Вы тут

Для развіцця аграэкатурызму Белаграпрамбанк стварае інтэрнэт-рэсурс


Для сістэмнага развіцця аграэкатурызму Белаграпрамбанк прыступіў да стварэння інфармацыйнага інтэрнэт-рэсурсу, які адпавядае найноўшым тэндэнцыям. Ён будзе выступаць не толькі ў ролі візітнай карткі банка і сельскага турызму, але і стане пляцоўкай для дэманстрацыі паслуг яркіх і значных турыстычных месцаў краіны, паведаміў намеснік старшыні праўлення Белаграпрамбанка Валерый Архіпчук.


— Паколькі аграэкатурызм — гэта шматкампанентная дзейнасць, падыходзіць да яго трэба комплексна, — лічыць Валерый Архіпчук. — Мы ведаем мноства паспяховых праектаў у гэтай сферы. Але важна разумець, што, толькі аб'яднаўшыся, суб'екты турызму змогуць атрымаць большы эканамічны эфект. Запуск новай інтэрнэт-пляцоўкі дазволіць гэта зрабіць, бо аб'яднае партнёраў, кліентаў, уладальнікаў аграэкасядзіб для рэалізацыі агульных мэт. Акрамя таго, новая пляцоўка дазволіць прыцягнуць яшчэ большую ўвагу да гэтага бізнесу з боку інвестараў.

Сёння Белаграпрамбанк плануе арганізаваць у ключавых эканамічных пунктах краіны спецыялізаваныя цэнтры развіцця для суб'ектаў аграэкатурызму — пляцоўкі для абмену вопытам сярод прадпрымальнікаў, дзе будуць таксама праводзіцца кансультацыі па пытаннях вядзення бізнесу. На цяперашні момант запланавана стварыць не менш як трыццаць такіх пунктаў.

У Белаграпрамбанку ўпэўненыя, што рэгіёны даюць выдатную магчымасць для пошуку добрых інвестпраектаў, здольных прынесці дзяржаве нядрэнны даход.

Намеснік дырэктара дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Віталь Грыцэвіч таксама адзначыў, што сёння аграэкатурызм — адзін з самых перспектыўных напрамкаў прадпрымальніцтва ў Беларусі.

— Прыемна, што па выніках мінулага года па версіі часопіса Nаtіоnаl Gеоgrарhіс Беларусь абагнала такіх лідараў турыстычнага рынку, як Францыя, Італія, заняўшы сярод турыстычна прывабных краін першае месца, — адзначыў Віталь Грыцэвіч. — Сёння і органы ўлады, і фінансавыя інстытуты сумесна працуюць над тым, каб аграэкатурызм развіваўся не толькі з пункту гледжання колькасных паказчыкаў, але перш за ўсё — у якасці паслуг.

У апошні час аграэкатурызм набыў сваю ярка акрэсленую спецыялізацыю. Ёсць аграсядзібы, якія спецыялізуюцца на забавах, на нацыянальных кулінарных традыцыях, ёсць тыя, якія звязаны са здаровым ладам жыцця і спортам, ёсць сядзібы, якія захоўваюць фальклорныя традыцыі Беларусі. Менавіта гэта дае падставу казаць, што сучасных турыстаў цікавяць самыя розныя напрамкі адпачынку. Цеснае ўзаемадзеянне аграэкасядзіб з тураператарамі, на думку Віталя Грыцэвіча, будзе спрыяць яшчэ большаму прыцягненню замежных турыстаў у краіну.

Станоўчую дынаміку росту аграэкатурызму падкрэсліў намеснік дырэктара дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Дзмітрый Красоўскі. Адказваючы на пытанні журналістаў, ён канстатаваў, што за дзесяць гадоў свайго існавання колькасць суб'ектаў аграэкатурызму вырасла з 83 да больш чым 2000.

У тэму

За час рэалізацыі праграмы па падтрымцы аграэкатурызму ў краіне Белаграпрамбанк прафінансаваў каля 700 аграсядзіб, аказана крэдытная дапамога ў памеры 6,37 млн рублёў. Менавіта гэтыя сядзібы сёння дэманструюць найлепшы вынік дзейнасці, тут створаны найбольш спрыяльныя ўмовы развіцця, перш за ўсё ўязнога турызму.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Паказаць краіну і атрымаць прыбытак

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.