Вы тут

Гульні на Новы год


Проста сядзець за сталом у навагоднюю ноч і наядацца сумна, ды і небяспечна для фігуры. А вось калі разнастаіць мерапрыемства забаўнымі гульнямі і конкурсамі, сумаваць не давядзецца. Нават самыя сур'ёзныя цёткі і дзядзькі развесяляцца не на жарт! А фотаздымкі, зробленыя ў працэсе, нагадаюць вам аб гэтым вечары праз шмат гадоў.


"Прымарозіла"

Вазьміце невялікія паперкі, і на кожнай з іх напішыце назвы частак цела. Пасля гэтага кожную паперку скруціце, каб напісанае на ёй не было відаць. Усе паперкі складзіце ў мяшок. Першыя два ўдзельнікі гульні засоўваюць рукі ў мяшок і выцягваюць па паперцы, чытаюць іх і прыціскаюцца адно да аднаго тымі часткамі цела, якія былі напісаны на паперках, — прымарожваюцца. Пасля гэтага адзін з іх бярэ паперку, каб даведацца, да якой часткі цела павінен "прымарозіцца" трэці, які ў сваю чаргу таксама выцягвае сабе паперку. І так далей, да апошняга гульца. Пасля чаго ўсё пачынаецца нанова па кругу, пры гэтым гульцы не павінны расчапляцца. І так пакуль не закончацца паперкі. Такі клубок выглядае вельмі смешна, і яго абавязкова трэба сфатаграфаваць.

"У каго даўжэйшы ланцужок"

Фарміруюцца дзве каманды. Кожная павінна выкласці ланцужок з адзення, знімаючы з сябе ўсё, што ўздумаецца. У каго ланцужок даўжэйшы, тая каманда і перамагла. Калі гульня праводзіцца не дома, а напрыклад на плошчы ці ў клубе, то спачатку выбіраюцца два ўдзельнікі, і калі ім для ланцужка не хапае адзення (знімаючы з сябе вопратку, неабходна заставацца ў рамках прыстойнасці), то гледачам прапануецца дапамагчы ўдзельнікам. І любы ахвотны можа працягнуць ланцужок гульца, які яму спадабаўся.

"Прыбяры Дзеда Мароза"

Кожная Снягурка выбірае сабе Дзеда Мароза і прыбірае яго ўсімі магчымымі спосабамі з выкарыстаннем любых падручных сродкаў: ад ёлачных цацак да касметыкі. Затым свайго Дзеда Мароза неабходна прадставіць публіцы з дапамогай рэкламы, песні, вершыка і да т.п. Які ж Дзед Мароз перамог? Той, якога лепш за ўсіх прарэкламуюць!

"Тытанік"

Для правядзення гульні трэба некалькі пар. Ім прапануецца паказаць герояў аднайменнага фільма, якія развітваліся на караблі, што тануў. А ўчастак сушы для кожнай пары рэкамендуецца зрабіць з газеты. Падчас чарговай музычнай паўзы газету складваюць папалам. Пераможцы тыя, хто праявіць вынаходлівасць і ўстаіць на маленькім кавалачку паперы ўдваіх, умудраючыся выконваць танцавальныя рухі.

"Коска Снягуркі"

Спатрэбіцца атласная стужка. Разрэжце яе на тры роўныя часткі і завяжыце іх адным вузлом зверху (часткі даўжынёй па 40-60 см). Зрабіце дзве такія коскі. Выклікаецца дзве каманды з 4 чалавек: адзін трымае коску за вузел, а тры астатнія плятуць коску, пры гэтым не могуць адпускаць сваю частку. Хто хутчэй запляце, той і пераможца.

"Тосты-віншаванні"

Гасцям прапануецца напоўніць келіхі і сказаць навагодні тост, але з адной умовай. Першы госць пачынае тост-віншаванне з літары А, і далей па алфавіце. Напрыклад: А — Абсалютна шчаслівы выпіць за Новы год; Б — Будзьце пільныя, хутка Новы год! Асабліва весела, калі гульня даходзіць да літар Ж, Ф, Ы, Ь. Прыз атрымлівае той, хто прыдумаў самую смешную фразу.

"Прынцэса на гарошыне"

У конкурсе ўдзельнічаюць толькі жанчыны. Удзельніцы становяцца тварам да гледачоў. Ззаду ў кожнай стаіць крэсла. Вядучы незаўважна кладзе на кожнае крэсла невялікі прадмет. Па камандзе ўсе ўдзельніцы садзяцца і спрабуюць вызначыць: што за прадмет пад імі. Глядзець і дакранацца рукамі забараняецца. Пераможцай становіцца тая, хто першай вызначыць прадмет. Можна адгадваць колькасць пакладзеных на крэсла аднолькавых прадметаў (карамелек, яблыкаў, шышак)...

"Спрытнасць рук і..."

Удзельнічаюць 2 пары. На мужчын неабходна адзець аднолькавыя кашулі, а жанчыны, па камандзе, надзеўшы рукавіцы, павінны зашпіліць гузікі на рукавах і на кашулі. Хто хутчэй справіцца з заданнем, тая пара перамагла.

"Маскарад"

У сумку загадзя змяшчаецца рознае смешнае адзенне (нацыянальныя галаўныя ўборы, сподняя бялізна, купальнікі, панчохі, хусцінкі, памперсы для дарослых і г. д.). Вядучы з розным інтэрвалам уключае і выключае музыку. Музыка зайграла: удзельнікі пачынаюць танцаваць і перадаваць сумку адно аднаму. Музыка спынілася: у каго ў руках засталася сумка, той выцягвае адну рэч і адзявае яе на сябе. І так да таго часу, пакуль не апусцее сумка. У выніку ўсё вельмі смешна выглядае...

Аліна БЯЛОВА

Друкуецца ў часопісе "Алеся"

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?