Вы тут

Малады спецыяліст дапамагае адраджаць у Хоцімску культурнае жыццё


Юра Пахомаў пакуль толькі педагог-арганізатар у адной з хоцімскіх школ. Але ў яго ёсць дыплом рэжысёра, атрыманы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, і жаданне цалкам рэалізаваць свой творчы патэнцыял. У маленькім райцэнтры няма тэатраў і канцэртных залаў, але гэта не перашкаджае яму плённа працаваць па сваёй спецыяльнасці. У вольны ад асноўнай працы час ён вучыць дзяцей азам тэатральнага мастацтва і актыўна рыхтуе каманды на конкурсы вясёлых і знаходлівых. Заадно працягвае развіваць свой дызайнерскі талент. Нядаўна вось прыехаў з Кіева, куды яго запрасілі ў якасці члена журы на адзін з прэстыжных украінскіх конкурсаў прыгажосці. Пры чым тут конкурс прыгажосці? Ну пра гэта ў двух словах не раскажаш. Трэба пазнаёміцца з Юрам бліжэй. Таму ідзем да яго ў госці.


Га­лоў­нае — твор­чы на­строй.

Сцэна — з маленства

Малады чалавек з задавальненнем дэманструе свае сціплыя апартаменты. Нядаўна ён атрымаў пакой у інтэрнаце і справіў уваходзіны. А паколькі вельмі любіць эксперыментаваць, адразу ж паспрабаваў сябе ў новай якасці — дызайнера інтэр'ераў. Аддзяліў перагародкай невялічкую кухню, аформіў у крэдыт самую танную мэблю і ўключыў фантазію. Атрымалася цукерка з нічога. Кнігі цяпер не ў модзе, але першае, што трапляе на вочы, менавіта кніжная паліца. Хлопец з задавальненнем чытае друкаваныя бестселеры, некаторыя з іх яму на заказ прывозяць сябры з Масквы. Дарэчы, яго любімы беларускі твор — трылогія «Палеская хроніка» Івана Мележа. Яшчэ болей ён любіць музыку і песні. Але музычны цэнтр у яго пакоі не толькі для праслухоўвання мелодый, гэта яшчэ і інструмент для стварэння ўласных песень. З яго дапамогай ён запісаў ужо тры альбомы! Шукае бясплатныя «мінусоўкі» ў інтэрнэце і піша пад музыку словы.

— Колькі памятаю сябе, спяваю, — усміхаецца хлопец. — Маці была салісткай самадзейнага калектыву, ад яе ўсё і пайшло. У першым класе мяне завялі ў вакальную школу, дзе я навучыўся правільна спяваць і трымацца на сцэне. А ўжо другакласнікам выступаў на раённым конкурсе з песняй пра русавалосую дзяўчыну. Журы спадабалася.

З таго часу Юра Пахомаў быў нязменным артыстам на мясцовых культурных мерапрыемствах. Знаёмыя дагэтуль з усмешкай успамінаюць, як ён яшчэ зусім малы даводзіў да колікаў у жываце ад смеху сваёй інтэрпрэтацыяй рэпертуару Сярдзючкі. Не дзіўна, што, калі надышла пара вызначыцца з прафесіяй, ён ужо цвёрда ведаў: яго будучыня звязана выключна са сцэнай.

На ста­рон­ках глян­ца­ва­га вы­дан­ня.

Масоўка патрабуе вытрымкі

На здымачную пляцоўку атрымалася трапіць яшчэ на першым курсе ўніверсітэта. Юра вельмі ўдзячны за гэта сяброўцы па групе, якая прывяла яго на «Беларусьфільм». Фота і даныя ўнеслі ў картатэку і хутка адбылася першая «кінапроба» ў фільме «Першае каханне». А потым запрашэнні пасыпаліся адно за адным: «Вяртанне Мухтара», «Справы сямейныя», «Уланская балада», серыял «Пуцейцы». Ну і не важна, што масоўка, затое вопыту набраўся і грошай падзарабіў. А ў «Вяртанні Мухтара» сыграў нават эпізадычную ролю — са словамі! Дапамог адзін знаёмы з кінастудыі, які аднойчы патэлефанаваў і сказаў: «Прыязджай хутчэй, ёсць работа». Шчасліваму кандыдату на гарантаванае месца ў кадры ўручылі тэкст і сказалі, каб вучыў словы Антона. Памятаеце эпізод, дзе моладзь збірае і сартуе смецце? Там яшчэ следчыя пытаюцца ў аднаго хлопца, ці бачыў ён тут злачынцу і сабаку. І малады чалавек ім нешта адказвае. Дык вось, гэты хлопец і ёсць Антон — Юра Пахомаў.

— Задавальненне было вялікае, і грошы неблагія, — прызнаецца шчасліўчык. — За гэты эпізод мне заплацілі аж тры тысячы расійскіх рублёў, гэта болей, чым мая стыпендыя была на той момант. Праўда, крызіс, які раптоўна здарыўся, з'еў ганарар напалову.

На па­мяць аб «Улан­скай ба­ла­дзе» за­ста­ло­ся шмат здым­каў з зор­ка­мі кі­но.

«Уланская балада», дзе нашаму герою таксама пашчасціла засвяціцца, наогул вабіла цудоўным акцёрскім складам. Што ні прозвішча, то зорка. Адзін Сяргей Бязрукаў чаго варты.

— Была ранняя вясна, на вуліцы мінус, дрыжыкі прабіралі да касцей, — успамінае малады чалавек. — У мяне яшчэ была магчымасць апрануць пад мундзір куртку. А вось таварышам па пляцоўцы, у якіх верхняе адзенне было аб'ёмнае або доўгае, не пашчасціла — ім забаранілі «ўцяпляцца». Вось хто па-сапраўднаму пакутаваў. Вакол вялікае поле, хлюпота. Здымалі момант атакі. Стрэлы, дым, коні скачуць. Трэба было падаць на зямлю і ляжаць быццам забіты. Вада за каўнер цячэ, усё ад холаду калоціцца, каля вуха конскія капыты грукаюць. Адчуванні — не пазайздросціш. Але магчымасць назіраць зорак у рабоце і сфатаграфавацца з імі кампенсавала ўсе пакуты.

Хо­цім­скі Юдаш­кін.

Мясцовы Юдашкін

Па сваім тыпе Юра — экстраверт, настроены на перамогу. Аднойчы вырашыў засвяціцца ва ўніверсітэцкім конкурсе «Містар і Міс універсітэт». Пець-танцаваць умеюць многія, падумаў ён, а я вось не проста праспяваю, а яшчэ і паказ мод зладжу. Нездарма яшчэ ў школе за ўменне маляваць яго празвалі Юдашкін. Узяўся за аловак і хутка прыдумаў цэлую калекцыю ў марскім стылі. Якраз тое, што патрэбна для песні пра капітана, — Юра для арыгінальнасці спяваў яе на англійскай мове. Прыйшлося патраціцца на тканіну для калекцыі і паслугі швачкі, але вынік каштаваў таго. На сцэне ўсё выглядала шыкоўна — брутальны выканаўца, падтанцоўка ў «марскіх» сукенках і нават імітацыя акварыумаў, у якіх быццам бы трапяталі рыбкі. Журы аднагалосна прысудзіла Пахомаву перамогу ў намінацыі «Містар Стыль». А спецыялісты, звязаныя з мадэльным бізнесам, параілі не спыняцца ў сваіх дызайнерскіх пошуках. З тых часоў хлопец шмат дзе ўдзельнічаў як мадэль, а паралельна рыхтаваў новыя калекцыі адзення. На працягу 2015—2016 гадоў іх з'явілася дзве — «Грэйс» і «Фараоны». Дарэчы, за «Фараонаў» малады дызайнер узяўся пасля таго, як пабываў у Львове на тыдні моды. Асобныя мадэлі ўсіх трох калекцый дэманстраваў на «Глобал уікэндзе» ў СК «Чыжоўка-Арэна». Сярод амаль двух дзясяткаў удзельнікаў заняў шостае месца. Цяпер марыць стварыць калекцыю ў народным стылі.

У свеце моды вельмі цяжка прабівацца без сувязяў і грошай, але наш герой знайшоў выйсце — стварыў у сацсетках групу, дзе рэкламуе сябе. Некалькі разоў у яго ўжо шылі рэчы на заказ. Цэны ён не накручвае, бярэ роўна столькі, каб хапіла на тканіну, паслугі швачкі і «бонус» за ідэю.

Юра стаў для ўнуч­кі Чар­лі Чап­лі­на анёлам-ра­та­валь­ні­кам.

Мы пачынаем КВЗ...

Фота з кэвэзэшнікам Араратам Кешчанам — Майклам з тэлесіткама «Універ» — у калекцыі Юры Пахамава з'явілася невыпадкова, ён таксама мае дачыненне да гэтага братэрства, прасоўвае хоцімскую каманду вясёлых і знаходлівых. Спачатку падабраў кандыдатаў з працуючай моладзі, зрабіў відэа выступлення і паслаў на адборачны этап. Арганізатарам усё спадабалася, хлопцаў запрасілі ў Магілёў на спаборніцтвы, але паездка не адбылася па банальнай прычыне — не знайшлося грошай. Другі б апусціў рукі, але Юра не такі. Ён стаў актыўна трэніраваць школьную каманду вясёлых і знаходлівых «Накшталт таго». Летась яна адзіная з пятнаццаці камандаў ад рэгіёна трапіла на абласны этап. А перад гэтым паспела засвяціцца на рэспубліканскім узроўні. Юра звярнуўся да сваіх мінскіх сяброў, таксама кэвэзэшнікаў, каб дапамаглі з відэа, а тыя запрасілі паўдзельнічаць у школьнай лізе КВЗ «БДПУ збірае сяброў». Не паспелі хацімчане вярнуцца з падарункамі з Мінска, як у тэрміновым парадку адправіліся ў Магілёў. У абласных спаборніцтвах, дарэчы, занялі другое месца з дзевяці магчымых і атрымалі ў падарунак плазменны тэлевізар. Юра вельмі ўдзячны камандзе за бліскучую гульню. Каманда — гэта хоцімскія старшакласнікі Таццяна Калтунова, Улад Піўчанка, Віялета Грынкова, Артур Аруцюнян, Максім Лепікаў. Усе вельмі творчыя і таленавітыя.

Галоўны спецыяліст аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Хоцімскага райвыканкама Вольга Калтунова, якая зараз у адпачынку па доглядзе малога дзіцяці, знаходзіць час падтрымаць таленавітых хацімчан. І вельмі радуецца поспехам Юры. Спадзяецца, што разам з ім і такімі ж як ён неабыякавымі маладымі людзьмі атрымаецца наладзіць у Хоцімску актыўнае культурнае жыццё. Самая вялікая мара Вольгі — стварыць у райцэнтры маладзёжны тэатр і анты-кавярню. Хай потым паспрабуе хто сказаць, што Хоцімск — дзесьці на краі свету. У Новы год казаць пра планы вельмі сімвалічна, вялікая магчымасць, што яны спраўдзяцца.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Актыўна жыць не забароніш!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».