Вы тут

Камп'ютарная гульня дапаможа ў рэабілітацыі


А печыва з морквы выратуе бяздомных жывёл.

Чалавек з інваліднасцю зможа праходзіць рэабілітацыю, проста надзеўшы акуляры віртуальнай рэальнасці, з выкінутых пластыкавых бутэлек будуць вырабляць лаўкі для паркаў, а зняволеныя і іх сваякі змогуць перапісвацца праз інтэрнэт. Не, гэта не навіны з Амерыкі — усе гэтыя ідэі ў хуткім часе будуць рэалізаваны ў нашай краіне. Расказваем пра самыя цікавыя сацыяльныя праекты, якія былі прадстаўлены ў фінале конкурсу Socіal Weekend.


Здароўе ў кубе

Гран-пры атрымаў праект VR Health — ён дапамагае ў рэабілітацыі пацыентаў з расстройствамі функцыі раўнавагі. Вучыцца нанова кіраваць сваім целам чалавек з ДЦП ці пасля інсульту будзе, знаходзячыся ў віртуальнай рэальнасці.

Такую рэабілітацыю можна праходзіць як у паліклініцы, так і дома. Усё абсталяванне, якое спатрэбіцца, — гэта камп'ютар, акуляры віртуальнай рэальнасці і спецыяльная праграма. Што адметна, практыкаванні па рэабілітацыі будуць выконвацца ў выглядзе гульняў: пацыент водзіць па візуальным экране нейкага персанажа і, калі спраўляецца з прапанавым заданнем, пераходзіць на наступны ўзровень. Так чалавек не будзе ўспрымаць практыкаванні як сур'ёзную медыцынскую працэдуру і зможа на час забыць пра сваю праблему.

Беларуская распрацоўка — даступны варыянт для ўстаноў аховы здароўя. Па ацэнках, яе цана складзе прыкладна паўтары тысячы долараў (а тое замежнае абсталяванне для рэабілітацыі, якое цяпер стаіць у нашых стацыянарах, каштуе ад 15 да 200 тысяч еўра).

У распрацоўцы ўдзельнічалі праграмісты і ўрачы з РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі. Калі ўстройства пройдзе выпрабаванні і інструкцыя аб яго выкарыстанні будзе зацверджана ў Міністэрстве аховы здароўя, яго змогуць устанаўліваць у медцэнтрах і здаваць у арэнду.

Іншы праект пра здароўе — cardіo.today — расказвае пра раннюю прафілактыку сардэчна-сасудзістых захворванняў. Па статыстыцы, 15—16 тысяч беларусаў у год трапляюць у стацыянар з інфарктам міякарда. Каманда праекта збіраецца запусціць серыю брашур «Бібліятэка сардэчніка», каб расказваць, як вярнуцца да нармальнага жыцця людзям пасля інфаркту, а лепш — папярэдзіць яго. І створыць мабільны пункт «Здароўе ў кубе», дзе можна будзе ўзважыцца, памераць ціск, здаць аналіз крыві (спачатку такі бокс будзе «калясіць» па ІТ-кампаніях).

«Вестачка» родным

Інтэрнэт-сэрвіс «Вестачка», які дапаможа аператыўна дастаўляць лісты і пасылкі ў папраўчыя ўстановы, прыдумалі два праграмісты. Сваякі зняволеных змогуць адпраўляць пісьмы анлайн: тэкст будзе аўтаматычна праходзіць папярэднюю цэнзуру на забароненыя словы і маўленчыя звароты, потым раздрукоўвацца непасрэдна ў самой калоніі ці турме і перадавацца адрасату. Так аптымізуецца працэс і скарачаецца работа цэнзара. Сэрвіс таксама дасць магчымасць фарміраваць пасылкі з таго асартыменту, што ёсць у краме пры папраўчай установе. Адпраўнік выбірае тавары, аплачвае іх, і заяўка паступае ў магазін. Сваякам не прыйдзецца кожны раз ехаць за сотню кіламетраў, каб перадаць пасылку з прадуктамі.

Па словах стваральнікаў праекта, цэны будуць параўнальныя з тымі, якія ўстаноўлены на паштовыя паслугі. За дадатковую плату можна будзе пераслаць фота ці атрымаць пісьмо ў адказ (у гэтым выпадку ліст, састаўлены зняволеным ад рукі, адскануюць і адправяць вам на электронную скрыню).

У Расіі і ЗША, дарэчы, падобныя праекты ўжо існуюць. Плюс анлайн-сэрвісаў у тым, што сваякі і зняволеныя могуць больш кантактаваць, што спрыяе сацыялізацыі апошніх. Цяпер вядуцца перамовы з Дэпартаментам выканання пакаранняў МУС. Там ідэю ўспрынялі пазітыўна і гатовы пратэставаць на адной з папраўчых устаноў. Чакаецца, што сайт запусціцца праз два месяцы.

Бой пластыку

Штогод у Беларусі ўтвараецца больш за тры мільёны тон бытавога смецця. І, па звестках Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, з кожным годам гэты аб'ём узрастае на 20 працэнтаў. Смеццеперапрацоўчыя прадпрыемствы спраўляюцца толькі з 339 тысячамі тон адходаў у год. Астатнія 2,6 мільёна тон проста хаваюць на спецыяльных палігонах. 90 працэнтаў пакетаў і бутэлек па-ранейшаму аказваюцца на звалцы і не прымяняюцца для паўторнага карыстання.

Што рабіць? Аўтары праекта «Zaduma» хочуць устанавіць машыны, якія будуць перапрацоўваць непатрэбны пластык, сабраны ў насельніцтва, у розныя вырабы.

Механізм просты. Спачатку пластык драбніцца ў спецыяльным апараце — шрэдары. А потым гэта маса з дапамогай, напрыклад, 3D-прынтара пераўтвараецца ў новыя аб'екты. Можна выпускаць самыя розныя рэчы — ад мыльніц да лавачак для гарадскіх паркаў.

Простае і пры гэтым кардынальнае рашэнне праблемы «засілля» поліэтыленавых пакетаў прапануюць стваральніцы адукацыйна-рукадзельнага праекта «Торба Шоу». Замест таго каб кожны раз браць пакет на касе, насіце з сабой тканінную эка-сумку. Па-першае, гэта стыльны аксесуар, які не будзе псаваць ваш вобраз. А па-другое, адна торба праслужыць вам мінімум два гады і заменіць — толькі ўявіце! — 400 пакетаў.

«Торба Шоу» ладзіць бясплатныя майстар-класы, на якіх вучаць шыць эка-сумкі і жыць у эка-стылі. За мінулы год дзяўчаты правялі 12 сустрэч, на якіх стварылі каля 150 торбаў. Цяпер яны збіраюцца наладзіць іх вытворчасць і далейшы продаж у сталічных гіпермаркетах. У кожнай сумцы будзе адмысловы ўкладыш з інфармацыяй пра экалогію. Каб высветліць, колькі мінчане гатовы заплаціць за эка-аксесуар, дзяўчаты праводзілі апытанне. Цана торбы не перавысіць 10 рублёў.

— У 40 краінах свету поліэтыленавыя пакеты ўжо забаронены. Мы хочам, каб і ў нас гэта праблема стала вартай увагі, — кажуць аўтары праекта Аляксандра Кульбіцкая і Кацярына Арчакова.

Сацыяльная пякарня

Карысныя дэсерты для сабак збіраецца выпускаць каманда праекта з вясёлай назвай «Мопс-Шмопс». У печыве і кексах для гадаванцаў не будзе цукру, солі і кансервантаў. Замест пшанічнай мукі — грэцкая, жытняя, рысавая. А саладосці дэсертам дабавяць морква і парашок ражковага дрэва. У асартыменце будзе і печыва з мясам, а пазней, магчыма, нават тарты.

Але самае цікавае не гэта. Праект будзе вырашаць адразу некалькі сацыяльных задач. У пякарні створаць працоўныя месцы для людзей з інваліднасцю і дадуць ім магчымасць зарабляць на жыццё. А частка выручкі будзе накіроўвацца зоаабарончым арганізацыям, якія ратуюць бяздомных жывёл.


Дарэчы

Ужо пачаўся прыём заявак на наступны конкурс Socіal Weekend. Падаць ідэю можна да канца лютага 2018 года. Калі вы ведаеце, як змяніць жыццё ў роднай вёсцы, горадзе ці цэлай краіне да лепшага, гэта выдатны шанц паспрабаваць рэалізаваць сваю задуму.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.