Вы тут

Малады парашутыст расказаў, якія нечаканасці рыхтуе першы вольны палёт


На скачок з парашутам адважваюцца адзінкі. І тое, як правіла, пасля доўгіх роздумаў. А прафесіяналы толькі за дзень могуць дзесяць разоў апынуцца «пад крылом». Малады парашутыст Антон Кузьменка расказаў, як становяцца «ўладарамі неба» і якія нечаканасці рыхтуе першы вольны палёт.


Антону ўсяго дваццаць пяць, а за яго спінай ужо каля трох тысяч скачкоў. Акрамя таго, ён уладальнік тытула абсалютнага чэмпіёна Еўропы сярод юніёраў па класічным парашутызме і Кубка свету ў дваяборстве.

— Мая «парашутная гісторыя» пачалася дзесяць гадоў таму са звычайнага жадання адчуць, як гэта — апынуцца ў небе. Думаў, скокну адзін раз, атрымаю сваю дозу адрэналіну — і на гэтым усё, — прыгадвае хлопец.

Аднак ажыццявіць задуманае аказалася не так і проста. Можна было зрабіць гэта за грошы, а можна было запісацца на спецыяльныя бясплатныя заняткі па парашутызме для моладзі ў ДТСААФ.

— Вядома, я выбраў другі варыянт. Грошай у мяне не было, затое вольнага часу хапала. Прайшоў падрыхтоўку і пасля трох скачкоў зразумеў: вось і пачалося маё сапраўднае жыццё! Дагэтуль было зусім «не тое».

Камусьці можа падацца, што ісці ў парашутысты ў пятнаццаць гадоў занадта рана, але насамрэч якраз наадварот. Маладым лягчэй адважыцца на экстрым.

— Толькі не трэба думаць, што ўсе страхі знікнуць пасля першага скачка, — папярэджвае Антон. — Хвалюешся і першы раз, і другі, і нават трыццаты раз! Таму што не ведаеш, што цябе чакае ў паветры. Эмоцыі яркія, словамі перадаць немагчыма! Увогуле, першыя некалькі сезонаў ты спрабуеш прызвычаіцца да неба, зразумець яго «філасофію». Затое пасля адчуваеш сябе ў паветры, як птушка.

Цікава, што хлопец зусім не планаваў звязваць сваё жыццё з небам.

— У дзяцінстве займаўся авіямадэляваннем, але гэта іншае. У сям'і я адзіны рамантык, якому захацелася ў вышыню. У бацькоў дык увогуле быў шок, калі яны даведаліся пра мой першы скачок. А маці і цяпер дужа перажывае, калі я на спаборніцтвах.

Па словах Антона, парашутызм не такі ўжо і небяспечны від спорту. Тут галоўнае добра валодаць тэхнікай і ніколі не панікаваць. А на выпадак адмовы асноўнага парашута заўсёды ёсць запасны.

Для таго каб дасягнуць першых сур'ёзных вынікаў, Антону спатрэбілася шэсць гадоў. За гэты час ён паспеў скончыць школу і каледж сувязі, але па спецыяльнасці працаваць не стаў. Куды там! Неба чакае!

— Не буду ўтойваць: часам прагульваў урокі і бег у аэраклуб, — кажа хлопец. — Затое сёння парашутызм — гэта мой асноўны занятак. Я служу ў войску і выступаю за каманду сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл па парашутным спорце, якая складае аснову нацыянальнай зборнай. Калі толькі пачынаў, марыў, што аднойчы апынуся ў гэтым калектыве і буду выступаць разам з самымі лепшымі парашутыстамі не толькі Беларусі, але і свету. Так і атрымалася.

Здаецца, жыццё Антона падобнае на казку: і праца цікавая, і мары збыліся. Тым не менш па-рамантычнаму прыгожа скачкі з парашутам выглядаюць толькі на відэа, у рэальным жа жыцці ўсё адбываецца крыху інакш. Пастаянныя шум і вецер — неад'емныя спадарожнікі ледзь не кожнага дня спартсмена. Пры гэтым дадайце мудрагелістую і цяжкую экіпіроўку (адзін толькі парашут важыць ад васьмі да трынаццаці кілаграмаў). А за сезон парашутысты ўздымаюцца ў неба каля трохсот разоў.

Як і ў любым іншым прафесійным спорце, тут трэніруюцца да сёмага поту. Нягледзячы на тое, што сезон скачкоў доўжыцца з вясны да восені, зімой парашутысты не адпачываюць — працуюць над сваёй фізічнай формай і адточваюць тэхніку. Літаральна кожны «нябесны крок» даводзіцца да аўтаматызму менавіта на зямлі.

— Зараз я ўжо не ўяўляю сябе без парашута і бясконцых трэніровак. Мэта ў мяне цяпер адна — стаць абсалютным чэмпіёнам свету, — дзеліцца планамі Антон. — Калі б давялося мяняць сферу дзейнасці, усё адно пайшоў бы ў спорт. Стаў бы біятланістам ці хакеістам. Увогуле, маё жыццё па-за аэрадромам такое ж насычае, як і на ім. Люблю катацца літаральна на ўсім: снаўборд, матацыкл, лыжы, горны веласіпед, ролікі і канькі. Таму добрую частку гаража і кватэры займае мой спартыўны інвентар. Не магу нічога з сабой зрабіць — залежу ад вострых адчуванняў, а скачкі з парашутам мне ўжо іх не даюць. Напэўна, перанасыціўся... Калі ў будучыні мае дзеці таксама захочуць стаць парашутыстамі, пярэчыць не стану. Буду толькі рады дапамагчы!

Ганна КУРАК

Загаловак у газеце: Калі ў паветры — як птушка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.