Вы тут

Пальчатка супраць інсульту, а бранзалет — для выкліку дапамогі


Як пасля інсульту навучыцца пісаць і трымаць лыжку ў руцэ? Хто выкліча хуткую дапамогу адзінокаму пенсіянеру, які дома страціў прытомнасць? Простае рашэнне гэтым праблемам прыдумаў 19-гадовы гамяльчанін Максім КІР'ЯНАЎ.


Хлопец вучыцца на чацвёртым курсе Гомельскага дзяржаўнага машынабудаўнічага каледжа. Спецыяльнасць — «праграмнае забеспячэнне».

— Мяне з маленства цягнула да электронікі і праграмавання, — дзеліцца юнак. — Хоць да фізікі і матэматыкі быў абыякавы. У дзяцінстве любіў разабраць пару цацак і сабраць што-небудзь сваё. Потым зацікавіўся робатамі, мікрапрацэсарамі.

Самая першая сур'ёзная распрацоўка Максіма — робат для даследавання навакольнага асяроддзя. Ён кіраваўся цалкам праз інтэрнэт і атрымліваў даныя аб атмасферным ціску, вільготнасці, хуткасці ветру, тэмпературы.

Мама Максіма хацела, каб сын стаў урачом. Але хлопец прызнаецца: яму, як чалавеку, які баіцца выгляду крыві, да медыцыны лепш не набліжацца. Праўда, апошнія распрацоўкі юнака звязаны менавіта з тэмай здароўя.

Адна з іх — пальчатка-трэнажор для рэабілітацыі пасля інсульту. Яна дапамагае аднавіць пашкоджаныя нервовыя канчаткі. Чалавек у пальчатцы сціскае кісць, сігналы ад яе ідуць у мозг і з часам знаходзяць сабе новыя клеткі для сувязі. Адпаведна, пацыент можа нанова навучыцца кіраваць сваёй рукой.

— Трэнажор складаецца са звычайнай будаўнічай гумавай пальчаткі, мікрапрацэсара, сервапрывадаў, набору датчыкаў і сістэмы забеспячэння. На распрацоўку прататыпаў пайшло два тыдні з бяссоннымі начамі і паяльнікам «у зубах». Было зроблена, напэўна, макетаў 15 рознай формы і з розных матэрыялаў, — успамінае Максім.

Ён дадае, што распрацоўка вельмі актуальная: каля 70 працэнтаў людзей пасля інсульту губляюць адчувальнасць менавіта рук. Які эфект дасць трэнажор, залежыць ад стану канкрэтнага пацыента. Хутка пачнуцца выпрабаванні пальчаткі ў Гомельскім абласным клінічным шпіталі інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны. У трэнажора, дарэчы, ёсць замежныя аналагі. Толькі яны каштуюць каля 50 тысяч еўра, а варыянт Максіма — 50 беларускіх рублёў.

З гэтым праектам юнак заняў першае месца на конкурсах «100 ідэй для Беларусі — 2016» (у намінацыі «Медыцына, фармацыя, медыцынская тэхніка») і Belarus Scіence and Engіneerіng Faіr — 2017 (у катэгорыі «Праектаванне і робататэхніка»). Пальчатка была таксама прадстаўлена на ІV Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі і на ХІХ Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў у Сочы. Сёлета хлопец разлічвае перамагчы з ёй у Рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў.

Яшчэ адна цікавая распрацоўка юнага гамяльчаніна называецца «Help me». Гэта аўтаномная прылада для аўтаматычнага ці ручнога выкліку экстранных службаў і апавяшчэння родных. Адмысловы бранзалет адсочвае жыццёвыя паказчыкі чалавека і пры націску на кнопку ці рэзкіх змяненнях параметраў выклікае дапамогу. Пры гэтым сістэма адпраўляе ўрачам ці сваякам каардынаты вашага месцазнаходжання, дыягназ і жыццёвыя паказчыкі — пульс, ціск і іншыя. Каб сабраць прыладу, Максіму спатрэбілася некалькі тыдняў.

— «Help me» карысны для пажылых людзей. Мая 90-гадовая прабабуля, якая жыве адна, аднойчы ўпала ў калідоры і шэсць гадзін ляжала. Пенсіянеры за мяжой для выкліку хуткай дапамогі носяць спецыяльныя прылады на шыі. Але яны працуюць праз мабільныя тэлефоны, а тыя, самі ведаеце, часта разраджаюцца. Распрацоўкі, падобнай да майго праекта, я не бачыў, — кажа Максім.

Хлопец усяму вучыўся сам, метадам спроб і памылак. «Ідэі нараджаюцца спантанна, — прызнаецца. — Саджуся за стол, дастаю паяльнік і спрабую злучыць кучу кампанентаў. Кожны раз упэўнены: ды не ўключыцца яно! Але ж атрымліваецца».

Цікавімся: як маладому навукоўцу можна заявіць пра свой праект? «Удзельнічайце ў «100 ідэях для Беларусі», — раіць юнак. — Гэта адзін з самых буйных конкурсаў, магчымасць расказаць пра сябе і знайсці інвестараў».

Як складзецца яго ўласная будучыня, Максім не загадвае. Пакуль распрацоўка электронных прылад — любімая справа, таму будзе і далей эксперыментаваць.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».