Вы тут

Падводныя камяні анлайн-навучання


Ёсць меркаванне, што праз 10—15 гадоў анлайн-навучанне (як мінімум на ўзроўнях вышэйшай і дадатковай адукацыі) стане дамінаваць, а забяспечваць адукацыйны працэс ва ўмовах усеагульнай глабалізацыі будуць усяго некалькі сотняў (максімум — тысяч) універсітэтаў.


У Злучаных Штатах Амерыкі, краінах Заходняй Еўропы, Паўднёва-Усходняй Азіі, а з нядаўняга часу і ў Расіі даволі выразна акрэслілася новая тэндэнцыя — кааперацыя вядучых ВНУ для аб'яднання электроннага кантэнту і пераход да канцэпцыі адкрытага навучання. У чым яе сутнасць? Адкрытая адукацыя даступная фактычна любому ахвотнаму: яна выкарыстоўвае тэхналогіі і методыкі навучання на адлегласці і забяспечвае навучанне ў зручным рэжыме. Па сутнасці, рэалізуе патрэбы асобы ў бесперапыннай адукацыі, якія дыктуюцца сучасным грамадствам. Як правіла, адкрытая адукацыя развіваецца кансорцыумамі навучальных устаноў. Напрыклад, слухачамі вядомага праекта ў сферы масавай анлайн-адукацыі Соursеrа з'яўляюцца больш як 10 мільёнаў чалавек, якія вывучаюць каля 1000 курсаў ад больш чым 100 універсітэтаў. Сярод іх Стэнфард, Прынстан, Мічыганскі і Пенсільванскі ўніверсітэты. Фактычна сёння ідзе барацьба за «месца пад сонцам». Хто праз дзясятак гадоў застанецца дзеючым гульцом на рынку адукацыйных паслуг, а хто будзе вымушаны саступіць сваё месца іншым?

Новыя магчымасці

Інфарматызацыя навучальнага працэсу і праблемы, што ўзнікаюць на шляху асваення інавацыйных адукацыйных тэхналогій, аказаліся ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў юбілейнай Х Міжнароднай канферэнцыі «Дыстанцыйнае навучанне — адукацыйнае асяроддзе ХХІ стагоддзя», якая прайшла ў БДУІР. Аўтарамі і суаўтарамі дакладаў, што прагучалі на мерапрыемстве, сталі больш як 400 вучоных з 10 краін, сярод якіх Беларусь, Расія, Украіна, Германія, Нідэрланды, ЗША.

— У 2017 годзе ў нас была юбілейная дата. Пятнаццаць гадоў таму мы першыя ў краіне распачалі дыстанцыйнае навучанне. Тады па дзвюх спецыяльнасцях толькі каля 20 студэнтаў адважыліся пайсці вучыцца па новай форме. А сёння па ёй навучаюцца ўжо больш як 700 чалавек па 12 спецыяльнасцях. З іх каля 70 — гэта замежныя грамадзяне, — расказаў рэктар БДУІР Міхаіл БАТУРА. — Мы адзіная ВНУ, якая ўключае ў план прыёму дыстанцыйную форму навучання. У бягучым навучальным годзе гэта былі 150 чалавек.

Летась у БДУІР у выніку аб'яднання дзвюх формаў навучання (завочнай і дыстанцыйнай) быў створаны новы факультэт — інавацыйнай бесперапыннай адукацыі. З верасня ён пераехаў у новы навучальны корпус. У сувязі з гэтым з'явіліся і новыя тэхнічныя магчымасці: у будынку пракладзены сучасныя камп'ютарныя сеткі, абсталяваны цэнтр відэаканферэнцсувязі і цьютарскі бокс. Гэтыя новаўвядзенні дапамаглі зрабіць працэс атрымання ведаў больш эфектыўным.

Дзякуючы цэнтру відэаканферэнцсувязі падзяліцца сваімі думкамі з удзельнікамі форуму змагла і Эла Зібіцкер, выпускніца МРТІ, цяпер — прэзідэнт Інстытута камп'ютарных сістэм (Соmрutеr Sуstеms Іnstіtutе, Чыкага, ЗША), на базе якога ў 2013 годзе быў адкрыты філіял БДУІР. Дыстанцыйнае навучанне жыхароў ЗША ва ўніверсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі з'яўляецца першым у Беларусі вопытам навучання грамадзян іншага кантынента дыстанцыйна. Яно адбываецца па дзвюх спецыяльнасцях «Праграмуемыя мабільныя сістэмы» і «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у бізнес-менеджменце)».

Тэхналогіі плюс матывацыя

— Наша задача — падрыхтаваць спецыялістаў у мінімальна кароткія тэрміны, каб яны маглі атрымаць і фундаментальныя, і практычныя веды, але галоўны акцэнт робіцца ўсё ж такі на практыку: тут суадносіны 20 на 80 працэнтаў. Мы вырашылі, што спалучэнне вашай і нашай школ можа прынесці цікавы вынік. Ужо прайшоў час прыціркі, узгаднення вучэбных планаў, разумення, чаго мы хочам, і адбору выкладчыкаў. А ў наступным годзе чакаецца першы выпуск, — паведаміла Эла Зібіцкер. — Разам з вамі мы спрабуем стварыць асяроддзе, не абмежаванае вучэбнай аўдыторыяй. Але што заўважылі? Адна з самых вялікіх праблем анлайн-навучання — гэта абслугоўванне студэнтаў і матывацыя. Для таго каб навучацца самастойна на дыстанцыі, неабходна мець вельмі высокую самаарганізацыю і матывацыю. А каб яе падтрымліваць, трэба ствараць групы людзей, аб'яднаных адным інтарэсам ці адной мэтай. Патрабуецца сацыяльная і акадэмічная інтэграцыя студэнтаў, асяроддзе павінна стымуляваць іх на вучобу, інакш яны яе кідаюць. Таму ўвогуле без жывых стасункаў нельга абысціся. Трэба арганізоўваць месцы, куды студэнты могуць хоць бы раз на тыдзень прыйсці, каб сустрэцца з выкладчыкам. Але групы павінны быць невялікія.

— Магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю дома, не ўстаючы з-за камп'ютара, асабліва радуе тых, хто марыць аб другім дыпломе, — падкрэслівае дэкан факультэта інавацыйнай бесперапыннай адукацыі Ігар Цырэльчук. — Вывучаць (а адпаведна, і плаціць) трэба не за ўвесь «камплект» навучальных прадметаў, а за асобныя дысцыпліны. Напрыклад, калі вы ўжо здавалі калісьці фізіку ў іншай ВНУ, вам яе залічаць аўтаматам. Яшчэ адзін важны момант. Перад залічэннем для атрымання другой вышэйшай адукацыі дысцыпліны звяраюць і ў выпадку вялікага «недабору» могуць адправіць на ЦТ. Але толькі не ў БДУІР. Тут на факультэце інавацыйнай бесперапыннай адукацыі за навучальны год дапамогуць засвоіць і здаць патрэбныя прадметы. Калі ўсё пройдзе паспяхова, залічаць адразу на другі курс.

Акрамя таго, камп'ютар і інтэрнэт прыходзяць на дапамогу студэнтам, якія хочуць вывучаць у індывідуальным парадку асобныя дысцыпліны. На працягу месяца пасля пачатку вучобы студэнт дзённай формы навучання можа напісаць заяву аб тым, што ёсць жаданне тую ці іншую дысцыпліну вывучаць дыстанцыйна. Ці, напрыклад, студэнт плануе перавесціся з адной спецыяльнасці на іншую. Як вывучыць той прадмет, які трэба здаць дадаткова? Адказ відавочны — асвоіць яго дыстанцыйна.

Ахвотных зрабіць гэта набіраецца да 800 чалавек штогод. Сярод тых, хто не супраць вучыцца на адлегласці, — студэнты дзённага аддзялення, якія па нейкіх прычынах не могуць наведваць заняткі разам з аднакурснікамі. Напрыклад, маладыя людзі ўладкоўваюцца ў кампанію сваёй мары і, калі ўзнікаюць складанасці са здачай залікаў і экзаменаў, робяць выбар на карысць працы. Мы вырашылі даць шанц маладым людзям давучыцца, асабліва гэта важна для старшакурснікаў.

Заканадаўчыя перашкоды

І ўсё ж прарыву ў распаўсюджванні дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій у вышэйшай школе пакуль не адбываецца, таму што ён немагчымы без стварэння адпаведнай нарматыўнай прававой базы на рэспубліканскім узроўні.

— Тое, што мы робім, базіруецца на нарматыўнай прававой базе, створанай лакальна ў нашай ВНУ, — тлумачыць Міхаіл Батура. — У нас распрацаваны Палажэнне аб дыстанцыйных адукацыйных тэхналогіях у БДУІР і Палажэнне аб дыстанцыйнай форме навучання ў БДУІР, у іх, у прыватнасці, вызначаны асноўныя механізмы ўзаемадзеяння з замежнымі навучэнцамі.

Так, устаноўлена, што прамежкавы кантроль і бягучая атэстацыя па вучэбнай дысцыпліне могуць ажыццяўляцца з выкарыстаннем дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій пры ўмове магчымасці ідэнтыфікацыі ці аўтэнтыфікацыі асобы навучэнца і наяўнасці візуалізацыі. З 2015/2016 навучальнага года студэнтам БДУІР усіх формаў атрымання адукацыі даецца магчымасць вывучэння асобных дысцыплін з вучэбных планаў спецыяльнасцяў на выбар — традыцыйным спосабам або з выкарыстаннем дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій. Гэта дазваляе павялічыць акадэмічную мабільнасць студэнтаў, дазваляе ім выбіраць найбольш кваліфікаваных выкладчыкаў, павышае канкурэнцыю сярод прафесарска-выкладчыцкага складу і, адпаведна, якасць выкладання асобных дысцыплін.

З 2017 года БДУІР перайшоў на выкарыстанне ў сістэме дыстанцыйнага навучання электронных адукацыйных рэсурсаў новага пакалення. Увесь тэарэтычны матэрыял разбіты на модулі, рэкамендаваная іх колькасць — не меншая за колькасць заліковых адзінак. Кожны модуль змяшчае як мінімум адну мультымедыя-ўстаўку (відэалекцыю, прэзентацыю, вучэбны фільм). Пасля яго прадугледжаны прамежкавы кантрольны тэст. Важна, што электронныя рэсурсы новага пакалення дазваляюць арганізаваць сеткавае навучанне, аўтаматызаваць прамежкавы і выніковы кантроль.

І ўсё ж шэраг праблем нарматыўна-прававога характару, якія стрымліваюць у тым ліку і экспарт адукацыйных паслуг, патрабуюць тэрміновага вырашэння. Напрыклад, адсутнасць заканадаўчай магчымасці правядзення атэстацыі з прымяненнем інфакамунікацыйных тэхналогій вымушае навучэнцаў і студэнтаў з іншых краін прыязджаць у Мінск, каб здаць залікі і экзамены (для амерыканскага філіяла Міністэрствам адукацыі было зроблена выключэнне). А гэта нятанна, таму неабходнасць асабістага візіту нярэдка становіцца вырашальным матывам пры выбары месца (краіны) для атрымання адукацыі. Пры гэтым у Расійскай Федэрацыі такой праблемы не існуе, там атэстацыя ажыццяўляецца з прымяненнем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

Перашкодай становяцца жорсткія тэрміны залікова-экзаменацыйных сесій, неабходнасць прадстаўлення да абароны папяровых версій курсавых і дыпломных праектаў. У выпадку аддаленага доступу аказання адукацыйных паслуг навучэнцу даводзіцца траціць сродкі на перасылку праектаў паштовымі службамі, пры гэтым хуткасць дастаўкі карэспандэнцыі не дазваляе арганізаваць аператыўны абмен інфармацыяй паміж навучэнцамі і выкладчыкам. Між іншым, электронны дакументаабарот развіваецца ў свеце на працягу ўжо больш як трыццаці гадоў, а ў Беларусі Закон «Аб электронным дакуменце і электронным лічбавым подпісе» быў прыняты ў 2009 годзе. Вось толькі сістэма адукацыі сур'ёзна адстае ад сучасных тэндэнцый. Яшчэ адзін мінус — адсутнасць заканадаўчай магчымасці заключэння і змянення дагаворных адносін без асабістай прысутнасці ва ўніверсітэце і аплата адукацыйных паслуг з-за мяжы з вялізнымі банкаўскімі камісіямі (напрыклад, пры пераводзе грошай з ЗША камісія складае 50 долараў за адзін перавод). Аплата за навучанне ажыццяўляецца толькі праз сістэму АРІП, доступ да якой маюць толькі рэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

Новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі яшчэ не прынятая. БДУІР прапаноўваў унесці ў гэты дакумент шэраг нормаў, скіраваных на далейшае распаўсюджванне дыстанцыйнай формы навучання, павышэнне попыту на яе і пашырэнне экспарту дыстанцыйных адукацыйных паслуг, бо існуе высокая імавернасць «захраснуць» на ўзроўні мінулага стагоддзя. Ці будуць яны ўлічаны? Вядома, што дыстанцыйную форму атрымання адукацыі там прапішуць асобна, бо пакуль што яна з'яўляецца толькі відам завочнай.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Адукацыя на адлегласці

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.