Вы тут

Голая праўда


Ну, як настрой перад святамі, спадарства? Вось як па мне, дык, скажу шчыра, неяк пакуль не вельмі... Не хапіла сёлета нечага. І цяпер не хапае. («Злуе, калі ўжо астылі рэкі і зямля астыла, а тры белыя кані ні ў якую такую далеч цябе не ўносяць».) Усе ж памятаюць, якія сюрпрызы нам надвор'е падносіла? Адзін майскі снег чаго варты! Далей — таксама не лепш было. Ну, перажылі мы тое лета, увесь час жартуючы пра пухавікі, думалі, хоць увосень крыху лягчэй стане. Ага, зараз! («— Я хачу пачуць тры самыя галоўныя словы. — Нам далі ацяпленне».) Нарэшце, усё ж дачакаліся і цёплых батарэй. А настрой істотна ўсё роўна не палепшыўся! («— Доктар, я пастаянна хачу пад коўдру і гарачую гарбату. — У вас лістапад».) Я думаю, нам усім сёлета істотна не хапіла сонца, таго самага цяпла, а цяпер не хапае сухога марознага паветра, бялюткага снегу. Вось у чым уся справа. І гэта — голая праўда. («Для тых, хто планаваў пачаць новае жыццё з панядзелка або з Новага года, паведамляем: 1 студзеня 2018 года — панядзелак».)


Але досыць нудзіць, паспрабуем быць аптымістамі! («Добра зімой. Упаў — і адразу прыклаў лёд да выцятага месца».) А дапаможа нам у гэтым вышэйназваны новы трэнд — тая самая голая праўда. («— Чаму ты не хочаш быць са мной, Алена? — Ты павінен спачатку заваяваць мяне. — А мірным шляхам з табой ніяк?») Гэта я пра тое, як апошнім часам стала модным распранацца, здымацца і размяшчаць усё ў сеціве. Ну як без апошняга? («Сёння мала зрабіць глупства, трэба яшчэ яго выкласці ў інтэрнэт».) Праўда, самі ўдзельнікі лічаць, што такім чынам змагаюцца супраць нечага, аднаўляюць справядлівасць. Ну, голая «гарачая» праўда ў кожнага свая...

Жанчына-фатограф з Канады стала аўтарам эратычнай фотасесіі, у якой пагадзіліся зняцца 30 жанчын. Яна вырашыла такім чынам выказаць свой пратэст супраць палітыкі адной сацыяльнай сеткі блакаваць акаўнты карыстальнікаў на пэўны час за размяшчэнне голага кантэнту. Такім чынам сама фатограф набыла папулярнасць дзякуючы здымкам, на якіх мадэлі пазіруюць цалкам без адзення. Дык выходзіць, так яна проста абараняла свой занятак? («Насварылася на сваіх тараканаў, рассадзіла ў галаве па палічках, забараніла мяняцца месцамі. Прыціхлі, не турбуюць, шэптам абмяркоўваць, якая я дрэнная».)

Зноў жа гісторыя ў тэму. Чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка і шматразовая чэмпіёнка свету і Еўропы па плаванні з'явілася цалкам аголенай у галандскім тэлевізійным рэаліці-шоу «Адам шукае Еву». Быццам бы 43-гадовая спартсменка, якая ўжо даўно скончыла кар'еру, вырашыла такім чынам знайсці сабе другую палавінку. («Дзяўчаты! Хто не знайшоў сёлета свайго пеўня, не засмучайцеся — адшукаеце сужэнца ў год сабакі».) Усе ўдзельнікі праекта хадзілі на трапічным востраве без адзення, што абсалютна не засмуціла чэмпіёнку. Маўляў, яна ўжо паспела пасля заканчэння спартыўнай кар'еры папрацаваць мадэллю брэнда жаночай бялізны. Дык я паўтараю: можа быць, справа была не ў пошуках сужэнца? («Настрой: прыгожа ўвайсці ў чыёсьці грэшнае жыццё».)

А адна англійская кампанія з 2009 года здымае голых брытанскіх знакамітасцяў з марскімі жыхарамі, каб прыцягнуць увагу да празмернага вылаву рыбы ў водах, якія належаць краіне. 2017-ы не стаў выключэннем — медыйныя асобы пазіравалі аголенымі, прыкрываючы інтымныя месцы рознымі рыбінамі. «Зоркі» імкнуліся захаваць вугроў ад вымірання і заклікалі спыніць практыку іх вылаву ў ЕС. Ну, зноў жа — трэба дык трэба. Хаця, папраўдзе, марскія гады на целах у некаторых выпадках — тое яшчэ відовішча... І ўвогуле, хто-небудзь выявіў узаемасувязь паміж фатаграфіямі голых медыйных асоб і ростам папуляцыі, напрыклад, селядца? Як гаварыў у фільме «Чырвоная спёка» герой Арнольда Шварцэнэгера: «Якія вашы доказы?»

Нямецкая жанчына-фатограф пайшла яшчэ далей. Яна паказвае, як людзі робяць будзённыя справы без адзення. («Аб'ява ў адэскай газеце: «Мадам ва ўзросце шукае працу. Секс і шыццё не прапаноўваць. Шыццё катэгарычна».) Яна запрашае сваіх мадэляў займацца звыклымі рэчамі і робіць некалькі здымкаў. А затым просіць іх распрануцца і паўтарыць свае дзеянні. Аўтарка праекта кажа, што яе работы паказваюць голае цела як наш натуральны стан, без сексуальнага падтэксту. Нават не ведаю, што сказаць... («У адэскім ліфце надпіс: «Усе бабы — дурніцы!». Ніжэй іншым почыркам: «Не ўсе!». Яшчэ ніжэй: «Дамы, не сварыцеся!».) Можа, фатограф недзе і мае рацыю, але і мы не ў Афрыцы круглы год жывём. Зрэшты, я б нават там не пайшоў, напрыклад, секчы дровы без штаноў...

Прычыніліся да трэнду і нашы суайчыннікі. Магілёўская дзяўчына-фатограф зрабіла праект — аголеныя дзяўчаты ляжаць на пяньках нядаўна ссечаных дрэў і водзяць карагоды ў лесе. Работа была скіравана супраць высечкі насаджэнняў у любімым для многіх гараджан лесапарку. Дрэў, вядома, ужо не вернеш... Але здымкі атрымаліся вельмі прыгожыя. Пісалі, што мадэляў для праекта доўга шукалі, можа, таму так усё ў выніку і супала? Славянская прыгажосць, эратызм і ў той жа час нейкая цнатлівасць... Але галоўнае — гэта словы аўтаркі праекта. Яна сказала, што голае цела — гэта голая душа, чысціня, частка прыроды. Можа, гэта і ёсць самая галоўная голая праўда?

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Фо­та Ган­ны ЗА­НКА­ВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».