Вы тут

Абярэг на Краснай плошчы


Бівень маманта, неглюбскія ручнікі і кніга часоў Скарыны... У Ветцы, райцэнтры побач з Гомелем, галоўная славутасць — музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава.


Мы ішлі да яго праз Красную плошчу. Ну дзе яшчэ ў нас такую знойдзеш? Кажуць, што назву пляцу далі маскоўскія перасяленцы-стараверы, якія шукалі ў гэтых краях прытулак ад ганенняў. Нямала ліха бачыла гэта плошча. У 1937 годзе на ёй адбываўся гарадскі кірмаш. У Веткаўскім музеі захаваўся фотаздымак той пары. Ён уражвае сваёй трагічнай праўдай, як і прастрэленыя кулямі драўляныя аканіцы ў экспазіцыі. Яны — напамін аб акупацыі ў гады Другой сусветнай вайны... На чорна-белым фотаздымку — мноства людзей, якія прыйшлі на кірмаш, каб набыць прадукты, рэчы. Ды толькі кідаецца ў вочы іх нястача. Мясцовыя жыхары памятаюць тыя часы, калі да вёсак Гомельшчыны дабіраліся людзі з суседніх раёнаў Украіны, просячы абмяняць адзенне на хлеб. Але аб гэтым мы даведаемся пазней, а зараз перасячом плошчу і апынёмся перад брамай музея.

Гэтую браму зрабіў заснавальнік музея, мясцовы жыхар, самадзейны мастак Фёдар Шкляраў. На ёй — карункі з дрэва, казачныя вобразы, словы "Мір вам," уверсе — надпіс: "Ветка — жыццё, шчасце, радзіма мая!" Наш экскурсавод, вядучы навуковы супрацоўнік музея Ларыса Раманава, цёпла ўспамінае пра яго. Становіцца зразумела: Фёдара Шклярава тут памятаюць і шануюць. Гэта ён дабіўся, каб адзін з найстарэйшых будынкаў райцэнтра — дом купца Цімафея Грошыкава не прыйшоў у заняпад, а быў перададзены пад музейную калекцыю. На той час, а гэта была сярэдзіна 1970-х гадоў, тут знаходзіўся склад спажыўсаюза.

Фёдар Шкляраў перадаў у музей, заснаваны 30 лістапада 1978 года, 500 экспанатаў з уласнай калекцыі. У 1983 годзе ён падарыў найбольш каштоўную і ўнікальную калекцыю: дванаццаць кніг ХVІ стагоддзя. У яе складзе, напрыклад, "Евангелле вучыцельнае", надрукаванае ў Заблудаве Іванам Фёдаравым і Пятром Мсціслаўцам, таксама — адно рукапіснае "Евангелле". Першая экспазіцыя музея была адчынена ў 1987 годзе. За 38 гадоў тут назапашана больш за 11 тысяч унікальных экспанатаў. У музей трапляюць фрагменты ліштваў з нежылых дамоў, якім наканавана хутка знікнуць. Таксама — посцілкі, кашулі, ручнікі — тканыя, вышываныя (паводле музейнай праграмы "Выратаванне старажытных знакаў"), кнігі, абразы — самыя розныя прадметы, якія працягваюць сваё жыццё ў музейных фондах ды экспазіцыях. Час ад часу сваімі таямніцамі дзеліцца рака Сож. І па сённяшні дзень мясцовыя жыхары знаходзяць на беразе розныя старажытныя рэчы, прылады працы. Сёлета вадалаз выцягнуў з вады бівень маманта. Сенсацыя? Так, бо ён — сведка пракаветнага часу, як і акамянелыя "чортавы пальцы", і рэшткі гліняных гаршкоў...

У Веткаўскім раёне да гэтага часу захаваўся старажытны абрад "Ваджэнне і пахаванне стралы", звязаны з ахвяраваннямі нябесным сілам. У 2005 годзе абраду, які выконваецца ў вёсцы Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна, нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Асобная зала прысвечана тканым ручнікам. Тут і вядомыя на ўвесь свет ручнікі, якія дагэтуль ткуць у вёсцы Неглюбка. У экспазіцыі сабрана амаль 170 тканых прадметаў з 68 вёсак і пасёлкаў 10 раёнаў Гомельскай, Магілёўскай і Бранскай абласцей. Падчас адзначэння 30-й гадавіны Чарнобыльскай катастрофы 30-метровы ручнік, вытканы ў Неглюбцы, быў падараваны Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку. Дарэчы, кожны наведвальнік можа ў музеі набыць непаўторны тканы ручнік. Маленькі каштуе 13 рублёў, а вялікія — ад 30 да 80. Некаторыя мае калегі-журналісты скарысталіся магчымасцю і набылі іх сабе на добрую памяць.

У першай палове ХVІІІ стагоддзя Ветка лічылася буйным стараверскім цэнтрам іканапісу. У музеі захоўваецца каля 650 ікон, напісаных стараверамі, таксама — каля 200 ікон беларускай традыцыі. Абразы, якія знаходзяцца ў экспазіцыях музея, немагчыма забыць, немагчыма пераблытаць. Здаецца, яны жывыя, дыхаюць і размаўляюць, пераносяць на Неба. Або Неба спускаюць да чалавека, да дзівосных, спакутаваных і прыгожых мясцін, дзе былі створаны.

Ларыса Раманава расказала, як з дапамогай ікон даўней шукалі тапельцаў. Вобраз клалі на ручнік і пускалі па вадзе. Лічылася, што цела знаходзіцца там, дзе спынілася, закруцілася або прыбілася да берага ікона. Робяць гэтак жыхары беларускіх вёсак і зараз, у нашы дні.

У музеі захоўваюцца адметныя рукапісныя кнігі ХVІІ—ХІХ стагоддзяў, створаныя стараверамі — надзвычай прыгожыя, з вялікімі літарамі — "буквіцамі", якія, нібы кветкі ці дрэвы, "разрастаюцца" ледзь не на ўсю старонку. "Ірмосы", "Святы пеўчыя" — частыя назвы гэтых кніг. Над радкамі літар у тэкстах размешчаны ноты — "крукі", па якіх спявалі. Побач, на "буквіцах" — райскія і зямныя птушкі.

Ліштвы і аканіцы на хатах — яшчэ адна адметнасць Веткі і наваколля. Наша гід па музеі расказала пра знакамітага рэзчыка па дрэве — Кузьму Барысавіча Карасёва, які рабіў цудоўныя "кароны", "падзоры", іншыя аздабленні на ліштвах веткаўскіх дамоў з ахоўнымі сімваламі. У складаных узорах можна разгледзець птушак, звяроў, кветкі, зерне, нават стылізаваныя выявы "парадзіх". Наогул, дом атаясамліваўся з чалавекам. Вокны — яго вочы. Як чалавек ноччу спіць, так і дом павінен аканіцы зачыніць. Даўней нашы продкі жылі па сонцы — з ім спаць клаліся, з ім уставалі. Цікава, што небяспечнымі лічылі не толькі час поўначы, але і час поўдня — тады сяляне, носьбіты традыцыйных уяўленняў, не раілі пачынаць якую-небудзь важную справу. Ну, а мы знаёмства з экспазіцыяй завяршылі надвячоркам. Праўда, сонца ў той дзень не было, але на душы было светла ад сустрэчы з Веткаўскім музеем — сапраўдным абярэгам нашай культурнай спадчыны.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Ірыны АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?