не ўплываюць на яго курс. Сёння першая беларуская крыптавалюта можа страціць да 50 % кошту за дзень. Акрамя таго, яны параілі людзям, якія прафесійна не інвестуюць у крыптавалюты, не ўкладвацца ў талер. Кантраляваць працэс фарміравання кошту немагчыма, прызналіся аўтары. Дарэчы, агульны кошт усіх выпушчаных талераў — каля мільёна долараў.

Што будзе адбывацца з талерам далей? У найбліжэйшы час будзе запушчана адкрытая дошка, у якой будуць сфарміраваны тэхнічныя задачы. Канцэпцыя такая: любы чалавек зможа ўзяцца за задачу, а пры яе паспяховым выкананні атрымае за гэта ўзнагароджанне. Стваральнікі не плануюць зарабляць на талеры, яны хочуць паказаць свае кампетэнцыі ў гэтай сферы. Калі праект акажацца паспяховым, то гэта будзе пацвярджэннем уменняў і навыкаў, упэўнены аўтары.


Біткойн пачаў 2018 год з падзення кошту

І гэта адбылося ўпершыню з 2015-га — у апошнія гады самая папулярная крыптавалюта дэманстравала толькі станоўчую дынаміку ў навагоднія святы, паведаміла «РИА Новости».

Як праінфармаваў партал CoіnMarketCap, раніцай 2 студзеня біткойн патаннеў да 13,5 тысячы долараў, зафіксавана падзенне на 3,08 працэнта. На біржы Bіtfіnex ён знізіўся да 13,22 тысячы долараў (уніз на 4,43 працэнта). На GDAX біткойн знізіўся да 13,35 тысячы долараў, а на партале Coіndesk — да 13,32 тысячы долараў, падзенне на 0,97 працэнта і 0,71 працэнта адпаведна.

Па выніках першага дня новага года кошт біткойна знізіўся на 3 %, тады як роўна год таму быў зафіксаваны рост на 3,6 %. Нагадаем, што да снежня цана на самую папулярную крыптавалюту была не вышэйшая за 10 тысяч долараў, а 18 снежня дасягнула піку — 19,511 долараў. Па выніках года біткойн падаражэў у 14 разоў.

Дарэчы, капіталізацыя рынку крыптавалют складае 627,88 мільярда долараў, з якіх больш за трэць прыходзіцца на біткойн.

Трэба адзначыць, што меркаванні наконт крыптавалют адрозніваюцца. Напрыклад, старшыня праўлення Банка развіцця Беларусі Сяргей Румас настроены даволі скептычна: «Калі разглядаць як сродак інвестыцый — гэта мадэрнізаваная МММ. Першыя, што ўклалі сродкі, — заробяць, але многія страцяць».

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».