Вы тут

Што прынясе 2018 год Жоўтага Сабакі знакам задыяка


Паводле старадаўняй усходняй традыцыі, надыходзячы год пройдзе пад нябесным кіраўніцтвам Жоўтага Землянога Сабакі, які сімвалізуе годнасць і справядлівасць, а таксама дружалюбнасць і ўзаемадапамогу. Але, папярэджвае астролаг і нумаролаг Аліна ВОЛКАВА, атрымаць усе «плюшкі» і выгады ўдасца толькі тым, хто іх сапраўды заслужыў, а вось падманшчыкам і прайдзісветам давядзецца расплачвацца за раней зробленае.

Паводле некаторых разлікаў, менавіта гэты год можа стаць пачаткам нядаўна прадказанай астролагамі эпохі «Пост-фэйк» («Пасля маны») — часу, калі чалавек не кіруе Сусветам, а наадварот, паслухмяна ідзе па дарозе, якую сцеліць пад ногі лёс. Кожная сіла дзеяння роўная сіле процідзеяння, таму чым больш супраціўляцца тым ці іншым падзеям, тым далей вы будзеце ад пастаўленай мэты, а вось уменне дамаўляцца і скарыстоўваць падказкі можа прывесці да поспеху.

«Насамрэч па кітайскім месяцавым календары Новы год наступіць толькі ў ноч з 15 на 16 лютага, — нагадвае астролаг, — таму ў вас яшчэ ёсць час, каб разлічыцца з пазыкамі, пазбавіцца ад непатрэбных рэчаў і правесці генеральную прыборку ў доме (з асаблівай пільнасцю агледзьце кухню на прадмет трэснутага ці сколатага посуду!), а таксама памірыцца з тымі, каго вы незнарок пакрыўдзілі, і стварыць сабе ды блізкім пазітыўны, святочны настрой».

Чаго чакаць прадстаўнікам розных знакаў задыяка і з якіх сабак, умоўна кажучы, браць прыклад у 2018-м?


АВЕН

Ваша энергія будзе біць ключом — галоўнае, каб не гаечным і не па траўманебяспечных месцах. Каб не растраціць яе марна, стаўце перад сабой дакладныя мэты і час ад часу спыняйцеся, звяраючы курс. У канцы лета — пачатку восені вельмі магчымы рух па службовай лесвіцы, калі толькі ваша адвечная ўпартасць не перашкодзіць чуць і разумець іншых, а не толькі сябе.

Калі справы пойдуць угору, не хваліцеся сваім поспехам, асабліва фінансавым, направа і налева — рызыкуеце нарвацца на махляроў і падарваць веру ў людзей; лепш зрабіце інвестыцыі ў які-небудзь правераны доўгатэрміновы праект ці паўдзельнічайце ў дабрачыннасці.

«Ваша» парода сабакі — амерыканская акіта, вядомая таксама як вялікі японскі сабака (дарэчы, сярод яе продкаў — знакаміты Хаціко, сімвал любові і адданасці). Вельмі добра будзе падзарадзіцца ад акіты стрыманай дружалюбнасцю і разам з тым гатоўнасцю абараніць сваё і сваіх.


ЦЯЛЕЦ

Год абяцае быць вельмі ўдалым — нарэшце многія кірункі вашай працы дадуць багаты ўраджай поспеху. Але за штосьці глабальнае, маштабнае ў 2018-м брацца не варта — разнявольцеся крыху і атрымайце асалоду ад перыяду спакою. Сабака раіць трымацца больш шчыльна з роднымі і блізкімі людзьмі — магчыма, ім спатрэбіцца ваша дапамога. Пабудзьце для іх цярплівым, добрым і ласкавым, магчыма, у нечым нават нянькай, як ньюфаўндленд Нана з савецкага фільма пра Пітэра Пэна.

У другой палове года можа паступіць цікавая прапанова або прыйсці фінансавая падтрымка ад вашых сяброў — не адмаўляйцеся адразу ні ад та-го, ні ад другога.


БЛІЗНЯТЫ

Не старайцеся ўсюды паспець — Сабака (нават такі бясстрашны, камунікабельны і эмацыянальны, як ваш сімвал 2018-га эрдэльтэр'ер) не любіць бессэнсоўнай мітусні, таму засяроджвайцеся толькі на тым, што для вас сапраўды важна, і не імкніцеся дагадзіць чужым густам, чаканням і тым больш патрабаванням. У другой палове года магчымы ўпадак сіл: адпачніце, удзяліце больш часу свайму здароўю, развіццю і самаадукацыі, тады ёсць вельмі неблагі шанец змяніць жыццё да лепшага.

А яшчэ перад кожным важным крокам прыслухоўвайцеся ўважліва да сваёй інтуіцыі, яна ў наступным годзе будзе памыляцца вельмі рэдка ці наогул ніколі.


РАК

Нябесны апякун запланаваў для вас шмат новых уражанняў, цікавых знаёмстваў і новых магчымасцяў. Рамантычныя стасункі, падарожжы, вылазкі з сябрамі — не шкадуйце часу на ўсё гэта, і плён не прымусіць сябе чакаць. Дый грошай на сям'ю і сяброў таксама не шкадуйце, калі спатрэбіцца, дапамажыце ім матэрыяльна. Хоць гэта і ідзе насуперак вашай звычцы рабіць запасы і адкладваць, але налета ўсе выдаткі прынясуць карысць у тым ці іншым выглядзе, а ўсе пазыкі вернуцца да вас яшчэ да заканчэння года.

Калі дзеці ў наступным годзе будуць угаворваць вас завесці сабаку, спыніце выбар на лабрадоры. Гэты жывы сімвал спакою і лагоднасці, сябар, памочнік, выратавальнік — менавіта той, хто замкне ланцужок гармоніі ў вашым доме.


ЛЕЎ

Хутчэй за ўсё, вы будзеце знаходзіцца ў цэнтры падзей і агульнай увагі, але памятайце, што далёка не ўсе знаёмыя прыйдуць ад гэтага ў захапленне, і не давайце зайздроснікам шанцу ўскладніць ваша жыццё. Дасягнуць гэтага можна, калі прыглушыце сваё памкненне ўсімі камандаваць і паспрабуеце спалучыць, як ваш сімвал 2018-га амерыканскі стафаршырскі тэр'ер, мэтанакіраванасць і лагоду, упартасць і чуллівасць — так вы заведзяце значна больш не толькі карысных знаёмстваў, але і добрых сяброў.

Акрамя таго, наступны год як нельга лепей падыходзіць для таго, каб заняць высокую пасаду, атрымаць навуковае званне, змяніць прафесію — рызыкуйце, ваша шампанскае ў вядзерцы ўжо чакае!


ДЗЕВА

У цэлым год абяцае быць для вас спакойным і паспяховым — ваша акуратнасць і працавітасць імпануюць Сабаку. Вясной і ўлетку вам неаднаразова будзе выпадаць добрая магчымасць зарабіць — але, безумоўна, не на дармаўшчыну, а ўласным розумам і здольнасцямі. Праўда, будзьце гатовы да таго, што частку даходу трэба будзе ўкласці ў невялікі рамонт ці на паляпшэнне здароўя — і ўсё ж нават гэтыя выдаткі не асушаць вашых фінансавых крыніц.

Але нават вам трэба будзе перыядычна адпачываць і не толькі прыносіць блізкім у дзюбе карысць і матэрыяльны дабрабыт, але і проста з асалодай бавіць час разам. Можна, дарэчы, разам з хатнім улюбёнцам — асабліва калі ў яго ролі выступіць дружалюбны, паслухмяны і разумны вельш-коргі або энергічная і жыццелюбівая такса.


ШАЛІ

Падспудна вы гэтага заўжды баяліся, але надышоў час дастаць з дальняй скрынкі ўсе адкладзеныя на «потым, калі-небудзь» справы і ўвасобіць у жыццё свае задумы. Наогул, вам давядзецца значна часцей браць на сябе адказнасць і казаць апошняе, вырашальнае слова ў розных справах.

Няпроста? Ніхто і не спрачаецца. А вы бярыце прыклад з ёркшырскага тэр'ера: дэкаратыўны абаяльны «сабака-цацка» насамрэч быў выведзены як паляўнічы на пацукоў і пры выпадку вельмі нават умее прадэманстраваць байцоўскі характар. Калі і вы праявіце дастатковую ўпартасць і цвёрдасць, атрымаеце ў адказ прыемны фінансавы стымул і ў цэлым істотна палепшыце якасць уласнага жыцця.


СКАРПІЁН

2018-ы, шчыра кажучы, — не самы спрыяльны для вас год, асабліва калі вы дагэтуль не навучыліся трымаць эмоцыі пад кантролем. Празмерныя запальчывасць, раздражнёнасць і рэўнасць стануць галоўнымі ворагамі, якія будуць перашкаджаць сканцэнтравацца на сапраўды важных рэчах. Калі трымаць сябе ў руках не выйдзе, даручыце гэту місію камусьці з самых блізкіх людзей і зможаце перажыць год без сур'ёзных страт.

І ўсё ж, спадзеючыся на дапамогу іншых, галоўную адказнасць па загартоўцы характару ўскладвайце на сябе. Рашучасць і адважнасць, але пры гэтым логіка і розум — рысы, уласцівыя сабаку пароды хаскі, — мусяць стаць вашымі жыццёвымі арыенцірамі ў наступным годзе. Калі атрымаецца дасягнуць іх, паверце: кармічная ўзнагарода хоць і прыйдзе толькі ў 2019 годзе, але з лішкам апраўдае ўсе прыкладзеныя намаганні.


СТРАЛЕЦ

Вашу саманадзейнасць чакае сур'ёзны ўдар: давядзецца альбо разрывацца паміж сям'ёй і кар'ерай, альбо прызнацца ў недахопе сіл і выбраць штосьці адно. Зоркі рэкамендуюць развівацца ў прафесійным плане, а сямейнікаў папрасіць на нейкі час зменшыць патрабаванні, праявіць цярпенне і памяркоўнасць — тады і вы, і вашы блізкія застаняцеся ў выйгрышы. А ў канцы года магчыма атрыманне значнай прэміі ці іншых грашовых бонусаў. Словам, арыентуйцеся на характар рускага ганчака: бачыць мэту, верыць у сябе і, нягледзячы ні на якія абставіны, настойліва дамагацца поспеху.

Асаблівая заўвага — якімі б напружанымі ні былі будні, не старайцеся расслабіцца з дапамогай спіртнога: мала таго што Сабака п'яных не выносіць і можа падкінуць вам у адказ якую-небудзь брыдоту, дык яшчэ і праблемы са здароўем толькі абвострацца.


КАЗЯРОГ

У вас, цалкам магчыма, адкрыецца другое дыханне для рэалізацыі сваіх запаветных мар і жаданняў, тым больш Сабака абудзіць у вас схаваную за прагматызмам рамантычнасць, і ўсе вашы душэўныя парывы знойдуць разуменне ў цяперашняй ці будучай другой палавінкі. А як жа праца? У вашым выпадку — гэта не воўк, далёка не збяжыць, бо ведае, што вы, нягледзячы на вонкавую няспешнасць, як прыроджаны паляўнічы басет хаўнд, усё адно дагоніце і пераможаце.

Дарэчы, тыя прадстаўнікі знака, хто ўсё ж засяродзіцца на працы, адкрыюць у сабе новыя таленты і здольнасць спраўляцца з самымі заблытанымі сітуацыямі, нерэальнымі тэрмінамі, невыноснымі супрацоўнікамі і г. д.


ВАДАЛЕЙ

Галава ў вас, як тая палата лордаў, будзе пухнуць ад процьмы планаў і ідэй, а вось рук на ўсе адразу не хопіць. Асабліва ўдалымі абяцаюць стаць пачынанні ў сферы навукі і мастацтва, і нават звычку Вадаліваў кідаць справу, не даводзячы да канца, Сабака скарэктуе як мага лепш: з імпэтам распачатае набярэ разгон і ўдала фінішуе, вы толькі не перашкаджайце!

Ваш сімвал у 2018 годзе — венгерская аўчарка камандор, альбо, скажам, леонбергер ці барадаты колі — на выгляд дзіўны і нават экзатычны, а ў душы мілы і паслухмяны сабака з цвёрдым унутраным стрыжнем, выдатнай памяццю і здольнасцямі да вучобы. Вось і вы не зважайце на тых, хто ўспрымае вас па адзежцы, — сябры, а іх у вас насамрэч нямала, любяць і падтрымліваюць вас у любым выглядзе і настроі. У адказ і вы пастарайцеся бавіць з імі больш часу, асабліва ў перыяд вясна-лета, — разам можна дамагчыся куды большых поспехаў, чым аднаму.


РЫБЫ

Наступны год будзе для многіх прадстаўнікоў знака не проста спакойным, а проста-такі «забалочаным». Але гэта не падстава для таго, каб вырашыцца на здраду каханым альбо са скандалам змяніць месца працы — лепш выкарыстайце зацішак для работы над сабой, асабовага і прафесійнага росту, новага хобі, вандровак і г. д. Наогул, жывіце больш падзеямі, а не заклікамі — бярыце прыклад з нястомнага і трывалага кокер-спаніэля, які нібыта гуляючы спраўляецца з усімі цяжкасцямі і пры гэтым захоўвае адметны вясёлы нораў.

У канцы года ў адзінокіх прадстаўнікоў знака можа здарыцца феерыя пачуццяў, а ў сямейных — сур'ёзны прыбытак у матэрыяльным плане (атрыманне спадчыны, выйгрыш у латарэі, набыццё дома або зямельнага ўчастка), але стапрацэнтнай гарантыі шанцавання, як вы разумееце, зоркі не даюць...



— З нумаралагічнага пункту гледжання сума ўсіх лічбаў наступнага года дае лічбу 2 (2+0+1+8=11; 1+1=2) — гэта вось сіметрыі, сімвал раўнавагі, імкнення да парадку і гармоніі. Але памятайце, — дадае Аліна Волкава, — што нікому проста так не зваліцца на галаву фантастычнае багацце ці неверагодная ўдача. Гармонія — гэта значыць, калі дзесьці прыбыло, то ў іншым месцы знікла, таму будзьце разважлівыя і дакладныя ў фармулёўцы сваіх жаданняў. Сабака не любіць пустой рызыкі, а значыць, разлічвайце перш за ўсё на сябе і памятайце, дзе бывае бясплатны сыр. А вось ваша ўласная шчодрасць, адкрытасць, гатоўнасць дапамагчы іншым дакладна не застанецца
без узнагароды.

Вікторыя ЗАХАРАВА

zaharava@zviazda.by

Загаловак у газеце: Уменне дамаўляцца прывядзе да поспеху

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?