Вы тут

Як будзе развівацца Гродзенская вобласць?


У Гродзенскай вобласці вызначыліся з прыярытэтамі і рыхтуюцца да мадэрнізацыі сяла. Уладзімір Краўцоў адказаў на пытанні журналістаў падчас выніковай прэс-канферэнцыі.


Інвестыцыі: ад АЭС да беконнай свініны

Самым значным праектам не толькі рэгіёна, але ўсёй краіны, з'яўляецца будаўніцтва Беларускай АЭС у Астраўцы, адзначыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама. Год, які наступіў, у многім тут вызначальны: работы будуць весціся па мантажы, каб падрыхтаваць да пуску ў 2019 годзе першы энергаблок.

Другім па важнасці аб'ектам Уладзімір Краўцоў назваў рэканструкцыю ўчасткаў трасы М-6 «Гродна — Мінск» і да граніцы з Польшчай. Асноўная частка сродкаў, якія выдзеліў Сусветны банк, засвоена. Сёлета работы плануецца завяршыць, каб падрыхтаваць магістраль да ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года.

Значныя сродкі ўкладваюцца ў флагманы эканомікі — ААТ «Гродна Азот» і Лідскую «Лакафарбу», што дазволіць знізіць сабекошт прадукцыі і павялічыць экспарт. Дарэчы, гэты паказчык у вобласці мае станоўчую дынаміку. У 2018 годзе працягнецца работа па вызначэнні заказчыка і крыніцы фінансавання новага азотнага завода. На яго будаўніцтва патрэбен 1 млрд долараў.

Хуткімі тэмпамі развіваюць свой вытворчы патэнцыял параўнальна новыя прадпрыемствы. Сярод значных праектаў з удзелам замежных інвестыцый можна назваць вытворчасць мяса індычкі і дацкай беконнай свініны, лагістычны цэнтр у пункце пропуску Брузгі, завод медпрэпаратаў у Скідзелі, замежнае прадпрыемства «Кронаспан» у Смаргоні і іншыя.

Аграрны сектар: рэкорды і спадзяванні

Нават у леташні «мокры» сезон на Гродзеншчыне атрымалі высокі, а па некаторых пазіцыях — рэкордны, ураджай. Гэта звязана з высокай тэхналагічнай дысцыплінай, упэўнены Уладзімір Краўцоў. Там, дзе ўсе нормы вытрымліваюцца, і надвор'е не надта ўплывае на вынік. Да 100 ц/га атрымалі збожжа ў СВК «Прагрэс-Верцялішкі», 1000 ц/га цукровых буракоў — у гаспадарцы «Свіслач» Гродзенскага раёна. Атрыманы рэкордны ўраджай рапсу і бульбы. І хоць многія паказчыкі самыя высокія па краіне, у вобласці ёсць патэнцыял, каб павысіць сярэднюю ўраджайнасць у паўтара раза, паведаміў кіраўнік рэгіёна.

Гэта датычыцца і жывёлагадоўлі. На Гродзеншчыне распрацавана праграма па мадэрнізацыі комплексаў і вываду з абароту старых, нерэнтабельных фермаў. Робіцца акцэнт на птушкагадоўлю. Гэтыя меры дазволілі значна знізіць колькасць стратных гаспадарак і вырашыць праблемы з выплатай зарплаты. Каб рухацца ў гэтым кірунку, патрэбны больш радыкальныя меры, лічыць гродзенскі губернатар. Ёсць спадзяванні, што ў гэтым дапаможа ўказ кіраўніка дзяржавы па мадэрнізацыі сяла, дзе будуць прапісаны і механізмы рэарганізацыі стратных гаспадарак.

Навука: эфект для эканомікі

Свет імкліва рухаецца наперад, і мы не павінны адставаць, сказаў журналістам Уладзімір Краўцоў. Важная роля ў гэтым належыць навуцы. На Гродзеншчыне робяць акцэнт на ўніверсітэцкую і прыкладную навуку. У даследаваннях задзейнічана больш за 300 чалавек, асноўнай крыніцай фінансавання з'яўляецца бюджэт.

Многія праекты накіраваны на распрацоўку новых прамысловых тэхналогій. Такім чынам з'явілася вытворчасць па вырошчванні нелінейна-аптычных крышталяў на заводзе «Оптык», занальны інстытут раслінаводства рэалізуе праект па тэхналогіі вырошчвання бульбы. Цікавую распрацоўку ўкаранілі навукоўцы аграрнага ўніверсітэта ў ДНК-лабараторыі. Пакуль гэта адзіны ў краіне профіль па геномным аналізе жывёл, які акрэдытаваны ў краінах ЕС. Праект прыносіць фінансавую аддачу.

Каля паловы аб'ёму экспарту камп'ютарных паслуг прыходзіцца на рэзідэнтаў рэгіянальнага Парка высокіх тэхналогій, філіял якога створаны ў Гродне. Яшчэ адзін парк, але ўжо тэхналагічны, павінен садзейнічаць развіццю прадпрымальніцтва ў навуковай, інавацыйнай сферы. Бізнес-інкубатар будзе аказваць падтрымку маладым вучоным як у распрацоўцы новых тэхналогій, так і ў іх рэалізацыі. У 2018 годзе Парк атрымае свой корпус, паабяцаў Уладзімір Краўцоў.

Рэаліі і планы сацыялкі

Бюджэт рэгіёна захоўвае сацыяльную накіраванасць. Больш за 70% расходаў прыпадае на гэтую сферу. Асобная ўвага ўдзяляецца мадэрнізацыі школ і будаўніцтву дзіцячых садкоў. Яшчэ 20 гадоў таму дашкольныя ўстановы зачыняліся з-за нізкай загрузкі; цяпер сітуацыя змянілася. Забудова новых мікрараёнаў патрабуе інфраструктуры. І яна ствараецца, зазначыў Уладзімір Краўцоў. У 2017 годзе здадзена амбулаторыя ў Гальшанах, паліклініка на 650 наведванняў у Гродне, будуецца бальніца ў Астраўцы. Пакуль не вырашылася пытанне па анкацэнтры — ідзе пошук крыніц фінансавання.

Павінны завяршыць будаўніцтва абласной філармоніі. Прыгожы будынак некалькі гадоў прастойвае з-за недахопу сродкаў. Уладзімір Краўцоў паабяцаў, што ў гэтым годзе філармонію нарэшце адкрыюць.

Сёлета ў вобласці будзе звернута сур'ёзная ўвага на якасць вады. Як вядома, кіраўнік дзяржавы паставіў задачу вырашыць гэту праблему да 2025 года. У Гродзенскай вобласці каля 120 аграгарадкоў маюць патрэбу ў якаснай вадзе. Па словах губернатара, у 2018-м вобласць выдзеліць 1 млн рублёў на будаўніцтва 10 станцый абезжалезвання, а з 2019 года павінна запрацаваць рэспубліканская праграма «Чыстая вада». Гэта значыць, што справа па забеспячэнні якаснай вадой пойдзе хутчэй.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Кіты, якія трымаюць рэгіён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».