Вы тут

Імя? Mann!..


Можна аднойчы назвацца чужым іменем і зрабіць крок да таго, каб канчаткова забыць сваё. Можна аднойчы схітрыць — калі ёсць у гэтым карысць на дадзены момант, але трапіць у пастку, з якой не выбрацца. Як Гэлі Гейл: выйшаў на 10 хвілін па рыбу, а прапаў на ўсё жыццё: няма такога чалавека, як і не было ніколі…


Сцэна са спектакля «Mann ist mann» Фота Надзеі Бужан.

Адна з прэм’ер бягучага тэатральнага сезона ў Дзяржаўным тэатры лялек можа падасца адарванай ад Беларусі — паводле назвы на афішы. Сапраўды, Бертольд Брэхт і яго п’еса «Mann ist mann» зусім далёка ад нашага жыцця: створаная ў сярэдзіне 20-х гадоў мінулага стагоддзя ў Германіі, яна выкрывала сутнасць імперскіх памкненняў (ужо адчуваную тады), што адлюстроўвалася ў войнах, якія вялі адданыя ваяры, фактычна ператвараючыся ў ідэальных салдат, якія не памятаюць сябе і таму гатовыя, не задумваючыся, забіваць і паміраць. Але з той колькасцю войнаў — лакальных, інфармацыйных, гібрыдных ды іншых сучасных варыянтаў — гэтая п’еса ўжо сама па сабе можа ўспрымацца актуальнай. Пры тым, што ёсць яшчэ вечны гуманістычны мэсэдж, але ж колькі яго ні закідвай у прастору, няма ўпэўненасці, што пачуюць, а галоўнае — зразумеюць: у чалавечым свеце адначасова столькі ідэй на выбар!..

Але не трэба спяшацца з высновамі (абапіраючыся толькі на назву і афішу), калі гаворка пра рэжысёрскую работу Аляксея Ляляўскага: ён, калі бярэцца за пастаноўку, не проста адчувае актуальнасць, а ўмудраецца прачытаць у тэксце значна больш — у сувязі з тым самым сучасным кантэкстам, які надае п’есе дадатковы сэнс. Тут нават не трэба нічога штучна актуалізаваць: стыль мілітары, на жаль, у шырокім карыстанні, а чалавек існуе як істота падпарадкаваная і залежная. Пры адсутнасці волі і ўласнага меркавання наогул здольная страціць сябе як самастойную асобу. Пра што і распавядае спектакль. Створаны ў стылі мілітары — і гэта зададзена самім Бертольдам Брэхтам: каланізатары недзе ў Індыі імкнуцца скарыць іншых. Губляюць сябе — сваю ідэнтычнасць.

Мілітары, як стыль універсальны, адразу дапамагае акрэсліць тэму. На гэта ж працуюць стылізаваныя пад ваенныя камбінезоны галоўных герояў, якіх мы бачым на сцэне. Не трэба лішніх дэкарацый ды антуражу: калі ў клубах дыму з’яўляюцца фігуры салдат, зразумела, што на вайне горача. Гэта падкрэслівае і жорсткі па гучанні музычны фон (Леанід Паўлёнак не першы раз удала дапамагае Ляляўскаму з музыкай да спектакля). З гледачом ніхто і не імкнецца заігрываць — на вайне як на вайне. І ніякага падману ў танцах і спевах — гэта як рытуальны абрад, сродак замбіравання будучых пераможцаў. Ці танцы на касцях… Інтэрпрэтацый можа быць шмат у залежнасці ад паглыбленасці ў тэму. А некаторыя акцэнты дапамагаюць акцёрам расставіць лялькі.

Істоты ў безнадзейных шэрых камбінезонах — яшчэ людзі, але ўжо марыянеткі: у кожнага з салдат магутнай арміі ёсць нібыта двайнік — маленькая лялька, кандова-драўляная, рабі з ёй што хочаш. І нават калі нейкая групка заваёўнікаў вырашае пасваволіць, татальная іх падпарадкаванасць робіць сваю справу: замест сябра, што патрапіў у кур’ёзную сітуацыю, трэба кагосьці прывесці на паверку. Хоць бы першага сустрэчнага. Гэлі Гэй падыгрывае, думаючы, што хітрыкі не перашкодзяць яму сысці, але чым далей, тым больш здараецца тых абставін, у якіх ён не можа сказаць: «Не!..» І аднойчы прысутнічае на ўласным пахаванні, нават вымушаны казаць развітальную прадмову — самому сабе. Няма больш Гэлі Гэя, ёсць Джэрая Джып, універсальны салдат, жорсткі забойца, які не адчувае каштоўнасці чужога жыцця. Таму, што адмовіўся ад сябе самога?

Калі Брэхт пісаў гэтую п’есу, усё было яшчэ далёка: безаблічныя салдаты вермахта, якія пойдуць скараць свет, пазбяўляючы права на адметнасць іншыя народы, — а разам з ёю і права на жыццё іншых людзей. Тут умоўныя каланізатары, але сама сутнасць такой вайны не пакідае варыянтаў: татальнае заваяванне ператварае ў замбіраваную істоту таго, хто, будучы бяздумна падпарадкаваны, сам ідзе падпарадкоўваць іншых.

Чалавечы свет, кажаце? Дзе зло вынішчана?.. Тое, пра якое папярэджваў Брэхт? Пасля Нюрнбергскага працэсу здаецца, што так. Але. У супраціве з вечным дабром вечнае зло трансфармуецца, мяняе аблічча, бо яго вечная задача — знішчаць чалавека як фізічна, так і маральна. Можна сказаць: «Цябе няма» — чалавеку, народу, краіне, нават культуры цэлых кантынентаў (і такое было). І можна знайсці спосаб зрабіць так, што ён (яна, яны) сам у гэта паверыць, ператварыўшыся ў зомбі, будуць паўтараць: «Нас няма». Цяпер гэта нават спакуса: адмова ад сябе лёгка тлумачыцца тэндэнцыяй да ўніфікацыі культур, глабальныя працэсы часта могуць быць апраўданнем новага варыянту падпарадкавання народаў ды тэрыторый, калі просты чалавек наогул нічога не значыць і не вырашае. Ён проста нейкі чалавек. Драбяза. Такі знікне — ніхто і не заўважыць.

Але калі гаворка пра спектакль Аляксея Ляляўскага, то ў яго вельмі шмат слаёў, кожны можа «ўхапіць» той, што больш актуальны асабіста для яго. І так, ёсць той, што на паверхні: захаванне самога чалавека як разумнай істоты ці наогул віду. Істоты, што думае, перш чым нешта зрабіць і на штосьці пагадзіцца, і віду, што нясе адказнасць за свет і яго шматаблічнасць. Гэта па-за межамі, па-за краінамі і паза кантэкстамі, нават па-за эпохамі. Вось гэты — персанальны — зварот гучыць у спектаклі «Mann ist mann» бескампрамісна: захавай сваю свядомасць — і захаваеш сябе. Праз іронію і нейкія «прышпільныя» моманты, што адбываюцца на сцэне, нас падводзяць да кульмінацыі, калі канчаткова адбываецца трансфармацыя героя: «Я Джэрая Джып!» Ён рашучы. Варыянтаў няма. «Камедыя пра чалавека, які не мог сказаць “не”, альбо Гульня ў салдацікі» на нашых вачах становіцца трагедыяй. Гэта падаецца так фатальна, што разумееш: перадавая — гэта барацьба наогул за чалавека.

Ларыса ЦІМОШЫК

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?