Вы тут

«Апошнія» зрабілі выклік горкай рэчаіснасці


Пастаноўка, якой не хапала рэпертуару коласаўскага тэатра.

Віцебск дачакаўся: на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа адбылася прэм'ера драмы «Апошнія» Максіма Горкага ў перакладзе Кузьмы Чорнага і пастаноўцы Міхася Краснабаева. Неўміручая класіка ўжо сёння гучыць як выбух супярэчлівай рэчаіснасці, яе можна разбіраць на цытаты і падаваць як павучальны прыклад, успрымаць як перасцярогу ці прадказанне на будучыню. Менавіта такой пастаноўкі не хапала ў рэпертуары коласаўцаў, і яны яе рэалізавалі з поспехам.


Міхась Краснабаеў, вядомы віцебскаму гледачу як пастаноўшчык спектакляў «Доктар філасофіі», «Шукаем тэнара!», «Жарты», увасабленнем на коласаўскай сцэне спадчыны Уладзіміра Караткевіча, тры месяцы таму быў прызначаны на пасаду мастацкага кіраўніка тэатра. Для сваёй першай пастаноўкі на гэтай пасадзе ён звярнуўся да драмы, напісанай «буравеснікам рэвалюцыі» ў 1908 годзе. «Прыгледзецца да гэтай п'есы мне параіла Святлана Акружная (народная артыстка Беларусі. — Аўт.), — кажа рэжысёр. — Тут ёсць дзе выказацца артысту, кожны персанаж выпісаны грунтоўна. Мы вырашылі трымацца сістэмы Станіслаўскага, аднавіць псіхалагічны тэатр на нашай сцэне, разабраць кожны эпізод на часткі, а потым усё сабраць у адно.

Горкі імкнуўся расказаць гісторыю адной сям'і, але ён не мог расказаць пра крызіс у адносінах паміж асобамі, не насыціўшы твор фонам рэвалюцыйнага грамадскага жыцця. Коласаўцы па-сучаснаму перачыталі змагара за душы чалавечыя і ўвасобілі «Апошніх» як спектакль пра сумленне чалавека, пра жорсткасць выбару ва ўмовах цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Адметна, што прэм'ерны паказ адбыўся ў дзень нараджэння тэатра — 21 лістапада, калі Нацыянальнаму драматычнаму споўніўся дзевяноста адзін год. Першая пастаноўка Міхася Краснабаева як мастацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага нагадала, што тэатр стаіць на фундаменце вечных каштоўнасцяў і прынцыпова прытрымліваецца традыцый тэатральнага мастацтва. Спектакль, здаецца, «асуджаны» на поспех, бо глядач стаміўся ад сучасных трэндаў «пераабліцоўкі» вядомых класічных твораў.

Краснабаеў слушна зрабіў стаўку на «Апошнія», класіку высокай пробы. Разам з акцёрамі ён паспрабаваў прачытаць п'есу так, як бы яе прачытаў сам аўтар. Коласаўцы ашчадна аднесліся да кожнага маналога, напісанага класікам. Яны захавалі дух, атмасферу твора.

Чаму вучаць «Апошнія», і ці вучаць наогул? Сямейная драма — вельмі рэалістычная для любога часу. Бацькі і дзеці — даволі знаёмае супрацьстаянне. Любоў, здрада, адказнасць, распуста, дабро і зло — усё перамяшана, усё мае месца ў сям'і — маленькай дзяржаве Івана Каламійцава (ролю выконвае Георгій Лойка). Драматург Горкі, а следам і рэжысёр Краснабаеў, выразна выпісваюць вобразы кожнага з пяцярых дзяцей Каламійцавых. Ганарлівыя і здольныя на падман і хабар Аляксандр (Уладзіслаў Жураўлёў) і Надзея (Вікторыя Шамардзіна), добрая, але пакутлівая з-за фізічнага недахопу Люба (Святлана Сухадолава), юныя праўдалюбы і шукальнікі справядлівасці Пётр (Раман Салаўёў) і Вера (Настасся Рэўчанка). Малодшае пакаленне задае пытанне бацьку, ці добрасумленны ён чалавек? Чаму памылкі дарослых адбіваюцца на лёсах дзяцей?

Спектакль праходзіць дынамічна і захоўвае інтрыгу да апошняй сцэны. Глядач з задавальненнем сочыць за цікавай ігрой маладых акцёраў. Яўген Лук'янаў нечакана паўстаў у вобразе Якава, сталага ўзросту хворага брата Івана Каламійцава, і пераканаўча справіўся з даручанай роллю. Якаў — цэльная натура, адзіны з сям'і, хто змог за жыццё сабраць нейкі грашовы капітал. Але яму няма куды яго ўкладаць, дні Якава палічаныя, ён смяротна хворы. Затое і брат, і яго дзеці не саромеюцца бясконца пазычаць у дзядзькі і, вядома ж, робяць гэта незваротна. Соф'я, жонка Івана і маці пяцярых дзяцей у пачатку спектакля заўважае: іх (мае на ўвазе сваё атачэнне) нічога не хвалюе, акрамя грошай. Як тут не правесці паралелі з сёняшнім днём?

Соф'я (Алена Шарэпчанка) — цэнтральная роля ў спектаклі. Яна паўстае як галоўны стрыжань, на якім трымаецца, як бы гэта архаічна ні гучала, сумленне і ганьба дамачадцаў. Роля Соф'і, безумоўна, адна з найскладанейшых і прыцягальных адначасова. Мы бачым яе не проста як заложніцу драматычных абставін, а як чалавека, які павінен на сябе ўзяць усю адказнасць за грахі і правіны дзяцей, мужа, уласныя. Таму кульмінацыя драмы — апошнія словы гераіні, словы прабачэння, якія яна скіроўвае да сваіх дзяцей...

Пастаноўка, сапраўды, у многім павучальная і пазнавальная для сучаснікаў. Яна дазваляе чалавеку паразважаць на тэму маральных каштоўнасцяў у жыцці і лёсе, праецыруе сітуацыю паводзінаў, калі чалавек спыняецца перад асабістым выбарам — зрабіць высакародны ўчынак, ісці супраць абставін ці ім паддацца.

Па сярэдзіне сцэны ад пачатку і да канца падтрымліваецца вогнішча ў каміне. Гэты сцэнічны вобраз мастака-пастаноўшчыка Святланы Макаранкі ўвасабляе памкненне аб'яднаць сям'ю, якая разбураецца на вачах гледача. Але...

У апошняй сцэне гучаць тыя самыя словы, якія маюць жыватворчую моц і пацвярджаюць бездакорнасць класічнай драматургіі, якія ўмеюць патрапіць у самае сэрца. Сапраўды, на сцэне тэатра імя Якуба Коласа з'явілася не проста новая сямейная драма, а сучасная драма сацыяльнага гучання. Яна зрабіла жорсткі выклік рэчаіснасці.

Святлана ДЗЯДЗІНКІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».