Вы тут

Валожыншчына хоча стаць даступнай для турыстаў з інваліднасцю


Апошнім часам і ў свеце, і ў нашай краіне шмат гаворыцца аб інклюзіўным турызме, ці, іншымі словамі, турызме, даступным і для людзей з інваліднасцю. Не ўсё ж ім сядзець дома. Але для гэтага недастаткова зрабіць даступным толькі транспарт або нумар у гатэлі (хоць і гэта вельмі важна)...


Павел Маліцкі прэзентуе свой праект.

Інтэрактыўная карта даступнасці турыстычных месцаў

Яшчэ важна, каб была магчымасць даведацца, што ёсць такі прыстасаваны для патрэб людзей з абмежаванымі магчымасцямі гатэль і з якімі адметнымі мясцінамі можна азнаёміцца паблізу. Менавіта з гэтай мэтай Павел Маліцкі з Валожына распрацаваў партал wау.bу.

Гэты інтэрнэт-рэсурс будзе знаёміць беларускіх і замежных турыстаў з прыгожымі і цікавымі месцамі нашай краіны. А людзі з інваліднасцю атрымаюць на ім падказкі, якая гасцініца ці аграсядзіба падыдзе менавіта ім.

Па словах Паўла Маліцкага, адной з яго задач было стварыць інтэрактыўную карту даступнасці турыстычных месцаў. Таму характарыстыкі кожнага аб'екта на партале прыводзяцца з улікам патрэб людзей з інваліднасцю розных катэгорый. У выніку дзякуючы сайту любы ахвотны зможа выбраць месца для адпачынку ў адпаведнасці са сваімі фізічнымі магчымасцямі.

Праект менавіта тым і добры, што вырашае канкрэтную праблему — даступнасці турызму для людзей з інваліднасцю. Дзе цяпер шукаюць інфармацыю? У асноўным у інтэрнэце. А тут зайшоў на сайт, паглядзеў, ці ёсць у гасцініцы пандус, пад'ёмнік і г. д., і прыняў рашэнне, ці варта ехаць у выбраным напрамку. Чалавеку з інваліднасцю больш не трэба будзе тэлефанаваць у гасцініцу, каб запытацца, ці падыходзіць яна яму...

Пры гэтым толькі апісаннем гатэля ці аграсядзібы справа не абмяжуецца. Каб размешчаны на сайце аб'ект быў адзначаны як даступны для інвалідаў, трэба будзе пацвердзіць гэта фатаграфіямі самых праблемных месцаў: пандусаў, дзвярэй, дарожак і іншых.

Пакуль яшчэ партал знаходзіцца ў распрацоўцы, на яго дадаюцца новыя месцы і аб'екты. Акрамя таго, зараз ствараецца версія сайта для слабавідушчых. У перспектыве, па словах Паўла Маліцкага, плануецца апісанне турыстычных аб'ектаў так званай яснай мовай, зразумелай для людзей з разумовымі абмежаваннямі.

Так выглядае партал way.by.

Інклюзіўны турызм можа прыносіць выгаду эканоміцы раёна

Сёння ў свеце, па словах спецыялістаў, інклюзіўны турызм складае каля 11% турыстычнага патоку, і да
2020 года, па прагнозах, гэта лічба вырасце ў два разы. У Беларусі, як кажуць спецыялісты, таксама з'яўляецца падобны попыт. Так, на сёння каля 26% нашых турыстаў хацелі б скарыстацца якімі-небудзь безбар'ернымі паслугамі. Гаворка тут ідзе не толькі пра людзей з інваліднасцю, але і пра бацькоў з маленькімі дзецьмі, і цяжарных жанчын, і пра пажылых людзей, і пра людзей з часовымі праблемамі здароўя, і тых, хто вандруе з вялізнымі чамаданамі, — усе гэтыя людзі, па азначэнні Сусветнай турысцкай арганізацыі, з'яўляюцца мэтавай аўдыторыяй інклюзіўнага турызму.

Пры гэтым інклюзіўны турызм — гэта не дабрачыннасць на карысць людзей з інваліднасцю. У многіх краінах ён прыносіць выгаду эканоміцы. Дарэчы, партал wау.bу Паўла Маліцкага — таксама не дабрачынны, а камерцыйны праект. Гэты малады чалавек — прадстаўнік так званага сацыяльнага бізнесу. Да гэтага ў яго была свая інтэрнэт-крама, так што вопыт ёсць. Да таго ж Павел перамог на конкурсе сацыяльных і бізнес-праектаў і стаў слухачом першай стартап-школы ў Валожыне, дзе ўдзельнічаў у майстар-класах і кансультацыях па стварэнні і прасоўванні ўласнага бізнесу.

Конкурс сацыяльных і бізнес-праектаў праходзіў у рамках праекта «Валожын без бар'ераў», які фінансуецца ЕС і з дапамогай якога мясцовыя ўлады імкнуцца палепшыць жыццё жыхароў з абмежаванымі магчымасцямі і зрабіць раён даступным для турыстаў з інваліднасцю. Між іншым, у Валожынскім раёне спадзяюцца, што, зрабіўшы акцэнт на інклюзіўнасць, яны ў тым ліку змогуць на гэтым зарабляць, прыцягваючы і ўнутраных, і замежных турыстаў.

Трэба сказаць, што перад пачаткам рэалізацыі праекта «Валожын без бар'ераў» на прадмет даступнасці было абследавана каля двухсот аб'ектаў — і ніводзін з іх цалкам не адпавядаў патрабаванням саміх людзей з інваліднасцю. Да канца 2018 года плануецца зрабіць цалкам даступнымі трыццаць з іх, у тым ліку пяць аграсядзіб. У Валожыне з'явяцца пандусы і поручні каля ўвахода ў паліклініку, бібліятэку, Дом культуры, кінатэатр (часткова яны ўжо з'явіліся). У Івянцы для інвалідаў-калясачнікаў адаптуюць паліклініку і музей...

Таксама ў планах на наступны год у будынку, дзе цяпер знаходзіцца аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў,
адкрыць Турыстычны інфармацыйны і рэкрэацыйны цэнтр для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Тут будзе хостэл на 20 месцаў, інфармацыйны пункт і канферэнц-зала са спецыяльным абсталяваннем для слабавідушчых і людзей са слабым слыхам. Абяцаюць таксама, што ў гэтым цэнтры з'явіцца як мінімум адна вакансія для чалавека з інваліднасцю.

А на самай ускраіне знакамітай Налібоцкай пушчы, каля вёскі Белакорац, павінна з'явіцца «экалагічная сцежка», або «сцежкА здароўя», даўжынёй 1800 метраў, спецыяльна абсталяваная для людзей з інваліднасцю. Афіцыйнае адкрыццё яе было намечана ў верасні, але потым перанесена на вясну 2018 года.

Святлана БУСЬКО

buskо@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Не ўсё ж сядзець дома...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.