Вы тут

Ці хапае асвятлення сельскім жыхарам?


Якія праблемы, звязаныя з асвятленнем сельскіх населеных пунктаў, ёсць у вас?

Большасць жыхароў Мінска і буйных гарадоў нячаста задумваецца пра тое, што на вуліцы ў цёмны час можа не быць святла. Між тым у вёсках падобныя сітуацыі не рэдкасць — напрыклад, можа ўпасці дрэва і пашкодзіць правады... Ці хапае асвятлення сельскім жыхарам, як часта здараюцца непрадбачаныя сітуацыі — гэтыя пытанні мы задалі тым, хто павінен сачыць за выкананнем сацыяльных стандартаў.


Старшыня Асіповіцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр ПУЗІК:

— У адпаведнасці з рашэннямі сельскіх выканаўчых камітэтаў у нас арганізавана асвятленне вёсак, зацверджаны графік. Усюды стаяць прылады для ўключэння святла, якія можна адрэгуляваць. Але рэгуляванне ў асноўным адбываецца там, дзе ёсць нейкія аб'екты — фермы, клубы, сацыяльныя аб'екты, — тады святло гарыць да адзінаццаці гадзін вечара. Ёсць населеныя пункты, у якіх вытворчасці працуюць у двухзменным рэжыме. У такіх месцах святло гарыць да гадзіны ночы. Але ёсць аддаленыя вёскі, дзе большасць жыхароў — гэта пенсіянеры, таму святло можа адключацца і а дзясятай гадзіне вечара. Па вялікім рахунку, праблем няма, хоць збоі бываюць.

Калі даярка ідзе на работу а чацвёртай гадзіне, то пытанне з уключэннем святла вырашаецца праз сельскагаспадарчую арганізацыю, у якой яна працуе.

На мой погляд, нам трэба больш актыўна працаваць па энергазберажэнні. Так, энергазберагальныя лямпачкі дарагія, але набываць іх трэба, паколькі аддача ад гэтага ёсць. З меншымі выдаткамі можна атрымаць большы эфект.

Старшыня Блеўчыцкага сельвыканкама Капыльскага раёна Леанід ЧАРНІКОВІЧ:

— У нас асвятленне працуе па населеных пунктах толькі ў начны час, а днём, зразумела, не працуе.

Калі вулічнае асвятленне раптам адключылася, то ёсць старэйшына вёскі, да якога можна звярнуцца, ёсць людзі, якія наўпрост задаюць пытанні нам. Напрыклад, калі недзе перагарэла лямпачка і нам пра гэта паведамілі, робім заяўку на Капыльскія раённыя электрасеткі — і спецыялісты ліквідуюць непаладкі. Работы выконваюцца па графіку. Ці шмат зваротаў? Больш паступае зімой, летам менш. Звяртаюцца, калі не працуе ліхтар альбо неабходная замена лямпачкі — усё па схемах вулічнага асвятлення. Сур'ёзных праблем у нас няма — вуліцы ў вёсках не цёмныя, ліхтары ўсюды гараць. Калі падводзіць надвор'е і нешта здараецца з асвятленнем, то аператыўна вырашаем пытанні.

Галоўны інжынер Маладзечанскага СРЭС Дзмітрый КАЖУРА:

— У кастрычніку мы ўключылі вулічнае асвятленне згодна з зададзенымі параметрамі, якія сфарміраваны ў графіках. У нас усюды ўсталяваныя астранамічныя рэле часу, якія дазваляюць рэгуляваць гэты аспект. Мы працуем па заяўках сельвыканкамаў, у нас таксама ёсць графік работ па кожным населеным пункце. Скаргі? Вядома, бывае такое, што лямпачка перагарэла, таму яе трэба памяняць. Так што вырашаем бягучыя пытанні.

Акрамя замены лямпачак, часам нас просяць адрэгуляваць час уключэння і адключэння вулічнага асвятлення. Астранамічныя рэле часу працуюць аўтаматычна — па ўсходзе і заходзе сонца, а не так даўно паступіла заяўка, каб ліхтары ўключаліся не ў шэсць раніцы, а ў пяць. Яшчэ мы выконваем работы па ўстаноўцы дадатковых ліхтароў.

Старшыня Іванскага сельвыканкама Чашніцкага раёна Людміла МАРОЗАВА:

— Не, у нас з гэтым аспектам наогул няма праблем. Усюды ўстаноўлены спецыяльныя прылады, падганяем рэжым работы да разумных пажаданняў грамадзян. Напрыклад, у нас даяркі ідуць на фермы а палове пятай, таму ў такіх населеных пунктах святло ў гэты час ужо працуе. Асветлены ўсе грамадскія месцы — клубы, школы, дзіцячыя сады, калодзежы. Цямнее рана, таму для бяспечнага перамяшчэння святло патрэбна. Мы клапоцімся аб нашых грамадзянах.

Заяўкі адпраўляем у электрасеткі — і літаральна на працягу некалькі дзён усе пытанні ліквідуюцца. Якія праблемы змяшчаюцца ў заяўках? Замена лямпачак у асноўным. Мы ідзём насустрач нашым жыхарам, паколькі разумеем, што чалавек павінен бачыць, хто ходзіць каля дома. Праблемы з бюджэтам? Калі б было больш грашовых сродкаў, то было б яшчэ лепш.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: З улікам разумных пажаданняў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».