Вы тут

«Верш мала напісаць, яго трэба яшчэ адпаведна паднесці»


"Бярозка" вырашыла сустрэцца з паэтам пакалення Бум-Бам-Літ. З кім жа яшчэ размаўляць пра рэакцыю, як не з удзельнікам шматлікіх перфомансаў і слэмаў — паэтычных спаборніцтваў, дзе пісьменнікі дэкламуюць свае творы? Калі яшчэ не здагадаліся, то сёння мы размаўляем з Віктарам Жыбулем.


Ёсць шмат відэа, у якіх вы дэкламуеце свае вершы. І як вы лічыце, ці існуе паэзія, калі яна не гучыць?

— Я далёка не ўсе свае вершы дэкламаваў на сцэне. Большаць не агучваў, яны выйшлі толькі ў надрукаваным выглядзе. Мне здаецца, што адны вершы зручней слухаць, а іншыя — успрымаць на зрок.

Як, на ваш густ, ўвогуле трэба дэкламаваць вершы?

— Я проста лічу, што верш мала напісаць, яго трэба яшчэ адпаведна паднесці — пры магчымасці прачытаць гэта тэатральна. Даводзілася мне бываць на вечарынах, дзе многія паэты чаталі манатонна, і бачна было, што публіка пачынае засынаць пад гэта ўсё.

— Як рэакцыя аўдыторыі адбіваецца на вас?

— Рэакцыя публікі ў пэўным сэнсе падказвае якія вершы чытаць далей. Бывае так, што чытаеш сур’ёзныя, філасофскія, і бачыш, што публіцы цікава, а потом глядзіш — слухачы прытаміліся. І хочыцца так ударыць і агучыць нешта такое вясёлае і хуліганскае.

— А калі ў слухачоў ёсць адмоўная рэакцыя змест вершаў, гэта неяк ўплывае?

— Калі кажуць, што вершы ў мяне хуліганскія, я адмаўляю: нашмат больш хуліганскіх дзеянняў вытвараюць некаторыя прадстаўнікі публікі, а не я. Калі выхожу на сцэну, то звычайна не стаўлю мэту нахуліганіць: я проста чытаю вершы. А публіка, якая не разумее, можа адрэгаваць непрадказальна. Але людзі ў нас сціплыя. Непасрэдна падчас імпрэзы ніхто не выказваецца.

Аднойчы мяне запрасілі пачытаць у гандлёвым цэнтры, дзе цэлы дзень ладзіліся паэтычныя і музычныя імпрэзы. Натуральна, туды траплялі і людзі выпадковыя, што прыйшлі па якой-небудзь справе, і, мабыць, раней не былі на такіх вечарынах і не чулі паэтаў кшталту мяне. І калі я чытаў вершы, выскачыла жанчына сталага веку (мяркуючы па ўсім, гандлярка з шапіка) і пачала крычаць: "Што у вас, іншых вершаў няма?" Карацей, яна хацела сарваць выступ. Што мне заставалася? Я тады гаўкнул некалькі разоў у мікрафон і працягваў чытаць далей.

Яшчэ адзін выпадак быў калісьці даўно. На Сусветны дзень тэатра мы выступалі ў Маладзёжным тэатры эстрады. І там падчас майго выступу выйшла з залы якаясьці жанчына і з крыкам: "Гэта не можа больш працягвацца!", схапіла мікрафонную стойку і ляснула аб сцэну.

— Калі вы пачалі ўдзельнічаць у беларускіх слэмах?

— Першы слэм адбыўся ў 2008 годзе. Наколькі я паматаю, мяне туды запрасіў Андрэй Хадановіч. Я сказаў тады, што ўвогуле не ведаю, што гэта такое і як там трэба чытаць вершы. Андрэй сказаў: "Чытай так, як звычайна чытаеш". Атрымоўваецца, я быў слэмрам да таго, як слэмы з’явіліся ў нас.

Слэм звязаны не толькі з літаратурай. Ён мае свае карані часткова і ў тэатральным мастацтве. І сувязі з музычнай культурай. Гэта сведчыць, што літаратура не замкнёная сама ў сабе, як многія прывыклі, а можа сінкрэтызавацца з рознымі відамі мастацтва, ўзаемна перацякаць у іх.

— І што вам прыносіў гэты ўдзел?

— Я атрымліваў вялікае задавальненне! Вядома ж, адчуваеш прыток адрэналіну, калі ёсць гэты момант спаборніцтва, калі не ведаеш: ці ты больш публіцы спадабаўся, ці твой супернік? Цікава не толькі самому паўдзельнічаць, але і паглядзець, як выступаюць іншыя: хто што прыдумаў, каб уразіць гледачоў, на што яны больш жыва рэагуюць, на што меньш.

— Як вы ставіцеся да таго, што вашы вершы выконваюць іншыя?

— Віцебскі бард Міхаіл Рубін вырашыў пакласці на музыку шмат маіх вершаў. Ён выбірае такія, якія я ўвогуле песнямі ніколі не ўяўляў і, мабыць, са сцены і не чытаў. Але ён пазнаходзіў у гэтых вершах музычны пачатак. Былі сярод іх такія, што мне ўяўляліся з іншай інтанацыяй. Але я не супраць гэтага. Лічу, што верш можа мець некалькі інтэрпрытацый, у тым ліку музычных.

— Ці сняцца вам літаратурныя сны?

— Такое бывае. Памятаю, мне прысніліся невядомыя вершы Анатоля Сыса. Альбо снілася, як я гартаў літаратурны Альманах, і там былі вершы на мудрагелістай мове з неіснуючымі словамі. Калі мне сніцца штосьці ў тэкставым выглядзе, я шкадую, што забываюся: раптам гэта было нешта сапраўды адметнае і таленавітае. Але з таго Альманаха, што прысніў, я памятаю толька назву аднаго верша: "Лфуфт".

Яшчэ прысніў аднойчы верш, які быў пабудаваны на анаграмах — словах, утвораных перастаноўкай літар. І заканчваўся ён радкамі з вельмі нечаканай рыфмай "эпітафія" — "Эдыт Піяф". Вядома ж, у жыцці я да такогда ніколі б не дадумаўся.

Што чытаць дзецям, каб яны палюбілі беларускую літаратуру?

— Я думаю, пачынаць трэба з фальклорных твораў, забаўлянак, песень, лічылак. У нас ёсць даволі аб’ёмная кніга "Дзіцячы фальклор" — цэлы збор такіх вершыкаў. Яшчэ з такіх адметных кніжак я бы згадаў "Вялікія прыгоды Какоса Маракоса" Сержа Мінскевіча. Памятаю: чытаў яго старэйшаму сыну, калі ён быў маленькі, і яму вельмі падабалася. Яшчэ ёсць файная кніга Андрэя Хадановіча "Нататкі таткі". З празаічных твораў мне падабаюцца аповесці Паўла Місько. Яны, можна сказаць, сталі класікай. Напрыклад, "Прыгоды Бульбобаў", дзе расповед ідзе ад імя шчаняці.

Яшчэ можна параіць "Сем ружаў" Надзеі Ясмінска. Цікавая кніга і аформленая добра. Я ўвогуле лічу, што дзіцячыя кнігі павінны быць добра і густоўна аформленыя — уяўляць сабой сярэдняе паміж кнігай і мастацкім альбомам, бо дзеці любяць малюнкі. І паміж малюнкамі нешта чытаюць.

— А вы самі спрабавалі пісаць дзіцячае?

— Я не ўпэнены, што ў мяне добра атрымалася б. У маёй жонкі — Веры Булак — лепш выходзіць. У яе ўжо падрыхтаваная, але пакуль не выдадзеная кніжка дзіцячых вершаў. Мой сын напісаў казку "Сабачая чыгунка", перамог з ёй на літаратурным конкурсе імя Янкі Купалы, а потом па гэтай казцы Інклюзіў-тэатр "і" паставіў спектакль "Чыгунка". Вядома, п’еса — гэта жанр іншы, чым казка. І калектыву тэатра давялося папрацаваць, каб зрабіць з казкі п’есу. З чымсьці дапамагаў і я. Хоць больш папрацавала мая жонка.

— У вас ёсць кніга "Забі ў сабе Сакрата", якую вы напісалі разам з жонкай. Вы часта працуеце ў суаўтарстве? Ці ёсць такія вершы, якія вы пішаце разам?

— Я думаў, што гэта наш сакрэт, але напэўна ўсе ўжо здагадаліся. У нашай сумеснай кніге ёсць раздзел пад назвай "Вершы нашага сябра Васіля Фірхольда". Частку гэтых вершаў мы напісалі загортваючы ніз паперкі, калі адзін не бачыў тое, што пісаў другі. Таму і атрымлівалася нешта кшталту:

Чатыры маленькія рыбкі

Срабрыста-сьцюдзёнай зімою

Ля помніка Янкі Купалы

3 палеглым у бітве героем

Гулялі ў футбол на траве,

Каб памяць людзкая ня згасла,

А іх распранулі прылюдна,

На булку намазалі масла.

— А ці ёсць яшчэ якія небудзь гульнявыя прыёмы, калі вы пішаце вершы?

— Я нейкі час захапляўся напісаннем паліндромаў — вершаў, у якіх радкі чытаюцца злева направа і справа налева аднолькава. Паэма "Рогі гор" пісалася ў той час, калі я ўжо заканчваў школу, паступаў ва ўніверсітэт. І тады я не скажу, што ідэальна валодаў мовай. Я сам яшчэ знаходзіўся ў працэссе спасціжэння мовы. І паэму я пісаў са слоўнікам, бо баяўся: а раптам што-небудзь не так напішу. Або яшчэ, напрыклад, пісаў такія вершы,  дзе кожны радок складаецца толькі з аднаго складу.

— У нас чытачы самі пішуць і прозу, і паэзію. І прапанова ад вас: дзе шукаць думкі, каб напісаць штосці?

— З вершамі і прозай трохі па-рознаму. Вершы найчасцей прыходзяць у перыяд, калі ты перажываеш моцна. Гэта можа быць закаханасць, растанне, важныя падзеі ў навакольным жыцці. Альбо ўражанні ад праслуханнай музыкі, прагледжанага фільма. Таксама можа натхняць архітэктура, творы мастацтва. Уражанні могуць быць станоўчымі ці адмоўнымі. Але я думаю, што і адмоўныя здольныя натхніць на духапад’ёмны верш.

А празаіку трэба быць вельмі назіральным. І выпрацаваць звычку запісваць. Калі яе няма, ствараць прозу вельмі скадана. Апісваць уражанні ад таго, што пабачыў за пражыты дзень, разважанні. Проста запісаныя думкі надалей могуць выліцца ў нешта больш глабальнае.

Варта чытаць творы іншых аўтараў, каб прынамсі займець вопыт, ці наадварот — арыентавацца, як пісаць не трэба. Чытаць чужое, каб пераканацца, што да такой тэмы шмат хто звяртаўся. І альбо напісаць пра тое, да чаго не звярталіся, альбо напісаць на тую тэму зноў, бо іншыя распрацоўвалі гэтую тэму вось так, а вы пра гэта напішаце інакш. Галоўнае — не баяцца казаць. 

Святлана КУРГАНАВА 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?