Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Ёлка для каменданта,

або Міністры прылятаюць і адлятаюць...

Напярэдадні новага 1990 года (апошняга ў маёй вайсковай службе) мяне выклікаў камандзір нашых дывізіённых авіяцыйных майстэрняў і загадаў:

— Агледзь свой аўтамабіль (я кіраваў тады магутным ЗіЛам), дазапраў палівам. Заўтра паедзеш у падшэфны лясгас па навагоднія ёлкі.

Сказана — зроблена. Назаўтра, амаль адразу пасля пад'ёму, я быў у гаражы, дзе мяне ўжо чакалі два прапаршчыкі.

— Дрэнь справа, — павітаўшыся ўздыхнулі яны. — Да нас прылятае міністр абароны. Усе выезды з гарнізона адменены.

— Дык што — дзяцей без ёлак пакінем?! — выгляд у капітана Багданоўскага быў, мякка кажучы, разгублены. — Ды лепей сябе без хлеба... Так што трымай, Генадзь (гэта ён мне), пуцявы ліст, садзіся ў машыну і дуй у санчасць на медагляд. Глядзі, каб чын чынам усё!

Я, вядома ж, глядзеў... І ўсё было — чын чынам, аж пакуль па дарозе з санчасці мяне не спыніў камендант, пакуль ён, выслухаўшы мой «даклад», не выпаліў:

— Што-о? Якія ёлкі? Пяць сутак арышту!.. За выезд з гарнізона, за парушэнне формы адзення. (Каб у лесе лацвей было, я куртку ўскінуў замест шыняля...) Машыну — на штраф-пляцоўку!

Перад тым, як выканаць гэты загад, я, што называецца, на адным коле злётаў да сваіх — папярэдзіў, каб ёлак (ну не лёс, відаць!) не чакалі, а тады ўжо рушыў «здавацца».

...Камера часовага ўтрымання была невялічкай: крокі два на тры, з халоднымі шурпатымі сценамі, вузкай адкідной лавай і маленькім акенцам (з кратамі) пад самай столлю. Адтуль я пачуў, як неўзабаве ў свой службовы кабінет (гэта праз сцяну ад мяне), вярнуўся камендант, як туды ж мне на выручку прыйшоў мой камандзір. Размова паміж імі ішла на павышаных тонах, аб чым — я не разбіраў, але ж пачуў, як потым бразнула засаўка і на парозе, са словам «Валім!», з'явіўся мой камандзір...

Ужо ў машыне ён назваў мне «цану» вызвалення: дзве ёлкі для каменданта, і, вядома ж, самыя-самыя.

...У лесе, ля вогнішча, нас чакалі леснікі, таму справу сваю мы зрабілі хутка, нават паспелі разам глынуць спірцягі (нашай, авіяцыйнай) ды закусіць падсмажаным салам.

...Назад вярталіся «партызанскімі» сцежкамі. І тым не менш яшчэ здалёк убачылі аўтамабіль вайсковай інспекцыі ды постаць старшага афіцэра, які, размахваючы паласатым жэзлам, бег нам насустрач. Праз некалькі хвілін з-за павароту вылецеў картэж прадстаўнічых лімузінаў: міністр абароны маршал Савецкага Саюза Язаў прыляцеў...

Для мяне ўсё скончылася добра: не было чарговага пакарання. Ёлкі для каменданта гарнізона занёс малады баец Жэнька Салаўёў.

Мной рызыкаваць камандзір не хацеў...

Генадзь Мішчук, в. Вотчына, Маларыцкі раён


...А сяброўства пачынаецца з усмешкі

Было гэта гадоў з дзесяць таму. У нядзелю, з самага ранку, да мяне прыехала знерваваная стрыечная сястра. Ледзь не з парога сказала: «Не ведаю, брат, ці з радасцю, ці з бядой. Дачушка мая, Каця, ты ж ведаеш, ва ўніверсітэт паступіла, на бюджэт, у Мінск вучыцца паехала. І, бач ты, жаніха знайшла. Ванюшам зваць. Гарадскі... Сын палкоўніка міліцыі. На Каляды, сказала, з бацькамі ў агледзіны прыедзе... Стол — ты ж ведаеш — я зраблю, а вось што далей, браток? Як мне іх прымаць, гэтакіх начальнікаў, пра што размаўляць? Ратуй! Ты ж пяцёра хрэснікаў ажаніў — язык падвешаны... Памажы мне Кацю замуж аддаць. Закахалася дзеўка — свет не мілы!»

Адмаўляць у гэтым выпадку, згадзіцеся, не выпадала, але і дапамагаць...

З міліцыяй, а тым больш з яе начальствам, я ж таксама справы не меў. Вельмі хваляваўся, і, можа, нават не справіўся б, калі б не дапамога... Адкуль не чакаў...

Справа ў тым, што ў Каці ёсць малодшы брат Паўлік — пястун, якіх пашукаць! Змалку і ўсіх ён «вадзіў» у краму, каб разжыцца на прысмакі ды новыя цацкі, з дзедам хадзіў у грыбы ды на рыбу, катаўся на кані. Нават конна ездзіў: дзед садзіў, абганяючы бульбу ці возячы сена...

З бабуляй ён менш сябраваў, бо тая, хоць ад пуза карміла, але ж часцяком «цвічыла» — ушчувала то за спэцканую адзежу, то за пабітыя калені, то за разліты кісель... Яна ж часцяком пераходзіла на рускую мову, усаджвала неслуха за стол — вучыла чытаць ды пісаць, загадзя рыхтавала да школы. Тады адпаведна і звала яго ўжо не Паўлікам, а Павлушей, дружочком ці нават дружищем.

Неяк хлопчык папрасіў растлумачыць розніцу паміж гэтымі словамі, і дзед яму сказаў, што дружок — гэта маленькі друг, чалавек, якога можна любіць, але ж паважаць пакуль ранавата, бо няма за што. А вось дружище — гэта ўжо чалавек салідны, грунтоўны, які заслугоўвае не толькі любові, але і павагі. «Карацей, падобны на мяне», — заключыў быў дзед.

Малы, як здавалася, усё зразумеў...

І вось той дзень заручын. Зранку ўся сям'я ў ачышчанай да бляску хаце насілася паміж сталамі — з кухні ў залу, з залы — у кухню. Дзед з Паўлікам гулялі ў двары, хадзілі ў краму з нейкімі дробнымі даручэннямі.

Пасля абеду маці правяла з малым апошні «інструктаж». Сказала, каб пры гасцях, бронь Божа, на галаве не хадзіў, пытанняў не задаваў, а калі ўжо вельмі захоча нешта сказаць, то каб гаварыў па-руску і хіба тое, што можа спадабацца гасцям. Толькі тады, маўляў, Каця выйдзе замуж, і яе Ванюша стане для Паўліка старэйшым братам. «Ты ж гэтага хочаш?» — спытала маці, хоць магла і не пытаць, бо брата — хоць якога — хлопчык вельмі хацеў...

Госці з'явіліся, не раўнуючы, як тыя немцы: па-першае, мінута ў мінуту — роўна а шаснаццатай, а па-другое, быццам не разумеючы, ні куды прыйшлі, ні чаго...

— Калі ласка, распранайцеся, заходзьце, — лістам слалася гаспадыня.

Я таксама нешта казаў, жартаваў і ў той жа час бачыў, што ўсё гэта — марна: бацькі жаніха (сам ён чамусьці «хаваўся» за спіны), моўчкі тапталіся ў вітальні. Яны нібы ведалі, што зараз адбудзецца нешта, і яны развернуцца на 180 градусаў...

І яно, гэта нешта, сапраўды адбылося: з глыбінь дома да важнага палкоўніка (добра, што ў цывільным) выскачыў Паша:

— Привет, Ванюша, привет, дружище! — залапатаў ён, за руку вітаючы палкоўніка. — Я очень рад, что у моей сестры будет такой уважаемый муж!

«Муж» аслупянеў ад нечаканасці: паглядзеў на Кацю, на ўсіх здранцвелых (ад выхадкі... Ну казалі ж, на галаве не хадзіць!) сямейнікаў, а потым... зарагатаў — раскаціста, гучна, шчыра... За ім пакаціліся ад смеху ўсе астатнія.

Смяяліся доўга, да слёз (з чаго, — не разумеў толькі Паша). І пасля гэтага ўжо зусім іншымі, сваімі — без нацяжкі — людзьмі пайшлі за сталы...

Карацей, заручыны ўдаліся.

Ды і сям'я атрымалася добрая: у Каці з Ванюшам двое дзетак расце — на радасць бацькам, бабулям-дзядам (у тым ліку палкоўніку) і дзядзьку Паўліку. Ён кавалерыцца ўжо, хутка і сам, можа, у сваты пойдзе. Дасць Бог, удала.

Л. Саковіч, г. Барысаў


Чым чорт не жартуе...

Жанчын хлебам не кармі, дай па крамах пахадзіць. Мужчын (у прыватнасці нашых, суседскіх) вабіць іншае.

...У тую суботу зранку Саша трохі дома пабыў — пасядзеў на канапе, перад тэлевізарам, адзін. Потым падаўся ў бок гаражоў, бо там жа, як правіла, вечны кагал і не радзіны дык хрысціны альбо нешта яшчэ. Так і ёсць: адзін з мужыкоў свайго сына жаніў, замочку прынёс. І трэба ж — супала: ён на выпіўку не паскупіўся, а ў Сашы тармазоў не было — жонка да цешчы паехала («да роднай мамачкі сваёй»). А значыць, сварыцца ніхто не будзе, можна, як той казаў, адарвацца, адвесці душу...

Ну, ён і адвёў: не памятаў, бедны, як з гаражоў дайшоў да пад'езда, як зайшоў унутр ды папоўз па прыступках на свой паверх. Яму на чацвёрты трэба было, а ён на другім «стаміўся» — з сілы выбіўся — ну зусім. Але ж на дзверы яшчэ паглядзеў (не раўнуючы, як той баран на новыя вароты). А там і адчыніў — балазе не замкнута было... На вяшак у вітальні ўскінуў куртку, разувацца сеў.

Скуль ні вазьміся — баба перад ім, Ягораўна. Пытае:

— Што ты робіш, Саша? Ідзі дахаты.

Ён ёй:

— Сама ідзі... Чаго тут сноўдаеш? Жонкі дома няма.

А сам тым часам ужо раздзяваецца, у бок ложка паўзе.

— Сашачка, пабойся Бога! Ты ж не дома...

— Не звягай, — загадвае «госць», залазячы пад коўдру. Я спаць хачу.

— Я табе засну! — шуміць Ягораўна, але Саша не чуе: спіць, як забіты.

А што ж гаспадыні? Ноч наперадзе. Не пакідаць жа ў ложку чужога мужчыну?

Пайшла да іншых суседзяў прасіць дапамогі.

Разам яны неяк выцягнулі Сашу з-пад коўдры, у адных трусах завялі дамоў, палажылі ў ложак.

...Назаўтра ён, бедны, нічога не помніў, а калі расказалі, што як было, купіў цукерак і пайшоў прабачацца.

Ягораўна, дзякуй богу, не дужа злавала, пасмяялася толькі над іроніяй лёсу — па-скідзельску...

Кацярына Будзіловіч, г. Скідзель

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

dounar@zviazda.by

АД ЯЕ Ж. Гэта, як вы разумееце, апошняя (ва ўсякім разе сёлета) падборка «вясёлых і праўдзівых гісторый». Колькі іх было? Не так гэта і важна. Галоўнае, мы разам — усе, хто пісаў, і ўсе, хто чытаў, — шмат што змаглі ўспомніць са свайго перажытага, адзін аднаму расказаць і, як мінімум, усміхнуцца. А недзе, магчыма, і пасмяяцца.

Калі ёсць жаданне і час, перачытайце матэрыялы рубрыкі (сёлета яна амаль заўжды выходзіла па пятніцах), выберыце сваю дзясятку найлепшых, дашліце яе ў рэдакцыю для таго, каб мы, зноў жа разам, вызначылі, каму аддаць пальму першынства і, адпаведна, звяздоўскія прызы. А пакуль (як напісала адна з нашых шаноўных аўтарак):

У святочную ноч,

у чароўную,

Я сабе пажадаю здароўя,

Каб магла і хадзіць, і рабіць,

І нікому дакукай не быць.

Яшчэ крышачку —

Шчасця, настрою,

Каб усім было лёгка са мною!

У дзяцей каб было ўсё ладна

І каб байкі пісаліся складна!

У новым 2018-м «Звязда» па-ранейшаму будзе іх друкаваць. Так што пішыце, чытайце. Загадзя — шчыры дзякуй і з надыходзячым!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.