Вы тут

Актрыса Валянціна Гарцуева пра плоскасці сцэны і вялікага экрана


Тэатральная сцэна сёння перастае быць адзінай пляцоўкай для рэалізацыі акцёраў — усё часцей яны звяртаюцца да кінематографа па духоўную і матэрыяльную падтрымку. Наша гераіня вядомая ў першую чаргу па спектаклях Купалаўскага тэатра, сваіх бацьках-творцах і ў якасці кінаактрысы: ужо паспела выканаць ролі больш чым у 40 фільмах і серыялах, а нядаўна скончыла здымацца ў новай кінастужцы «Беларусьфільма». Якім чынам сумяшчае дзве істотна розныя акцёрскія кар’еры, распавядае прадстаўніца знакамітай тэатральнай дынастыі.


— Валянціна, у інтэрнэце ёсць відэа, як вы пранікнёна чытаеце адзін з вершаў Ганны Ахматавай пра каханне. Для такіх эмоцый патрэбен толькі талент актрысы ці ўсё ж рэальныя пачуцці?

— Пытанне пачуццяў вельмі індывідуальнае: камусьці трэба пастаянна быць закаханым, каб добра адчуваць сябе ў прафесіі. Але мне падаецца, што людзям проста патрэбна натхненне! Ёсць, дарэчы, і тыя, каму патрэбныя адваротныя эмоцыі — перажыць расстанне, каб у жыцці ўсё было дрэнна. Магу сказаць шчыра, што, калі я запісвала гэтае відэа, у маім жыцці быў вельмі складаны перыяд, усё было дрэнна. І раней я лічыла, што мне патрэбная маленькая трагедыя ў прыватным жыцці, каб усё атрымлівалася на сцэне. Але з часам зразумела, што гэта не зусім так: магчыма, лягчэй штосьці з сябе дастаць з-за агалення нерваў, лягчэй перажываць боль герояў, але быць шчаслівым — больш каштоўна. Тым не менш я шаную ўсе мае жыццёвыя перажыванні і трагедыі, бо цяпер памяць пра гэта (а яна ў мяне вельмі добрая!) дапамагае на сцэне.

— Якіх гераінь іграць падабаецца больш?

— Залежыць ад пляцоўкі. Напрыклад, у тэатры ў мяне больш гераічных роляў, станоўчых персанажаў, а кінакамера бачыць мяне як адмоўнага героя, кагосьці моцнага і супрацьлеглага агульнай плыні. Іграць станоўчых і адмоўных персанажаў мне аднолькава складана, але вельмі падабаецца іграць адмоўных гераінь у кіно, таму што не маю такой магчымасці ў тэатры. Гэта робіць мяне больш цэльнай у прафесійным плане. Да таго ж у злых гераінь таксама ёсць свая праўда. Яны злыя не з-за таго, што нарадзіліся такімі, таму цікава разважаць аб прычынах.

— Нядаўна скончыліся здымкі стужкі Ігара Чацверыкова «Скачок Саламандры», дзе вы ўзялі ўдзел. Якім будзе кіно?

— Мне вельмі падабалася здымацца ў Чацверыкова. Па-першае, 2 гады таму даводзілася працаваць з гэтым рэжысёрам на стужцы «Участак лейтэнанта Качуры», мы правялі выдатныя 3 месяцы здымак, таму вельмі хацелася паўдзельнічаць у наступным яго праекце. І зараз камфортна пачувалася на пляцоўцы, гэта важна: атмасфера ўплывае на працоўны працэс. Роля ў стужцы ў мяне досыць неадназначная… Гэта дэтэктыўна-прыгодніцкі фільм з мудрагелістым сюжэтам і пошукам рэліквій пад Нясвіжам.

— Не сакрэт, што тэатральныя акцёры шукаюць у кіно фінансавай падтрымкі. Але ў вас зусім іншая гісторыя…

— Мяне прывяло ў кіно жаданне! Мне хацелася здымацца, доўгі час пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў я хадзіла на пробы, не праходзіла іх, не разумела, чаму мяне не бралі на ролі ў кіно, — ужо працавала ў гэты час у тэатры. Тады грашовае пытанне мяне наогул не цікавіла: знялася б і без ганарараў, дзеля ідэі, бо для тэатральнага акцёра гэта зусім іншы свет. Я перакананая, што акцёры тэатра і кіно — дзве абсалютна розныя прафесіі і спосабы існавання, адчування. Роляў у кіно ў мяне не было доўга, і ўсё пачалося неяк незаўважна: здымалася ў эпізодах, пасля пайшлі вялікія ролі. Але не магу не адзначыць, што ў тэатры мне лягчэй, бо тут я працую больш і маю досвед.

— Беларускія акцёры запатрабаваныя і за мяжой. Вы не думалі працягнуць кар’еру, напрыклад, у Расіі?

— Шчыра, я думала пра гэта, але калі казаць пра Маскву, то мяне заўсёды пужаў гэты горад, патрэбна нейкая сур’ёзная прычына, каб я туды пераехала. Але калі мне прапанавалі б нейкую вялікую цікавую ролю, магла б пагадзіцца. Прыйшла да высновы, што я лёгкі чалавек у плане зменаў, таму мне хочацца праз нейкі час «змяняцца» і самой. Складана ўявіць, што ўсё жыццё буду займацца чымсьці адным! У акцёра заўсёды шмат магчымасцей: столькі ўсяго зараз здымаецца, у тым ліку і серыялаў у Расіі, што не трапіць у кіно складаней, чым трапіць!

— Вы называеце сваёй любімай тэатральнай роляй Франку ў спектаклі «Хам». Чаму?

— Яна мне вельмі падабаецца. Такіх жанчын заўсёды было мала — іх амаль няма і цяпер. Можна сказаць, таму гэтая гісторыя вакол Франкі і адбываецца: з-за характару, паводзінаў, эмоцый. Франка гіперэмацыянальная. Для мяне гэтая роля таму і цікавая: яна не хавае свае эмоцыі і пачуцці, а наадварот: усе думкі выліваюцца вадаспадам. Выконваць такія ролі фізічна складана: трэба фантанаваць. Я іграю яе вельмі даўно, пачалося гэта яшчэ падчас навучання ў акадэміі: «Хам» быў нашым дыпломным спектаклем. І я вельмі ўдзячная, што гэтая роля ў мяне ёсць, бо асабліва для маладога акцёра карысна ўспрымаць гэта як мінімум у якасці трэнінгу. З цягам часу я зразумела, што роля змяняецца разам са мной, мы з Франкай разам не стаім на месцы, і для мяне гэта каштоўна.

— Як лічыце, пачуццям з «Хама» ёсць месца ў сучаснасці?

— Яшчэ як! Але гэта не зусім звычайныя адносіны, складаная сітуацыя, незвычайнае каханне. Асабліва калі казаць пра пачуцці Хама да Франкі. Гэтая жанчына мае вельмі вольны погляд на свет, яна можа лёгка разлюбіць, а герой заўважыў у гэтым нясветлым чалавеку штосьці добрае. Таму пра яго каханне можна казаць шмат, я ў яго веру! Напэўна, таму што калі ў такое не верыць, то не будзе сэнсу працаваць актрысай.

— Тэатр у плане самарэалізацыі — свабодная пляцоўка?

— Тут мы павінны падтрымліваць ідэю рэжысёра, але, безумоўна, акцёры маюць сваё «паветра», мы ж не робаты. Напрыклад, глядач можа не заўважыць розніцы, калі паглядзіць адзін і той жа спектакль некалькі разоў, але для акцёра гэта самае цікавае. Мы атрымліваем асалоду ад розных выкананняў, купаемся ў гэтым! Таму я лічу акцёрскую прафесію самай цікавай і рознай, нават калі ты працуеш у адным тэатры. Хоць і тут ёсць руціна: некаторыя спектаклі ідуць і па 20 гадоў, некаторыя — з заснавання тэатра. Ды і для акцёра проста немагчыма іграць аднолькава кожны раз!

— Дарэчы, ролю Паўлінкі вы атрымалі «ў спадчыну» ад маці…

— Усе думаюць, што я даўно іграю Паўлінку, але я выконвала яе ролю толькі на працягу трох гадоў. Маці мне вельмі дапамагала, уводзіла ў кантэкст, і для мяне значным быў нават сам факт таго, што яна выдатна выконвала гэтую ролю да мяне, бо дагэтуль людзі ўзгадваюць Паўлінку Зоі Белахвосцік. Натуральна, я разумела, што гэта вялікая адказнасць і бясконцыя параўнанні, а мы з мамай абсалютна розныя па-акцёрску. Я была зусім іншай Паўлінкай і адчуваю лёгкасць ад таго, што больш не выконваю гэтую ролю: мне ўвесь час здавалася, што для яе патрэбен жывы агеньчык, а я запальвала яго ў сабе штучным спосабам. Гэтая роля патрабуе лёгкасці, адкрытасці, усё гэта было і ёсць у маёй мамы. Для мяне кожны спектакаль быў змаганнем.

— Некалькі пакаленняў вашай сям’і звязаныя з тэатрам, вы працуеце разам з бацькамі. Як гэта ўплывае на працу?

— У мяне ніколі не было выбару: нават не ўяўляю, як працаваць без іх, таму не маю ніякага ўяўлення пра іх уплыў. У гэтай прафесіі я менавіта дзякуючы ім, і хто ведае, што было б мне цікава ў іншай сітуацыі. Бацькі мяне падтрымлівалі, калі я вучылася ў Акадэміі мастацтваў, былі і застаюцца маімі настаўнікамі і дарадцамі, якім я давяраю. І я заўважыла, што адносна нядаўна стала менш раіцца з імі: мяне заўсёды цікавіла, што яны думаюць пра мае ролі і іх выкананне. Я змянілася ўнутрана, стала крытыкаваць сябе больш сур’ёзна, але бязмежна ўдзячная ім за тое, што яны выхавалі мяне не толькі як чалавека, але і як актрысу.

— Некаторыя спектаклі ставіў ваш бацька. Ці лёгка было працаваць пад яго камандай?

— Межы паміж сямейным і прафесійным губляюцца на сцэне, і калі я працую з бацькам над спектаклем, то пачуваюся як з рэжысёрам. Але на пачатку кар’еры заўважала, што ад мяне ён патрабуе больш, чым ад іншых. Мне здавалася, што ўсе мяне ацэньвалі як дзіця акцёра, то-бок, адчувалася стэрэатыпнае мысленне. Але, магчыма, гэта былі мае ілюзіі. І калі бацька сапраўды патрабаваў ад мяне больш, то ён верыў, што я магу гэтае «больш». Зараз я дакладна ведаю, што на сцэне ён ставіцца да мяне як да актрысы, а не як да дачкі.

— Як вас прынялі, калі вы прыйшлі працаваць у Купалаўскі тэатр?

— Я была вельмі напалоханая, нягледзячы на тое, што правяла ў гэтым тэатры амаль усё дзяцінства, добра ведала артыстаў, арыентавалася ў спектаклях. Але калі трапіла сюды ў якасці актрысы, то адчула неверагодны страх і нават з моладдзю размаўляла вельмі стрымана. Прынялі мяне добра, хоць мая заціснутасць заставалася са мной больш за год. Наша трупа вельмі добразычлівая да новых артыстаў, я сапраўды магу назваць гэта сяброўскай камандай. У Купалаўскім ёсць паняцце «сямейнасці», і тут сапраўды пачуваешся як у сям’і.

— Ці было жаданне неяк адасобіцца ад цяжару тэатральнага клана і будаваць кар’еру з уласнай біяграфіяй?

— У розны час перажывала розныя эмоцыі: часам хацелася быць незалежнай, а не думаць пра тое, што існую ў тэатральнай сістэме толькі дзякуючы камусьці, не хацела, каб мяне пра гэта пыталіся. Але зараз я зразумела, што паважаю, і хачу быць з імі: гэта працяг сямейнай справы, ганаруся сваёй сям’ёй. Мая сітуацыя цікавая тым, што маці перажывала тое ж, што і я: і яна была дачкой акцёра. Калі я была маленькай, маці распавядала мне пра свае пачуцці, я тады ведала, што буду перажываць тое ж самае, таму я не ў адзіноце.

— У вас ёсць досвед работы з незалежнымі аўтарамі і ў рэпертуарным тэатры. Якія тут адрозненні і ці спадабалася вам працаваць з Яўгенам Карнягам?

— Пра работу з Карнягам магу сказаць, што гэта быў неверагодны досвед! Добра стаўлюся да таго, што ён робіць, пазнаёмілася з ім яшчэ студэнткай — ён ставіў дыпломны спектакль нашага курса. Гэта вельмі таленавіты малады рэжысёр, якіх цяпер у Беларусі мала: ён дае акцёрам магчымасць развівацца і развіваецца сам, яго тэатр сапраўды аўтарскі, і працаваць з такой творчасцю — задавальненне.

Аўтарскі і рэпертуарны тэатры — абсалютна розныя полюсы. Гэтыя непадобныя напрамкі мне хацелася б сумяшчаць. Гэта розныя дзверы і ключы. Заўважаю, што праца ў аўтарскім праекце — гэта задавальненне і ўласнае развіццё.

— Вы не раз адзначалі, што акцёрская праца — гэта яшчэ і фізічнае напружанне. Як аднаўляеце сілы?

— Я б хацела, каб мне хтосьці даў адказ на гэтае пытанне! Так, акцёрская праца — гэта яшчэ і фізічны цяжар. Звычайна ў вольны час я люблю спаць, бо ўпэўненая: для мяне гэта лепшыя лекі. Іншых сакрэтаў няма, як і часу, нават у тэатр схадзіць не паспяваю. Для акцёра важна бачыць, як працуюць калегі. Гэта таксама можна ўключыць у праграму аднаўлення пасля працы. Раней я наведвала ўсе спектаклі без разбору, нават калі мне даказвалі, што нешта зроблена дрэнна: павінна была ўпэўніцца. Сорамна, што цяпер не маю на гэта часу, таму што для мяне гэта 50% навучання.

— Нягледзячы на малады ўзрост, у вас досыць роляў, таму можна спытаць: у які вобраз паглыбіцца было складаней за ўсё?

— Мне складана паглыбіцца ў любы вобраз! Я нават не ведаю, якое «паглыбленне» было самым складаным: напэўна, роля Ніны Зарэчнай у «Чайцы». Вялікая адказнасць іграць гераіню Чэхава, нават маральна складана. А наогул, «проста» ў мяне не бывае ніколі! Напэўна, таму што не хочацца «засесці» ў адным вобразе і ў адной сабе — хочацца развівацца, папрацаваць з вялікай колькасцю рэжысёраў, з рознымі формамі, чым я не магу пахваліцца. Часам разумею, што я бываю аднолькавай, і гэта вялікая праблема: мару знаходзіць штосьці новае ў сабе і здзіўляцца гэтым знаходкам.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Загаловак у газеце: Рознасць палюсоў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.