Вы тут

Весялімся не на жарт!


Проста сядзець за сталом у навагоднюю ноч і наядацца сумна, ды і небяспечна для фігуры. А вось калі разнастаіць мерапрыемства забаўнымі гульнямі і конкурсамі, сумаваць не давядзецца. Нават самыя сур'ёзныя цёткі і дзядзькі развесяляцца не на жарт! А фотаздымкі, зробленыя ў працэсе, нагадаюць вам аб гэтым вечары праз шмат гадоў.

"Прымарозіла"

Вазьміце невялікія паперкі, і на кожнай з іх напішыце назвы частак цела. Пасля гэтага кожную паперку скруціце, каб напісанае на ёй не было відаць. Усе паперкі складзіце ў мяшок. Першыя два ўдзельнікі гульні засоўваюць рукі ў мяшок і выцягваюць па паперцы, чытаюць іх і прыціскаюцца адно да аднаго тымі часткамі цела, якія былі напісаны на паперках, – прымарожваюцца. Пасля гэтага адзін з іх бярэ паперку, каб даведацца, да якой часткі цела павінен "прымарозіцца" трэці, які ў сваю чаргу таксама выцягвае сабе паперку. І так далей, да апошняга гульца. Пасля чаго ўсё пачынаецца нанова па кругу, пры гэтым гульцы не павінны расчапляцца. І так пакуль не закончацца паперкі. Такі клубок выглядае вельмі смешна, і яго абавязкова трэба сфатаграфаваць.

"У каго даўжэйшы ланцужок"

Фарміруюцца дзве каманды. Кожная павінна выкласці ланцужок з адзення, знімаючы з сябе ўсё, што ўздумаецца. У каго ланцужок даўжэйшы, тая каманда і перамагла. Калі гульня праводзіцца не дома, а, напрыклад, на плошчы ці ў клубе, то спачатку выбіраюцца два ўдзельнікі, і калі ім для ланцужка не хапае адзення (знімаючы з сябе вопратку, неабходна заставацца ў рамках прыстойнасці), то гледачам прапануецца дапамагчы ўдзельнікам. І любы ахвотны можа працягнуць ланцужок гульца, які яму спадабаўся.

"Прыбяры Дзеда Мароза"

Кожная Снягурка выбірае сабе Дзеда Мароза і прыбірае яго ўсімі магчымымі спосабамі з выкарыстаннем любых падручных сродкаў: ад ёлачных цацак да касметыкі. Затым свайго Дзеда Мароза неабходна прадставіць публіцы з дапамогай рэкламы, песні, вершыка і да т.п. Які ж Дзед Мароз перамог? Той, якога лепш за ўсіх прарэкламуюць!

"Тытанік"

Для правядзення гульні трэба некалькі пар. Ім прапануецца паказаць герояў аднайменнага фільма, якія развітваліся на караблі, што тануў. А ўчастак сушы для кожнай пары рэкамендуецца зрабіць з газеты. Падчас чарговай музычнай паўзы газету складваюць папалам. Пераможцы тыя, хто праявіць вынаходлівасць і ўстаіць на маленькім кавалачку паперы ўдваіх, умудраючыся выконваць танцавальныя рухі.

"Коска Снягуркі"

Спатрэбіцца атласная стужка. Разрэжце яе на тры роўныя часткі і завяжыце іх адным вузлом зверху (часткі даўжынёй па 40–60 см). Зрабіце дзве такія коскі. Выклікаецца дзве каманды з 4 чалавек: адзін трымае коску за вузел, а тры астатнія плятуць коску, пры гэтым не могуць адпускаць сваю частку. Хто хутчэй запляце, той і пераможца.

"Тосты-віншаванні"

Гасцям прапануецца напоўніць келіхі і сказаць навагодні тост, але з адной умовай. Першы госць пачынае тост-віншаванне з літары А, і далей па алфавіце. Напрыклад: А – Абсалютна шчаслівы выпіць за Новы год; Б – Будзьце пільныя, хутка Новы год! Асабліва весела, калі гульня даходзіць да літар Ж, Ф, Ы, Ь. Прыз атрымлівае той, хто прыдумаў самую смешную фразу.

"Прынцэса на гарошыне"

У конкурсе ўдзельнічаюць толькі жанчыны. Удзельніцы становяцца тварам да гледачоў. Ззаду ў кожнай стаіць крэсла. Вядучы незаўважна кладзе на кожнае крэсла невялікі прадмет. Па камандзе ўсе ўдзельніцы садзяцца і спрабуюць вызначыць: што за прадмет пад імі. Глядзець і дакранацца рукамі забараняецца. Пераможцай становіцца тая, хто першай вызначыць прадмет. Можна адгадваць колькасць пакладзеных на крэсла аднолькавых прадметаў (карамелек, яблыкаў, шышак)...

"Спрытнасць рук і..."

Удзельнічаюць 2 пары. На мужчын неабходна адзець аднолькавыя кашулі, а жанчыны, па камандзе, надзеўшы рукавіцы, павінны зашпіліць гузікі на рукавах і на кашулі. Хто хутчэй справіцца з заданнем, тая пара перамагла.

"Маскарад"

У сумку загадзя змяшчаецца рознае смешнае адзенне (нацыянальныя галаўныя ўборы, сподняя бялізна, купальнікі, панчохі, хусцінкі, памперсы для дарослых і г. д.). Вядучы з розным інтэрвалам уключае і выключае музыку. Музыка зайграла: удзельнікі пачынаюць танцаваць і перадаваць сумку адно аднаму. Музыка спынілася: у каго ў руках засталася сумка, той выцягвае адну рэч і адзявае яе на сябе. І так да таго часу, пакуль не апусцее сумка. У выніку ўсё вельмі смешна выглядае... 

Аліна БЯЛОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».